Мастак дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (габелен, батык)
Антаніна Фёдараўна Гуршчанкова (у дзявоцтве Якімук) нарадзілася 12 мая 1948 года ў вёсцы Кабёлка Брэсцкага раёна Брэсцкай вобласцi. Маляваць любіла з дзяцінства. У яе раду мастаком быў дзед Андрэй. Першыя сакрэты малюнка дапамагаў асвоіць школьны настаўнік Уладзімір Якаўлевіч Васілюк.
У 1967–1972 годах Антаніна Гуршчанкова вучылася на аддзяленнi мастацкага тэкстылю Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута. Займалася ў мастакоў Паўла Васiлевiча Масленiкава i Ангелiны Пятроўны Бельцюковай.
Пасля заканчэння ВНУ А. Гуршчанкова жыла ў Гомелi, потым пераехала ў Брэст. Працуе ў галіне дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (габелен, батык), у манументальна-дэкаратыўным жывапісе (вітраж, сграфіта) і акварэлі. З 1972 года Антаніна Фёдараўна ўдзельнічае ў абласных і рэспубліканскіх мастацкіх выставах. Брала ўдзел у пленэры мастакоў, прысвечаным 600-годдзю Нацыянальнага парка “Белавежская пушча” (2008).
З 1989 года член Беларускага саюза мастакоў.
Муж, Мікалай Ігнатавіч Гуршчанкоў, таксама вядомы брэсцкi мастак, член БСМ з 1987 года. Напрыклад, ён аўтар пано “Бярэсце ХVII стагоддзя” на фасадзе аднаго з дамоў па вуліцы Савецкай г. Брэста. Выканаць гэта пано яму дапамагалі жонка і мастак Анатоль Сакалоў.
У творчых бацькоў і дачка Алеся, выхаваная ў творчай атмасферы, стала чалавекам мастацтва – прафесiйным скульптарам. Алеся Гуршчанкова разам са сваім мужам скульптарам Паўлам Герасіменка – аўтары помнiкаў Афанасiю Філіповічу ў Брэсце, Якубу Коласу ў Ганцавічах, дэкаратыўнай скульптуры “Мелодыя” (“Русалка”) у Брэсцкім парку культуры і адпачынку.
Антаніна Гуршчанкова з 1990 года працуе на камбінаце “Мастацтва” г. Брэста. Асноўныя працы: габелен-заслона “Тэатр”, габелены “Народная песня”, “Пра Белую Русь”, “Абуджэнне”, “Веснавыя старты”, “Вяртанне на зямлю”, “Жнівень у сілавых палях”; батык-заслона “Беларусь святочная”, батык-пано “Сад пад дажджом”, батык “Купалле”, ”Майская песня”, “Вясна на Прыпяці”, “Кветкі восені”, “Навальніца”, “Першы снег”, сграфіта “Крыніца” у Гомельскім шпіталі ветэранаў, вітражы ў ЗАГСе Савецкага раёна г. Гомеля.
Творы Антаніны Гуршчанковай знаходзяцца ў Гомельскім краязнаўчым музеі, Брэсцкім мастацкім музеі, Веткаўскім краязнаўчым музеі, у прыватных зборах Беларусі, Польшчы, Ізраіля, Германіі.