11 ліпеня 2018 г. – 75 гадоў з дня нараджэння Пятра Іванавіча Гарэцкага (1943), канструктара сродкаў аўтаматызацыі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі СССР (1981)
Пётр Іванавіч Гарэцкі нарадзіўся 11 ліпеня 1943 года ў вёсцы Кустын Брэсцкага раёна Брэсцкай вобласці. Дзяцінства і юнацтва прайшлі ў Брэсце. Вучыўся ў сямігадовай школе № 2, закончыў сярэднюю школу № 1 на вул. Карла Маркса. Пасля школы вучыўся ў Львоўскім палітэхнічным інстытуце, які скончыў у 1968 годзе.
Пасля атрымання дыплома Пётр Гарэцкі ўладкаваўся на Брэсцкі завод электравымяральных прыбораў (з 1972 г. – электрамеханічны завод). Адсюль маладога спецыяліста прызвалі на тэрміновую службу ў Савецкую армію, адслужыўшы, ён вярнуўся на завод. Дырэктарам завода ў 1963–1982 гадах быў Уладзімір Аляксеевіч Сальнікаў (1924–1982), таленавіты інжынер і кіраўнік, чалавек рознабакова адораны. Галоўным інжынерам быў Міхаіл Емяльянавiч Екельчык (1928–1976), затым па 1983 год – Роберт Саркісавіч Мечташвілі.
Завод выпускаў перыферыйныя ўстройствы для ЭВМ. Тады прадпрыемствам была засвоена вытворчасць мадэрнізаванага ўстройства «БЛАНК П», аўтамата для счытвання шматканальных асцылаграм АСМО, устройства перадачы інфармацыі па тэлефонных лініях сувязі «Мінск 1500», устройства ўводу перфакартачнага УВвК-600. Устройства «БЛАНК П» уяўляла сабой прыбор, які счытваў з паперы надпісы алоўкам і тым самым забяспечыў апрацоўку матэрыялаў Усесаюзнага перапісу насельніцтва 1970 года.
За 1976–1980 гады БЭМЗ цалкам перайшоў на інтэнсіўныя метады развіцця вытворчасці. За выдатныя вынікі дзейнасці прадпрыемства ў 1978 годзе ўзнагароджана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. У 1981 годзе БЭМЗам у кааперацыі з заводам ЗІТ (Балгарыя) была засвоена вытворчасць мадыфікацыі машыны вылічальнай электроннай лічбавай ЕС-1035-07. У 1983 годзе – ЭВМ ЕС-1035-08 з матрычным працэсам у яе складзе.
Аднак галоўнай задачай завода была работа на ваенна-прамысловы комплекс краіны. Многія спецыялісты БЭМЗа былі задзейнічаны ў розных праектах па стварэнню электронных машын, якія кіруюць ваеннай тэхнікай. Галоўным прадуктам цэха № 25 была ўпраўляючая лічбавая вылічальная машына (УЦВМ), яна ставілася на борт ракет падводнага запуску. Галоўным канструктарам УЦВМ быў Генадзь Ха-Рэн Нам.
За ўкараненне вылічальнай тэхнікі ў вытворчыя тэхналогіі Дзяржаўнай прэміі СССР у вобласці тэхнікі 1981 года ўдастоены: Уладзімір Аляксеевіч Сальнікаў, Роберт Саркісавіч Мечташвілі, Сяргей Уладзіміравіч Бугаеў, Генадзь Ха-Рэн Нам, Юрый Пятрович Падкоўка, Ігар Пятровіч Крук, Пётр Іванавіч Гарэцкі, Васілій Сцяпанавіч Касачук. Атрымліваць заслужаныя ўзнагароды яны ездзілі ў Маскву, сфатаграфаваліся ля Крамлёўскай сцяны.
Усяго за гісторыю БЭМЗа Дзяржаўнай прэміі СССР былі ўдастоены 12 чалавек – значная лічба для аднаго прадпрыемства. Першым яе лаўрэатам не толькі ў Брэсце, але ва ўсёй вобласці, у 1970 годзе стаў М. Е. Екельчык за работу над стварэннем ЭВМ «Мінск». Ордэнамі і медалямі ўзнагароджаны былі больш за 500 работнікаў завода.
П. І. Гарэцкі ўзначальваў канструктарскія падраздзяленні, быў начальнікам машынабудаўнічай вытворчасці завода. У 1989–1993 гадах працаваў галоўным канструктарам Брэсцкага радыётэхнічнага завода, новага прадпрыемства, якое заснавана ў студзені 1988 года. З 1993 года працаваў на Брэсцкім электратэхнічным заводзе, які выпускае электронныя прыборы. П. І. Гарэцкі распрацаваў сродкі і сістэмы механізацыі і аўтаматызацыі спецыяльнай тэхнікі, укараніў у вытворчую тэхналогію ў сродкі вылічальнай тэхнікі і аўтаматычныя ўстаноўкі. Аўтар вынаходстваў прылад для кантролю электронных вырабаў.