Исторические сведения - ГУК
Исторические сведения

   Гістарычнае мінулае вескі Чарнаўчыцы Брэсцкага раёна даволі цікавае. Існуе некалькі легенд пра паходжанне назвы аграгарадка. Адна з іх распавядае, што яно, нібыта, пайшло ад чалавека з прозвішчам “Чарнаўчыц”, які ў далёкія часы пасяліўся ў гэтых месцах. Сародзічаў пасяленца ў хуткім часе сталі называць “Чарнаўчыцамі”, а потым прозвішча перайшло ў назву населенага пункту. Другая легенда апіраецца на наяўнасць тут чорнай зямлі, адсюль, і – Чарнаўчыцы. Трэцяя – ад слова “чэрнь”, “чэрнякі”, якое азначае зараслі ліставых дрэў – альхі, івы. На карысць гэтай версіі можа выступаць той факт, што Чарнаўчыцы, у рэчаіснасці, былі акружаны такімі лясамі, і ў цяперашні час у акрузе захаваліся невялікія альховыя гаі.
   Безумоўна, усе гэтыя версіі маюць недахопы і наўрадці могуць прэтэндаваць на поўную дакладнасць. Аднак іншых, больш пераканаўчых, знайсці, на жаль, не атрымалася.
Чарнаўчыцы ведалі розныя часы і перыяды ў сваёй гісторыі. Першыя ўспаміны пра іх адносяцца да XV стагоддзя, калі першым яе ўладальнікам быў пан Нявера Ваўчкевіч, які абмяняўся сваімі вёскамі Чарнаўчыцы і Турна з панам Івашкай Іллінічам (?–1490) на вёскі Студзёнка ў Камянецкім і Грузская ў Ваўкавыскім паветах адпаведна. Адбылося гэта па адным данным ў 1477 г., па іншым – 1487 г. Такім чынам, недзе з канца 70 – канца 80-х гг. XV ст. Чарнаўчыцы сталі ўладаннем Іллінічаў. Род Іллінічаў герба “Корчак” – старажыты беларускі шляхецкі род, прадстаўнікі якога на працягу ХV–ХVІ ст. уваходзілі ў Паны-Раду вялікага князя літоўскага, аказвалі значны ўплыў на ўнутраную і знешнюю палітыку Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага, пакінулі значны след у беларускай культуры.
   У далейшым Чарнаўчыцы сталі ўласнасцю сына Івашкі – Юрыя, у пачатку XVІ ст. , які значна пашырыў межы сваіх уладанняў за кошт пакупкі некалькіх суседніх маёнткаў. Займаючы важныя пасады маршалка дворнага, намесніка Лідскага, Ковенскага і Берасцейскага, Юры Іванавіч згадваецца ў Метрыцы ВКЛ за 1510 г. як уласнік Каростычаў, маёнтка Вістычы і часткі маёнтка Шарашова. Пры ім Чарнаўчыцкі двор набыў даволі вялікія памеры. У яго межы ўвайшлі сядзібы Дзямянічы, Блювінічы, Лазавіца, Воля, Ясянец і інш. Тым не менш, галоўнай рэзыдэнцыя Юрыя Іллініча з’яўляліся Чарнаўчыцы, якія з 1521 г. ужо менаваліся мястэчкам.
   У канцы жыцця Юры Іллініч падзяліў свае вялізарныя ўладанні паміж сынамі Янам (каля 1495-1536), Станіславам (каля 1500-1531) і Шчасным (каля 1505-1542). Значную частку уладанняў Яна, старасты берасцейскага, склалі двор Чарнаўчыцы з Дзямянічамі, Блювінічамі, двор Лазавіца, палац Голубля і ўсе палацы, якія прымыкалі да маёнткаў. Гэтыя валоданні былі замацаваны граматай караля Сігізмунда I, якому “бил челом” Ян Юр’евіч. У ёй было запісана “…з ласки нашое на его челом – битье то вчынили , на то дали ему сей наш лист и тую третью часть, которая ся ему достала въ делу от братъв его – двор Чорнавъчичи з…” . Акрамя гэтага, з Міру “… в кождый годъ мает ему панъ Станиславъ давати до Чорнавъчыч по двадцати пудовъ меду пресного…” . Мёд нарыхтоўваўся ў Белавежскай пушчы, дзе размяшчаліся фальваркі Дзямянічы і Пелішча.
Пасля смерці братоў усімі бацькаўскімі і матчынымі маёнткамі валодаў Шчасны, жанаты на Соф'і. Апошнім прадстаўніком багатага некалі щплывовага рода Іллінічаў быў іх сын Юры (каля 1535-1569), маршалак ВКЛ, які з 1555 г. карыстаўся тытулам графа ў Міры. Перад смерцю ён завяшчаў Чарнаўчыцы і іншыя шматлікія маёнткі свайму стрыечнаму брату, Віленскаму ваяводзе Мікалаю Крыштафу Радзівілу па мянушцы “Сіротка”, якога ён усынавіў, паколькі не меў сваіх уласных дзяцей.
  Такім чынам Чарнаўчыцы сталі рэзыдэнцыяй знатнага рода Радзівілаў, якія валодалі гэтымі землямі напрацягу амаль 300 гадоў. Гэтыя тры вякі сталі перыядам найвышэйшага росквіту Чарнаўчыц, якія сталі цэнтрам графства, у склад якога – па некаторых дадзеных – ўваходзіла каля 400 вёсак і хутароў.

    
  Імя першага з гэтага роду гаспадара Чарнаўчыцкага маёнтка Мікалая Крыштофа Радзівіла Сіроткі залатымі літарамі ўпісана ў гісторыю мястэчка. Менавіта ён, пасля вяртання з Палесціны, у 1595 г. пабудаваў на месцы касцёла, які існаваў у XІІ – XV ст., новы мураваны каталіцкі храм. У 1661 г. смаленскі біскуп Ежы Белазор правёў рэстаўрацыю Чарнаўчыцкага касцёла і надаў яму найменне Свята-Троіцкага. Сёння Чарнаўчацкі касцёл – адзін з самых старажытных культавых збудаванняў у Прыбужжы.

                                                                                    
   У 1600 годзе на сродкі Мікалай Крыштофа Радзівіла быў пабудаваны мураваны будынак шпіталя, які з поўным правам можна лічыць першай медыцынскай установай мястэчка.
   У канцы XVІ. у Чарнаўчыцкім маёнтку каля дарогі з Чарнаўчыц да мястэчка Турна Радзівілы на тэрыторыі былога замка ўзвялі новы палац. На сённяшні дзень не засталося ніякіх слядоў існавання Чарнаўчыцкага палаца, нават месца яго размяшчэння дакладна не вызначана. Вядома толькі, што непадалёку ад замка ў 2-й палове XVІІІ ст. была пабудавана мураваная капліца Святой Сафіі ва ўдзячнасць ад прыхаджан і парафінян Чарнаўчыц за цудатворнае ўтаймаванне страшэннага мору, што лютаваў у той час на Берасцейшчыне.
   З 1639 года вялізарным маёнткам валодаў канцлер ВКЛ Станіслаў Альбрэхт Радзівіл, які яшчэ больш прымножыў яго багацці, а з 1646-га – Аляксандр Людвіг Радзівіл.
Мястэчка Чарнаўчыцы ў сярэдіне XVІ ст. складалася з рынку і трох вуліц: Камянецкай, Кобрынскай і Берасцейскай. Жыхары яго выконвалі чыншавую павіннасць, якая вызначалася з кожнай валокі “паводле даўняга звычаю і ліста Князя Яго Міласці, які ў сябе маюць”. У гэты час праз Чарнаўчыцы праходзяць важныя магістральныя гандлёвыя шляхі Люблін – Вільня і Нясвіж – Брэст. Кіраваў мястэчкам прызначаемы ўладальнікамі войт, для якога ў Чарнаўчыцах паводле інвентару 1658 г. была выдзелена вольная ад павіннасцей валока. У 1667 г. мястэчка Чарнаўчыцы з 61 “хрысціянскім і 6 жыдоўскім “дымамі” з’яўляецца цэнтрам аднайменнага “ключа” з навакольнымі вёскамі: Вялікая Лешна, Ляшаўка, Білейка, Задвор’е, Турна, Заяршаны, Аляшковічы і Пакрова.
   У 1718 годзе Чарнаўчыцы атрымалі герб (нажаль, якім гербам карысталася места пакуль не вядома) і Магдэбурскае права, якое давала мястэчку магчымасць самастойна, на аснове ўласнай сістэмы юрыдычных норм, рэгуляваць эканамічную дзейнасць, маёмасныя адносіны, грамадска-палітычнае жыццё і вызначаць саслоўнае становішча грамадзян.
   У 1733 годзе ў Чарнаўчыцах была ўзведзена драўляная праваслаўная царква Параскевы Пятніцы.
   У XVIII стагоддзі мястэчка належала скандальна вядомаму натуралісту Марціну Мікалаю Радзівілу (1705—1782). У час свайго знаходжання ў Еўропе ён пачаў вывучаць розныя акультныя навукі і ў першую чаргу алхімію. У сваёй рэзідэнцыі ў Чарнаўчыцах малады князь стварыў выдатную па тых часах лабараторыю і пачаў бесперапынныя вопыты з мэтай вынайсці сакрэт «філасофскага камня», які павінен быў даць яму казачныя багацці і неабмежаваны ўплыў. На пэўны час Чарнаўчыцкі палац стаў вядомы амаль ва ўсёй Еўропе. Сюды дасылаліся каштоўныя сярэднявечныя фаліянты адпаведнага зместу. Беларускі «граф Каліостра« вёў ажыўленую перапіску з замежнымі алхімікамі і сваімі аднадумцамі з ліку самых славутых арыстакратычных сямей Францыі, Італіі і Германіі. Пры гэтым рэгулярныя няўдачы толькі прымушалі князя пашыраць поле ўласных даследаванняў. Хутка М. М. К. Радзівіла ўжо перасталі задавальняць традыцыйныя хімічныя рэактывы ды мінералы і на першае месца выйшла чорная магія з выкарыстаннем самых неверагодных рэчаў (засушаныя крылы лятучых мышаў, унутраныя органы разнастайных жывёл) і нават чалавечых цел. Апошнія, дарэчы, яму пастаўляў з навакольных вёсак верны слуга Грабоўскі, які хутка стаў для тутэйшага грамадства сапраўдным веснікам смерці. У палацы быў размешчаны цэлы гарэм наложніц, таксама неабходных, па словах князя, для яго вопытаў. Неўзабаве магнат распачаў сур’ёзнае вывучэнне іўрыта і старажытнагабрэйскіх тэкстаў, дзе ён шукаў варыянты далейшага працягу сваіх алхімічных даследаванняў. Пры гэтым М.М К. Радзівіл вырашыў прыняць іудаізм і выдаліў з усіх пасад у сваіх уладаннях чыноўнікаў хрысціянскага веравызнання. Вынікам усяго гэтага стала ў 1748 г. надзвычайнае рашэнне караля Аўгуста ІІІ аб адхіленні яго ад кіравання радавымі маёнткамі і перадачы пад нагляд сваякоў і лекараў. Скончыў сваё жыццё звар’яцелы князь у турме Слуцкага замка.
   У канцы XVІІІ ст. у Чарнаўчыцкія ўладанні Радзівілаў уваходзіла 9 фальваркаў, якія аб'ядноўвалі 1064 сялянскія двары з 3143 душамі сялян. Асноўная маса сялян была паднявольная і плаціла аброк, але у магнацкіх вотчынах выкарыстоўвалася і наёмная праца. У Чарнаўчыцах добрыя аўчары зараблялі ад 46 да 80 злотых, вінакур атрымліваў 100 злотых у год, чаляднікі — ад 6 да 8 злотых. Радзівілы прыцягвалі ў Чарнаўчыцы вольных рамеснікаў: давалі ім падатковыя льготы, участкі зямлі пад забудову. Гэта датычыла таксама і купцоў, гандляроў. Каб павялічыць свае прыбыткі, яны пабудавалі 24 карчмы і 13 млыноў, якія прыносілі ў год 23 тысячы злотых. У другой палове XVIII ст. распаўсюджваецца адыходніцтва. У Чарнаўчыцкім графстве 14% сялянскіх двароў мусілі вылучыць работнікаў, якія працавалі па найме за межамі сваей гаспадаркі. Больш за 5% усіх працаздольных асоб абодвух полаў, ці кожны дваццаты, у Чарнаўчыцах жылі за кошт наёмнай працы.
   У выніку войнаў многія сялянскія гаспадаркі засталіся без рабочай жывёлы, што было вельмі нявыгадна феадалам. Таму магнаты вырошчвалі ці куплялі яе – галоўным чынам валоў – і раздавалі сялянам. У Чарнаўчыцах на 1791 г. было 429 запрэжак жывёлы на 449 сялянскіх двароў. Гэта дазваляла апрацоўваць 91% пашы. Зямлю бязвупражных сялян апрацоўвалі паншчыннай працай сяляне, якія мелі запрэжкі. Паводле загаду Радзівілаў, аканомы пасылалі дзесяткі запрэжак араць для хворых, бедных, удоў і г.д. гэтым вырашалася адразу дзве задачы: слабыя сялянскія гаспадаркі падтрымліваліся за кошт паншчыны, каб умацавацца і зрабіцца паўнавартасным аб’ектам эксплуатацыі, і гэтая самая сістэма дазваляла ўякасці кампенсацыі выкарыстоўваць сялян са слабых гаспадарак на любой працы ў фальварку.
   Магнаты клапаціліся толькі пра рабочую, цяглавую жывёлу і прымушалі сялян мяняць кароў на валоў ці коней. Радзівілы нават увялі ў Чарнаўчыцах штраф на выпадак, каі заўважаць карову на пашы, прызначанай для валоў. Такая эксплуатацыя сялян выклікала супраціўленне. Аднак у канцы XVII – XVIII ст. у вотчынах пераважалі такія формы пратэсту, як скаргі магнатаў на арандатараў і слуг, а таксама адмаўленне ад выканання павіннасцей, уцёкі. Уручыць скаргу магнату было нялёгкай справай. Адміністратары маёнткаў імкнуліся гэтаму перашкаджаць. Так аканом Дзяменіцкага фальварка ўладання Чарнаўчыцы ў сярэдзіне XVIII ст. на чале атрада з 8 слуг гнаўся за селянінам Карпам Шумскім, які вёз у Варшаву скаргу на яго. Селянін паспеў збегчы ад пагоні і дабраўся да князя Радзівіла, аднак не ўсім так пашанцавала.
   Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Чарнаўчыцы знаходзяцца ў складзе Расійскай імперыі, у Слонімскай, з 1797 года — у Літоўскай, з 1801 года — у Гродзенскай губернях. У другой палове XVIII ст. Чарнаўчыцы мяняюць сваіх уладароў і пераходзяць да роду Грабоўскіх. Дачка Міхаіла Казіміра Радзівіла “Рыбанькі” Юзафіна выйщла замуж за графа Міхаіла Грабоўскага (? – 1822), канюшага Вялікага Княства Літоўскага, аднаго з найбуйнейшых магнатаў Берасцейшчыны (11 маёнткаў).
Аднак гучная слава і высокая шляхетнасць Чарнаўчыцкага маёнтка да таго часу ўжо засталіся ў мінулым. У 1795 годзе, у вынку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай,               Чарнаўчыцы, як і іншыя населеныя пункты нашага краю, вайшлі ў склад Расійскай імперыі. Да сярэдзіны ХІХ ст. яны сталі небагатым мястэчкам, якое практычна нічым не вылучалася ад яму падобных.
   Як і ў іншых прыватнаўласніцкіх маёнтках, становішча прыгонных Чарнаўчыцкага графства было вельмі цяжкім, але асабліва яно пагоршылася ў першай першай палове ХІХ стагоддзя. Да гэтага часу Чарнаўчыцкага маёнтак перайшоў ва ўласнасць шляхціца Баяроўскага – мужа адной з дачок Радзівіла. Новы ўладальнік ўвёў непасільныя абкладанни, якія прывялі да поўнага жабрацтва сялян. Пасля смерці ў вёсцы Алешкавічы трох сялянскіх дзяцей, памерлых ад голаду ў 1844 годзе, незадаволенасць людзей была такая вялікая, што дзейнасцю Баяроўскага вымушаныя былі заняцца губернскія ўлады і вынесці пастанову аб узяцці маёнтка пад апеку. Баяроўскія знайшлі абарону ў Брэсцкім дваранскім сходзе, які прапанаваў кампраміснае рашэнне – узяць ад жонкі Баяроўскага падпіску аб тым, што становішча сялян будзе палепшана на працягу 6 месяцаў.
   Двойчы выязджалі камісіі на мясцовае абследаванне. Яны падцвердзілі поўнае спусташэнне сялян Чарнаўчыцкага маёнтка. Грунтуючыся на матэрыялах абследаванняў, губернатар ўсё-такі даў распараджэнне заснаваць над маёнткам апеку, а справы аб смерці сялянскіх дзяцей накіраваць у суд.
Гродзенскі губернскі пракурор пісаў міністру юстыцыі: «Па аб’яве селяніна вёскі Алешкавічы, памешчыцы Баяроўскай, Дамінік Герусь сказаў у земскім судзе, што ў яго за тры дні ад голаду памерла трое дзяцей: дзве дачкі – чатырнаццаці і дзесяці гадоў, сын – пяці гадоў… і, што такая ж смертнасць распаўсюдзіцца паўсюды ў хуткім часе ад недахопа ежы».
   Па даручэнню Брэсцкага земскага суда ў вёску Алешкавічы быў накіраваны станавы прыстаў і там ён вызначыў, што селянін Дамінік Герусь другі год церпіць недахоп у наяўнасці ежы з сям’ёй, якая складаецца з дзевяці душ: ён з жонкай, шэсцера дзяцей, старэнькая маці.і хаця ў мінулым годзе ў яго было засеяна поле, але ж вельмі мала намалаціўз яго, так што ўсё жыта прыйшлося зноў пасеяць, а ўвесьб ячмень забрала памешчыца… Потым застаўся ён з сям’ёй без куска хлеба, і еў ён толькі бульбу, буракі і капусту… Быў вымушаны прадаць карову, каб заплаціць пазыку. Адбываючы з жонкай сваёй, як належыць баршчыну і не атрымаўшы ад памешчыцы Баяроўскай нічога, каб пракарміцца, сям’я Геруся цярпела страшэнны голад… Трое дзяцей памерла. У хаце Геруся нічога не знойдзецца, акрамявязанкі сена і іх адзення, якое яны носяць кожны год. Прычым і другія сяляне аб’явілі, што пазычыць у другіх грашэй для таго, каб купіць хлеба ён не мог, таму што і другія церпяць вялікія недахопы…
З ліку сялян вёскі Алешкавічы, якая складаецца з 37 хат, усе скардзяцца на недахопы і гэта відаць па іх худому абліччу. Многія сяляне аб’явілі, што хоць яны і былі на барщыне і потым прасілі ўладарніка Баяроўскага, каб ім далі з сялянскай запасной крамы хоць некалькі хлеба, але ён нічога не даў і сказаў: “У мяне вас многа, а я адзін і я вас не выкармлю.”
   Жабрацкаму існаванню Чарнаўчыцкіх сялян адпавядаў і знешні выгляд вёсак. «Усе вёскі апусташэны, частка хат стаяць без дахоў. Хаця у Чарнаўчыцкіх маёнткаў ёсць шмат панскіх лясоў, але сялянам дроў не даюць, таму яны вымушаны тапіць саломаю… На збудаванне хат хоць і дазволена высечка дрэў, але сяляне не могуць гэтым карыстацца, так як заняты працай на панскіх палях, а таксама не маюць чым вывезці дрэвы з лесу.
   Даведзеныя да адчаю, многія сяляне, пакінуўшы свае хаты ходзяць з жабрацкімі торбамі, скардзяцца на голад, таму жабрацтва у гэтых мясцінах ліквідаваць немагчыма».
У архіўных справах не захавалася звестак пра тое, якое пакаранне панеслі Баяроўскія за жорсткае стаўленне да сялян і за іх збядненьне. Можна меркаваць, што карыстаючыся ўплывовым заступніцтвам, яны пазбеглі адказнасці за свае злачынствы.
   Пасля падаўлення польскага паўстання 1863 г. Чарнаўчыцы — збяднелае мястэчка, але ў гісторыка-геаграфічным зборніку таго часу яно характарызуецца як «даволі значнае мястэчка упрыгожанае вялікім палацам і прыгожым паркам». На той час у Чарнаўчыцах меліся вуліцы: Брэсцкая, Камянец-Літоўская, Кобрынская; Рынкавы пляц, Прадмесце. У 1868 г. у ім пражывае 194 мужчыны, 205 жанчын. У 1886 г. у мястэчку ужо налічваецца 71 двор, 509 жыхароў, 65 мяшчан, 2 праваслаўныя царквы, яўрэйскі малітоўны дом, сінагога, тарговыя лаўкі, шавецкая майстэрня, 2 піцейныя дамы, на працягу года праводзіліся 3 кірмашы. 3 1887 г. у мястэчку меўся фельчар і прыёмны пакой на 1 ложак. У 1889 г. у народным вучылішчы (заснавана ў 1862 годзе) вучыліся 95 хлопчыкаў і 5 дзяўчынак. За научанне ў вучылішчы плацілі “сыпкой до 12 четвертей 6 четвериков картофеля и 45 рублей деньгами, кроме ремонта училища, мебели и классных принадлежностей”. Гэта ў пэўнай ступені перашкаджала адукацыі сялянскіх дзяцей.
У 1892 г. у Чарнаўчыцах быў заснаваны крышталёва-шкляны завод, на якім працавалі 250 рабочых і выраблялі крыштальны посуд.
   У 1897 годзе мястэчка ўваходзіць ў склад Турнянскай воласці Брэсцкага павета і ў ім ужо 2 царквы, народнае вучылішча, царкоўна-прыходская школа, прыёмны пакой, сінагога, хлебазапасны магазін, 13 крам, 3 карчмы, 2 разы ў год праводзіліся кірмашы.
   Апошнім спадчынным гаспадаром Чарнаўчыц быў Міхаіл Максімілян Грабоўскі (1846–1918). Пры ім у 1905 г. у Чарнаўчыцах працаваў пакой сельскага ўрача на 1 ложак, дзейнічала мяшчанская ўправа, размяшчаліся прызыўны ўчастак па воінскай павіннасці і ўчастак судова-міравой акругі. На пачатку 20 ст. у мястэчку Чарнаўчыцы 144 жылыя дамы, 140 дваровых месцаў, 1101 чалавек, у т.л. 548 мужчын, 553 жанчыны. Насельніцтва на той час, галоўным чынам яўрэі, займалася рамяством і дробным пасрэдніцтвам. Але з боку вёскі попыт меўся толькі на самыя простыя танныя вырабы. Таму рамеснік-яўрэй не мог шырока разгарнуць вытворчасць. Так, у Чарнаўчыцах у пачатку XX ст. дзейнічалі 4 кравецкія, 7 шавецкіх майстэрань і 6 кузняў, на якіх разам было занята 53 чалавекі.
   Да пачатку першай сусветнай вайны 1914—1918 гг. насельніцтва вырасла ў Чарнаўчыцах — да 1625 чалавек (на 48%). У мястэчку функцыянавалі пакой сельскага ўрача, мяшчанская ўправа, размяшчаліся прызыўны ўчастак па воінскай павіннасці і ўчастак судова-міравой акругі. З сакавіка 1918 г. Чарнаўчыцы уваходзіць у склад абвешчанай БНР.
   З 1920 г. да верасня 1939 г. – у складзе Польшчы і належаць да Турнянскай гміны Брэсцкага павета Палескага ваяводства. На 30 верасня 1921 года тут лалічваецца 101 двор, 749 (па іншым звесткам крыху больш за 700) жыхароў.
   Дзякуючы падтрымцы польскага ўрада на Берасцейшчыне былі створаны розныя польскія культурна-асветніцкія і рэлігійныя таварыствы, гурткі ваеннай моладзі. Так у Чарнаўчыцах дзейнічала Чарнаўчыцкае аддзяленне стралецкага саюза (1933—1935). Таксама дзейнічала аддзяленне «Таварыства яўрэйскіх школ», прэзідэнтам якога быў член Бунда Крашынскі
   У перыяд 1921-1939 гг., калі Заходняя Беларусь з'яўлялася часткай Другой Рэчы Паспалітай, некаторыя жыхары Чарнаўчыц, як і іншых вёсак Прыбужжа, даволі актыўна ўдзельнічалі ў нацыянальна-вызваленчым руху. Галоўнымі прычынамі гэтай актыўнасці былі нацыянальнае прыгнёт ў спалучэнні з цяжкім эканамічным і сацыяльным становішчам краю. На тэрыторыі цяперашняга Брэсцкага раёна дзейнічалі некалькі падпольных арганізацый, у тым ліку і ў Чарнаўчыцах. Тут ля вытокаў гэтага руху стаялі Нестар Амелянюк, Міхаіл Антанюк, Максім Абрамук, Даніла Козел.
   З утварэннем КПЗБ у Чарнаўчыцах стаў дзейнічаць райкам КПЗБ, сакратаром якога ў 1924 годзе быў Козел Даніла. У Чарнаўчыцкім партыйным райкаме налічвалася каля 18 камуністаў. Адначасова ў вёсцы Чарнаўчыцы дзейнічаў райкам камсамола Заходняй Беларусі. Райкам праводзіў агітацыю сярод насельніцтва за адмову ад выплаты падаткаў, за ўдзел у барацьбе за ўз'яднанне ў БССР. Члены яго распаўсюджвалі рэвалюцыйныя лозунгі, лістоўкі. Так, у першамайскае свята ў 1926 года камуністы развесілі лозунгі ў вёсцы Хмелева. У царкве і ў двары школы, а таксама на могілках у вёсцы Чарнаўчыцы раскідалі лістоўкі. Паліцыя, асцерагаючыся далейшай актывізацыі працы райкама, у ноч на 2 мая 1926 года арыштавалі многіх яго членаў, сярод якіх былі Станіслаў Ерузелімскі, Павел Барысаў, Бембель Лагоціч, Іван Трафімук, Сямён Людзіцкі, Іосіф Рачкоўскі. 15 членаў райкама былі асуджаныя на 3 гады турэмнага зняволення. Аднак не ўсе камуністы райкама былі арыштаваныя. Працу райкама працягнула Блювиничская ячэйка КПЗБ, быў абраны новы склад райкама, на чале якога быў сакратар Стажынскі Ян. 14 лютага 1928 года Чарнаўчыцкага райкаму падпарадкоўвалася 3 подрайкома і 16 ячэяк. У райкаме налічвалася каля 80 камуністаў і камсамольцаў. Мелася піянерская арганізацыя з 13 чалавек. 1 жніўня 1931 года Чарнаўчыцкага райкамам праведзены дзве антываенныя масоўкі, на якіх былі распаўсюджаны сярод сялян лістоўкі з заклікамі да абароны СССР ад імперыялістаў.
   З 1939 года – Чарнаўчыцы ў складзе БССР. Захаваліся звесткі, што ў канцы верасня 1939 г. у Чарнаўчыцах пад кіраўніцтвам Аляксандра Саванеўскага адбылося шэсце жыхароў шматлікіх вёсак, якія радасна сустракалі вайсковыя часткі Чырванай Арміі.

 

БІБЛІЯГРАФІЯ:

1. Przewodnik po Litwie i Bialejrusi [в т. ч. д.Чернавчицы Брест. р-на]/ Zebral i oprac. N.Rouba. - Wilno : Wyd-wo "Kurjera Litew.", 1995. - С. 38.
2. Арцёменка, С.В. Летапіснае Берасце на карце грамадска-палітычнагаі духоўнага жыцця ВКЛ ХIV-XVII стст.: [история районов в т. ч. д.Чернавчицы Брест. р-на] //Брэсцкі геаграфічны веснік / Брэсцкі абласны аддзел ГА "Беларускае геаграфічнае таварыства". - Брэст, 2003. - Том ІІІ, вып. 1. - C. 98-101.
3. Бандарук, А. Чарнаўчыцы. Вёска. Графства. Мястэчка / А. Бандарук// Заря над Бугом. - 2010. — 18 августа (№ 64). — С. 2.
4. Брестский район: местное управление и самоуправление : [перечень сел. сов. в т. ч. Чернавчицкий с/с].- Брест: Брест. тип., 2007. - 39 с.
5. Брестский район: Чернавчицы // От Беловежской пущи до Полесских болот. – Минск: УП Рифтур. – С. 54.
6. Буйко, Е., М. Декоративная домовая резьба Западного Полесья: сборник конкурсных научных работ студентов и магистрантов: [упомин. д. Чернавчицы Брестского района]/ Е. М. Буйко, УО "Брестский государственный технический университет". - Брест, 2010. - Ч. І. - C. 7—12.
7. Бунеева, Л. Питер нашей деревне во внуки годится: [о праздновании 500-летия д. Чернавчицы Брестского района] / Л. Бунеева // Вечерний Брест. - 2001. - 22 августа. - С. 5.
8. Гiсторыя Беларусi : у 6 т.: [узгадваецца в. Чарнаўчыцы Брэсцкага раёна] / рэд.: М.Касцюк i iнш. -Мн. : Экаперспектыва Т. 2.- 2008. - С. 666 - 682.
9. Гармель, Е. О чём рассказывают гербы:[в т. ч. герб д. Чернавчицы]/ Е. Гармель// Заря. - 2010. — 19 марта. — С. 9.
10. З гісторыі назваў населеных пунктаў: [у т. л. аб в. Чарнаўчыцы] // Заря над Бугом. – 2009.
11. З гісторыі населеных пунктаў: Чарнаўчыцы // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Брэсцкага раёна. - Мінск : БЕЛТА, 1998. - С. 560.
12. Замулко, Е. М. Структура и динамика населения птиц д. Чернавчицы и её окрестностей : [Брестский район] / Е. М. Замулко // Природа, человек и экология : сборник тезисов докладов 3-й региональной научно-практической конференции молодых ученых, Брест, 21 апреля 2016 года / УО "Брестский государственный университет им. А. С. Пушкина". - Брест, 2016. — С. 49.
13. Кобяк, Э. Праздник старинной деревни:[о празднике деревни Чернавчицы] / Э. Кобяк // Заря над Бугом. - 2006. - 22 августа.
14. Край наш Прибужский. – Брест: РИА Вечерний Брест. – 2014. – С. 43 -77.
15. Лабецкая, Ю. 150 золотых маршрутов моей Беларуси: Чернавчицы : [достопримечательности Брестского района; фото] / Ю. Лабецкая // 7 дней. - 2017. — 23 ноября (№ 47). — С. 24—25.
16. Лисовский, С.С. К вопросу о начальном этапе ревиндикационной политики польского католического епископата на территории Полесского воеводства в межвоенный период (1921-1924 гг.) // Моладзь Берасцейшчыны : [на примере Брест. Повета, упомин. д. Чернавчицы Брестский район] / - Брэст, 1995. - Вып. 2. - С. 10-12.
17. Мiкалайчык, А. Паўтысячы гадоў мiнула, а вёска жыве, квiтнее...:[ пра свята вёскi Чарнаўчыцы Брэсцкага раёна] / М. Мікалайчык //Брестский вестник. - 2001. - 25 жніўня. - С. 6.
18. От прадедов – в наследство: [в т. ч. об истории Чернавчиц] // Край наш Прибужский. – Брест: РИА Вечерний Брест. – 2014. – С. 16 - 18.
19. Рапановіч Я. Н. Чарнаўчыцы / Я. Н. Рапановіч // Слоўнік назваў населеных пунктаў Брэсцкай вобласці. – Мн.: Навука і тэхніка, 1980. – С.134.
20. Самосевич, М. Если зажигаются звёзды...: [о празднике деревни Чернавчицы] / М. Самосевич. - 2007. - 25 августа. - С. 1
21. Самосевич, М. От местечка - к агрогородку...: [о празднике деревни Чернавчицы] / М. Самосевич // Заря над Бугом. - 2008. - 16 августа. - С. 8.
22. Самосевич, М. Пять веков между прошлым и будущим:[о празднике деревни Чернавчицы] / М. Самосевич // Заря над Бугом. -2001. - 25 августа.
23. Самосевич, М. Раз дождинка, два дождинка - будет весело... :[о празднике деревни Чернавчицы] / М. Самосевич - 2004. - 25 августа.
24. Тишук П. Н. Чернавчицкие горизонты / П. Н. Тишук, Брест: ООО “Полиграфия”, 2015.
25. Федорук, А. Г. Старинные усадьбы Берестейщины /А. Г. Федорук. - Мн, 2004.
26. Чантурия, В. А. Памятники и памятные места Беларуси: [в т. ч. Брест. обл.: Брест, Скоки, Чернавчицы и др.] / В. А. Чантурия. - Минск : Харвест, 2015. - 414 с.
27. Чантурия, В. А. Памятники и памятные места Беларуси : путеводитель по культурно-историческим памятникам : [в т. ч. Брест. обл.: Брест, Скоки, Чернавчицы и др.] / В.А.Чантурия.- Смоленск: Русич, 2007. - 414 с.
28. Чарнаўчыцы // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. - Т.9. - Мінск, 1999. - С. 232.
29. Чарнаўчыцы // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. - Т. 3. - Брэсцкая вобласць. - Мінск, 2006. - С. 142 - 143.
30. Чарнпаўчыцкі сельскі савет: цэнтр – в. Чарнаўчыцы // Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік. – Мінск: Тэхналогія, 2010. – С. 89.
31. Чернавчицы // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. - Т. 1. - Брестская область : в 2 кн. Минск, 2009. - Кн. 2. - С. 456 - 457.
32. Янушкевiч, Я. Успаміны (1805-1831): [у т. л. узгадваецца в Чарнаўчыцы и др.] / Я.Янушкевiч.- Мн.: Лiмарыус, 2011. - 255с. - ( Беларуская мемуарная бiблiятэка).