Герб и флаг - ГУК
Герб и флаг

   

    Герб аграгарадка Чарнаўчыцы                     Сцяг аграгарадка Чарнаўчыцы


   Герб і сцяг заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 11 сакавіка 2011 г. № 101 і зарэгістраваныя ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры 15 сакавіка 2011 г. № Б-202 і № Б-203.

Герб:
  У блакітным полі варажскага шчыта – срэбны храм з чырвонай аздобай, у чорным падножжы – срэбны паляўнічы ражок.

Сцяг:
   Прамавугольнае палотнішча блакітнага колеру з суадносінамі бакоў 1:2, у верхняй дрэўкавай частцы якога – выява герба аграгарадка Чарнаўчыцы Брэсцкага раёна.

Гістарычны экскурс:
  Адпраўным момантам пры стварэнннні герба Чарнаўчыцы з’явіўся Чарнаўчыцкі Троіцкі касцёл, помнік архітэктуры з элементамі готыкі і рэнесансу. Быў пабудаваны ў канцы XVI - пачатку XVII стст. Н.К. Радзівілам Сіроткам.
   У ніжняй частцы герба падножжа чорнага колеру ў сімвалічнай форме перадае назву населенага пункта, а размешчаны ў ёй срэбны паляўнічы ражок служыць напамінам пра фундатараў касцёла.
   Мікалай Крыштаф Радзівіл па мянушцы Сіротка (1549-1616) быў вядомым дзяржаўным і ваенным дзеячам Вялікага княства Літоўскага, мецэнатам, пісьменнікам. Атрымаўшы універсітэцкае адукацыю ў Еўропе (Страсбургу і Цюбінгене), вярнуўся на радзіму, дзе на працягу многіх гадоў займаў высокія дзяржаўныя пасады.
    З 1569 г. да пачатку XIX ст. Н.К. Радзівіл валодаў Чарнаўчыцымі, зрабіўшы іх цэнтрам Чарнаўчыцкага графства.
   Напрыканцы 2009 года кіраўніцтва Чарнаўчыцкага сельскага Савета дэпутатаў абвясціла конкурс на лепшую распрацоўку макета герба і сцяга аднайменнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі. Такую ідэю доўга выношваў старшыня сельсавета Аляксей Алесік разам са студэнткай Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў Аленай Бандарук. Гісторыя гэтых мясцін надзвычай багатая, яна звязана з імёнамі многіх славутых людзей.
   У абвешчаным конкурсе прынялі ўдзел звыш 20 чалавек. Свае праекты на разгляд журы прапанавалі навукоўцы Таццяна Барадзінчык, Ілля Шамілаў, Алена Бандарук, Аляксей Шаланда, мастак Іна Салдатава і іншыя. У большасці прац у якасці сімвалаў былі выкарыстаны помнік архітэктуры XVI стагоддзя — Траецкі касцёл, першапачатковыя вуліцы старажытнага мястэчка — Брэсцкая, Кобрынская і Камянецкая — і іншыя адметныя мясцовыя аб’екты. Вынікі конкурсу былі падведзены на Дзень вёскі ў ліпені 2010 г.
   Праекты герба і сцяга адобраны рашэннем Чарнаўчыцкага сельскага Савета дэпутатаў ад 17 чэрвеня 2010 г.   № 10.
   Аўтар герба і сцяга М.М.Елінская, мастак В.А.Ляхор.