Поиск

.jpg

ВСЕ ЭТО РОДИНА МОЯ

newbooks222.jpg

Поздравляем С Днем Рождения!

vgif-ru-9988

Библиотека детям

_детям2.jpg

333333333333333.jpg

160.jpg

_библиотек_170.jpg

Внимание

.jpg

Досуг, творчество, библиотека

Tvorchestvoall.jpg

Спадчына Прыбужжа ў раённым альманаху

rukapis1-2013.jpgrukapis1-2014.jpgrukapis2-2013.jpgrukapis3-2014.jpgrukapis3-2015.jpgrukapis4-2013.jpgrukapis2-2015.JPGrukapis2-2014-1.jpgrukapis1-2015.jpgrukapis4-2014.jpgrukapis3-2013.jpg

Книги Александра Волковича онлайн

volkovich-us-open

Аудио книги

Elektronnaya-biblioteka.jpg

Новые поступления

newbooks22.jpg

radio10.jpg

.jpg

_.jpg

Полезные ссылки

ssilki

Вторник, 09 Июнь 2015 09:37

Тэльмы

Оцените материал
(1 Голосовать)

Мая   вёска.  

Мая маленькая Радзіма...

Як многа значыць гэтае слова для нас. Тут нарадзіліся і жылі нашы продкі, тут нарадзіліся мы, жывуць нашы дзеці і ўнукі. Тут і родныя, знаёмыя з дзяцінства краявіды і прыгожыя, працавітыя, сціплыя людзі.

Гэта родны дом, дзе цёплае сонейка свеціць, дзе самы салодкі яблык і моцны, гаючы сон. Гэта куточак, дзе гучыць мілагучная маміна мова, і сцежка, па якой пайшоў упершыню.

Праз стагоддзі цягнецца ланцужок падзей, у якіх удзельнічалі нашы продкі. Мы і зараз зберагаем іх песні, танцы, традыцыі і перадаем нашу спадчыну маладому пакаленню.

Вёсачка мая, ты вечна будзеш звінець бадзёрай, неўміручай, матчынай песняй. І куды бы ні ехаў чалавек – на захад ці ўсход, ён абавязкова будзе праязжаць каля   прыгожай і гасціннай вёскі Тэльмы.

Вёска ў Брэсцкім раёне Брэсцкай вобласці Беларусі. Адміністрацыйны цэнтр Тельмінскага сельсавета. Знаходзіцца на адлегласці прыкладна 1 км на ўсход ад Брэста, на аўтамагістралі М1.

Бліжэйшыя населеныя пункты — вёскі Тэльмы-2 (1,5 км на ўсход) і Малыя Косічы (0,5 км на паўночна-усходнім напрамку). Вышыня над узроўнем мора — 143 м. На адлегласці 4 км ад вёскі знаходзіцца чыгуначная станцыя Кошалева.

На ўсход ад вёскі знаходзяцца меліярацыйныя каналы, на захадзе — лес.

Сёння ў Тэльмах маецца 13 вуліц, налічваецца больш за 2000 жыхароў. На тэрыторыі вёскі знаходзяцца газаразмеркавальная станцыя, звераферма, Дом культуры, сярэдняя школа, музычная школа, дзіцячы сад, амбулаторыя, аддзяленне сувязі, сельская бібліятэка, прадуктовыя магазіны.

Вёска мае доўгую гісторыю. Вось што ўспамінаюць старажылы:        

“З даўніх часоў звалі нашых прапрадзедаў тэльманцамі… Яшчэ ў XVIII стагоддзі купіў вёсачку гэту нямецкі пан Тэльман. Стаяла ў нашай вёсцы тады некалькі хат. Але была тут і карчма, якой ведаў у 1800 годзе Сідар Пугач. На краю вёскі была пабудавана царква. А навакол — лес і балота… Змяніліся часы, змяніліся людзі, але вёску з таго часу і называюць Тэльмы”.                

У ХІХ стагоддзі вёска лічылася ў Брэсцкім павеце Гродзенскай губерніі.

У 1868 годзе уваходзіла ў склад маёнтка Ямна, якім валодаў памешчык Жылей. Паводле рэвізіі 1858 года, ў вёсцы налічвалася 30 мужчын, 41 жанчына. З 1890 года сяляне вёскі ўваходзілі ў Ямніцкае сельскагаспадарчае   таварыства.

Паводле перапісу 1897 года — 21 двор, 201 жыхар.

         У 1905 годзе вёска (148 жыхароў) знаходзілася ў Косіцкай воласці                       Брэсцкага павета Гродзенскай губерніі.

1915 год выдаўся цяжкім для вёскі. Баі Першай сусветнай вайны пракаціліся па гэтай зямлі. Немцы выганялі ўсіх жыхароў з аседлых мясцін.

Людзі не хацелі пакідаць родны кут і тады Тэльмы запалалі агнём. Засталася толькі адна хатка. Пяць гадоў скіталіся па свету тэльмаўцы. Але цяга да роднага краю перамагла страх і ў пачатку 1920 года пачалі вяртацца першыя бежанцы. Але на месцы вёскі яны знайшлі папялішча… Цяжка было. Жылі ў зямлянках, бараках… Але жыццё брала сваё. І людзі зноў пачалі будавацца.

Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 года, вёска Тэльмы знаходзілася ў складзе Польшчы, у Косіцкай гміне Брэсцкага павета Палескага ваяводства.

         На 30 верасня 1921 года тут налічвалася 17 двароў, 101 жыхар.

Як і ў кожнай вёсцы, тут былі і багацейшыя і бяднейшыя. Вёска была падзелена як бы на дзве паловы. На адной палове стаяла 7 хат. Гэта, як гавораць жыхары, былі “полупанкі”. Яны мелі надзелы зямлі па 25 гектараў, таму што хтосьці з іх сем’яў служыў у польскім войску.

А на другой палове жылі ўсе астатнія незаможныя сяляне.

З успамінаў жыхароў:

“У тэльмаўцаў былі добрыя паны. Чым мог, тым дапамагаў людзям пан Дзмітрэўскі. Паляк па нацыянальнасці, па званню - генерал, а па спецыяльнасці доктар. Маёнтак яго знаходзіўся ў суседняй вёсцы - Ямна. З усіх вёсак ішлі да яго людзі. Лячыў ён ўсіх бясплатна.

Калі ў 1939 годзе пана растралялі чырвонаармейцы, усё наваколле пайшло правесці яго ў апошні шлях.

У суседняй вёсцы — Малыя Косічы — жыла пані Бурына, празваная ў народзе Бурыншай. Палова сялян працавалі ў яе. Пані добра плаціла, заўжды карміла. У яе можна было папрасіць каня, зямлю, а потым аддаць без працэнтаў.

У 1939 годзе, калі Заходняя Беларусь злучылася з Усходняй, пані Бурына выехала ў Польшчу, а маёнтак яе быў спалены”.

З 1939 года, пасля злучэння Заходняй Беларусі з БССР вёска ўвайшла ў склад БССР.

У верасні 1939 года старшынёй Тэльмінскага сельскага Савета быў выбраны Іван Васільевіч Салейка.

         У 1940 годзе ў вёсцы налічваўся 41 двор, 164 жыхары. У гэтым жа годзе адкрыта 7-гадовая школа. Першай настаўніцай ў ёй была вясковая дзяўчына — Вера Яхімаўна Верамчук.

З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны вёска стала арэнай жорсткіх баёў. І зноў гарэла яна. Гітлераўцы спалілі 40 двароў, на месцы вёскі засталіся толькі адна хата, амбар ды клуня.

На ўскрайку вёскі, каля кар’ераў быў размешчаны лагер ваеннапалонных, якія потым былі ўсе растраляны.

         Брэсцкі раён быў вызвалены ў ходзе Люблінска-Брэсцкай наступальнай баявой аперацыі, якую ажыццяўлялі войскі 1-га Беларускага фронту з 18 ліпеня па 2 жніўня 1944 года.

         З усходу ўздоўж чыгункі і шашы Брэст — Мінск, па берагах ракі Мухавец наступалі часці 61-й арміі. 12-я гвардзейская, а таксама 212-я і 415-я стралковыя дывізіі вызвалялі адзін населены пункт за другім. За Тэльмы, а таксама за вёскі Шэбрын, Задворцы, Вычулкі, Пугачова ішлі асабліва жорсткія баі.  

      Урывак з журнала баявых дзеянняў 12-й гвардзейскай стралковай дывізіі сведчыць: “23 ліпеня 1944 года часці дывізіі вялі наступленне і пасля фарсіравання р. Мухавец авалодалі населенымі пунктамі Навасады, Хабы…, Тэльмы”.

23 ліпеня 1944 года 12-я гвардзейская стралковая дывізія вызваліла Тэльмы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.  

З цяжкасцямі, але зноў тэльмаўцы аднаўлялі хаты і гаспадаркі на папялішчы. У 1946 годзе старшынёй Тэльмаўскага сельскага Савета становіцца мясцовы жыхар - Андрэй Ануфрыевіч Пугач. Ён і пабудаваў першы будынак Савета.

У 1949 годзе арганізаваўся калгас. У людзей пачыналася новае жыццё. Яны выдатна працавалі і не меньш добра адпачывалі.

З успамінаў жыхароў:

“Усё часцей стала чуваць тэльмаўскіх спявачак. А калі вечар быў ціхі, песні чуваць было і ў суседніх вёсках. Спявалі і танцавалі да ранку, блага быў музыка - свой, вясковы хлопец. А свята нашай вёскі было на Пакроў і Пятроў дзень. Збіралася моладзь з усяго наваколля. Ранкам ішлі ў царкву, а ўвечары — вясёлыя танцы і песні. А песні ў нас былі свае — тэльмаўскія:  

 

В Шэрэшовы дівкы дышовы.

За тры копійкы — чытыры дівкы.

А Тэльмоўскіе дівкы дорогые

Тышчу кладітэ — одну бырітэ”.           

         У 1951 годзе была пабудавана амбулаторыя, у 1953-м — аддзяленне сувязі. Паводле перапісаў вёска налічвала 214 жыхароў (1959 год), 443 жыхары (1970 год), 632 двары, 1963 жыхары (1997 год), 667 гаспадарак, 1972 жыхары (2005 год).  

 

               Тэльмаўцы шануюць сваю гісторыю, традыцыі, ганарацца выдатнымі асобамі, ведаюць пра моцныя прадпрыемствы роднага краю.                 

 

ІВАН ВАСІЛЬЕВІЧ САЛЕЙКА

Іван Васільевіч Салейка нарадзіўся ў 1907 годзе. У польскую акупацыю быў актыўным падпольшчыкам. А ў гады Вялікай Айчыннай вайны — адным з кіраўнікоў антыфашысцкага руху ў Прыбужжы, адважным камандзірам партызанскага атрада, сакратаром антыфашысцкага падпольнага камітэта Брэсцкага раёна.

У верасні 1939 года І.В.Салейка быў абраны старшынёй Тэльмінскага сельскага Савета. У яго абавязкі ўваходзіла размеркаванне і дастаўка людзей на работы па ўмацаванні абарончых аб’ектаў на дзяржаўнай граніцы, рэканструкцыі дзевятага шлюза Дняпроўска-Бугскага канала, рамонт шашэйных дарог. Як старшыня сельсавета, Іван Салейка часта бываў у пагранічнікаў, шмат чаго бачыў і лічыў, што чуткі аб хуткім пачатку вайны маюць дастатковыя падставы. І усё ж такі першыя выбухі нямецкіх снарадаў аказаліся і для яго неспадзяванымі.

Іван Васільевіч адразу ж кінуўся збіраць таварышаў па падполлі ў гады буржуазнай Польшчы і актывістаў савецкай улады. Ніхто не мог даць пэўнага адказу - сувязі з Брэстам не было. На захадзе грымелі выбухі. Усё стала зразумела праз некалькі гадзін, калі на Маскоўскай шашы з’явіліся нямецкія танкі, вялізныя грузавікі з пяхотай.

Іван Салейка параіў таварышам разыйсціся па хатах, быць асцярожнымі і гатовымі сабрацца ў любую хвіліну.

Многім актывістам савецкай улады і былым членам КПЗБ прыйшлося хавацца па суседніх вёсках, калі ў Тэльмы ўвайшлі нямецкія рэгулярныя часці. Адразу з’явіліся мужчыны ў цывільнай вопратцы, якія са спісамі ў руках хадзілі па хатах і выпытвалі ў сялян, дзе знайсці старшыню сельсавета Салейку, куды падзеліся мясцовыя дэпутаты, камуністы і камсамольцы.

Спачатку Іван Салейка таксама быў вымушаны хавацца ад гітлераўцаў. Аднак у першыя ж дні фашысцкай акупацыі ён асабіста сустрэўся з многімі людзьмі і ў рэшце рэшт стварыў партызанскую групу з 20 чалавек. Знаходзілася яна ў Семісоснаўскім лесе. Сабралі на месцах былых баёў 5 кулямётаў і 20 вінтовак. Хутка сустрэліся ў лесе з іншымі партызанскімі групамі, якія, у асноўным, складаліся з партыйна-савецкіх актывістаў.

Партызаны хутка далі знаць ворагу аб сабе: то тут, то там нападалі на нямецкія машыны, рвалі тэлефонныя правады, падпілоўвалі слупы, разганялі мясцовыя пастарункі… Увогуле, у першыя месяцы вайны вакол Брэста стыхійна ствараліся невялікія ўзброеныя групы з ліку ваенных, трапіўшых у акружэнне. Гэтыя групы паступова зліваліся з мясцовымі.

Партызаны дзейнічалі настолькі дзёрзка, што фашысты вымушаны былі ў верасні 1941 года правесці аблаву. Але аб гэтай акцыі патрыётаў папярэдзілі свае людзі. І аблава прайшла безвынікова: ніхто з партызан не трапіў у рукі ворага.

Праз некаторы час І.Салейка, М.Чарнак, Ф.Лысюк, С.Шыканаў і іншыя кіраўнікі антыфашысцкага руху прыйшлі да важнай ідэі стварэння адзінага арганізаванага кіраўніцтва.

У чэрвені 1942 года атрады Салейкі, Хоміча і Чарнова ўліліся ў атрад Шыканава. І з гэтага часу партызаны Старасельскага леса становяцца грознай узброенай сілай.

Патрыёты Брэста и Прыбужжа імкнуліся аб’яднаць свае намаганні. Яшчэ ў першую ваенную восень І.Салейка і Ф.Лысюк пачалі наладжваць сувязі з антыфашысцкім падполлем Брэста. У сваю чаргу звязацца з партызанамі імкнуліся камуністы і камсамольцы, якія не змаглі выбрацца з горада ў першыя дні вайны, былыя ваеннапалонныя і акружэнцы. Сувязь падпольшчыкаў Брэста і раёна вялася па многіх каналах, актыўна дзейнічалі сувязныя.

2 красавіка 1942 года ў лесе паблізу в. Камяніца-Жыровецкая адбылася нарада былых членаў КПЗБ і партыйна-савецкага актыву Камянец-Жыровіцкага, Тэльмінскага, Чэрнінскага, Радваніцкага (Брэсцкі раён), Стрыганецкага і Старасельскага (Жабінкаўскі раён), Пажэжынскага (Маларыцкі раён) сельсаветаў. У нарадзе, якую вёў вопытны падпольшчык, у мінулым разведчык СССР у Польшчы Р.С.Рамкоўскі, прынялі ўдзел 15 чалавек. Пасля грунтоўнага аналізу дзейнасці патрыятычнага руху нарада вырашыла стварыць адзіны антыфашысцкі камітэт. Сакратаром яго быў абраны Іван Васільевіч Салейка, а намеснікам яго стаў тэльмаўчанін Андрэй Ануфрыевіч Пугач.

З вясны 1942 года партызанскі рух у раёне пачаў набіраць сілу. Было разгромлена шмат будынкаў, у тым ліку памешчыцкая сядзіба ў Ямна, торфазавод у Тэльмах.

У кастрычніку 1942 года партызанская група на чале з Іванам Салейкам на перагоне Задворцы - в. Косічы ўзарвала нямецкі эшалон з жывой сілай і тэхнікай.

У ліпені 1943 года Іван Васільевіч Салейка ўзначаліў раённы антыфашысцкі камітэт, адначасова выконваючы ў атрадзе імя М.М.Чарнака абавязкі камандзіра ўзвода.

З перабудовай арганізацыйнай работы эфектыўнасць дзейнасці партызанскага і падпольнага руху ў раёне значна ўзрасла. Як паведамляў І.В. Салейка ў справаздачы штабу партызанскага злучэння, толькі ў жніўні 1943 года было спалена шэсць драўляных мастоў, спілаваны слупы лініі сувязі на адлегласці 16 кіламетраў.

Набліжэнне лініі фронту выклікала сярод мясцовага насельніцтва новы патрыятычны ўздым. У гэты перыяд пры Брэсцкім падпольным абкоме КП (б) Б была створана аператыўная група па забеспячэнні зброяй партызан. У сувязі з гэтым раённы антыфашысцкі камітэт правёў шэраг сустрэч з насельніцтвам партызанскай зоны. Толькі за адзін месяц - з 14 лютага па 16 красавіка - актывісты камітэта і камандаванне атрада імя М.М.Чарнака правялі 22 сустрэчы, на якіх расказалі жыхарам аб Сталінградскай і Курскай бітвах, міжнародным становішчы.

Калі асноўныя партызанскія сілы пайшлі на злучэнне з наступаючымі часцямі Чырвонай Арміі, у зоне іх дзейнасці засталіся невялікія дыверсійныя і разведвальныя групы некалькіх партызанскіх атрадаў. Гэта, у асноўным, былі людзі, якія на пачатку баёў былі на чыгунцы або выконвалі іншыя заданні і, зразумела, не змаглі прабіцца да сваіх праз шчыльнае кальцо блакады.

Сярод іх апынуўся і Іван Васільевіч Салейка. Менавіта ён узяўся за арганізацыю новага партызанскага атрада ў Старасельскім лесе.

У пачатку красавіка 1944 года І.В.Салейка склікаў на нараду ўсіх кіраўнікоў груп, якія засталіся на тэрыторыі Брэсцкага і Жабінкаўскага раёнаў. Было прынята рашэнне аб стварэнні партызанскага атрада, каб дзейнічаць у тыле ворага. Камандзірам новага атрада стаў М. І. Каліеў, а камісарам - І. В. Салейка.

У атрадзе налічвалася каля 100 партызан. За два месяцы атрад правёў 53 дыверсіі, знішчыў 397 варожых салдат і афіцэраў, 27 аўтамашын, адну танкетку, пусціў пад адхон 5 лакаматываў і 53 вагоны, узарваў два масты.

Тым часам партызанскі атрад імя М.М.Чарнака, які знаходзіўся ў савецкім тыле, быў перафарміраваны і 15 мая 1944 года зноў накіраваны на акупіраваную тэрыторыю.

31 мая 1944 года атрад імя М. І. Каліева ўліўся ў атрад імя М. М. Чарнака.

І.В.Салейка зноў узначаліў антыфашысцкі камітэт, на гэты раз — міжраённы. Патрыёты актыўна змагаліся з ворагам. Толькі за чэрвень — ліпень 1944 года спалілі масты на дарогах паміж вёскамі Красны Двор, Ваўкі і Вулька — Забалацце, узарвалі тры варожыя машыны. А напярэдадні вызвалення было праведзена шмат іншых дыверсій.

Іван Васільевіч Салейка памёр у 1951 годзе. Яго імем названа адна з вуліц вёскі Тэльмы.

          

ЗАХАР ФІЛІМОНАВІЧ ПАПЛАЎСКІ

Захар Паплаўскі – адзін з кіраўнікоў партызанскага руху ў Брэсцкай вобласці ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Нарадзіўся З. Ф. Паплаўскі 12 сакавіка 1898 года у беднай сялянскай сям’i ў вёсцы Буякі (зараз на тэрыторыі Тэльмінскага сельскага Савета) Брэсцкага раёна Брэсцкай вобласцi. Падлеткам працаваў у маёнтку ў заможнага аднавяскоўца. У 1915 годзе ў сувязi з наблiжэннем фронту Першай сусветнай вайны сям’я выехала ў Самарскую губерню Расii. Пэўны час працаваў на суконнай фабрыцы ў Самары. У 1917 годзе прызваны ў царскую армiю, ваяваў на Заходнім фронце, там уключыўся ў рэвалюцыйную барацьбу, прымаў удзел у салдацкiх выступленнях. З 1918 года служыў у Чырвонай Арміі, у 5-м Вiленскiм стралковым палку, 7-й стралковай дывiзii, ваяваў супраць войск Дзянікіна, польскіх інтэрвентаў. У 1919 годзе ў адным з баёў трапiў у палон да палякаў, але змог уцячы.

У 1921 годзе З. Ф. Паплаўскi вярнуўся на радзiму, у Брэст. Працаваў грузчыкам на лесапiльным заводзе Квартоўскага. Стаў актыўным удзельнікам рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі, у 1922 годзе быў прыняты ў КПЗБ. Быў адным з арганiзатараў акцый пратэсту працоўных горада. У 1925 годзе З. Ф. Паплаўскi арыштаваны і зняволены на 5 гадоў. Вызвалiўся ў 1930 годзе, але ўжо ў 1931 годзе арыштаваны, прыгавораны да 8-мі гадоў турэмнага зняволення. У Брэсцкай i Бяла-Падляскай турмах кiраваў галадоўкамi зняволеных. Вызвалены па амныстыi ў 1936 годзе. У хуткiм часе З. Ф. Паплаўскі зацверджаны сакратаром Брэсцкага акруговага камітэта КПЗБ. У 1937 годзе зноў арыштаваны і прыгавораны да 10-ці гадоў турэмнага зняволення. У засценках у агульнай складанасцi правёў 13 гадоў. Яго жонка Вера Данiлаўна за падпольную дзейнасць таксама была асуджана на 4 гады, згiнула ў Польшчы, не ўдалося знайсцi вестак пра яе i пасля Другой сусветнай вайны. Але застаўся сын Георгiй.

Пасля вызвалення Заходняй Беларусі ў 1939 годзе З. Ф. Паплаўскі знаходзіўся на гаспадарчай рабоце: працаваў дырэктарам шавецка-валяльнай фабрыкi.

Калi пачалася Вялiкая Айчынная вайна, З. Ф. Паплаўскi накiраваўся на ўсход. У Маскве ў 1942 годзе ён быў накiраваны ў спецшколу. З сакавіка 1943 года Захар Філімонавіч знаходзiцца ў тыле ворага, з’яўляецца ўпаўнаважаным Брэсцкага абкома КП(б)Б у паўднёвай зоне вобласці па кіраўніцтве падполлем i партызанскім рухам.

Пасля вызвалення Беларусi З. Ф. Паплаўскага назначылi старшынёй Гайнаўскага райвыканкама (цяпер – тэрыторыя Польшчы). У 1945 годзе быў паранены бандытамi, пасля выздараўлення пераведзены ў Брэст, назначаны намеснiкам старшынi гарвыканкама. З 1946 года З. Ф. Паплаўскі працаваў інструктарам Брэсцкага абкома КПБ. Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны I ст., польскiм сярэбраным крыжом ордэна Вiртуцi Мiлiтары i медалямi.

Захар Філімонавіч Паплаўскі памёр 11 чэрвеня 1965 года, пахаваны на Гарнiзонных могiлках. Яго iмянем названа вулiца ў Брэсце.

 

 

 

САЎГАС   “БРЭСЦКІ”

 

         Гаспадарка была заснавана ў 1960 годзе шляхам узбуйнення 5 навакольных невялікіх калгасаў.

         У жніўні 1961 года кіраўніком саўгаса быў назначаны Андрэй Нікандравіч Чэбатков. Праз 5 гадоў гаспадарка прыйшла да станоўчых вынікаў. Вытворчасць малака павялічылася ў тры разы і стала даваць рэальны прыбытак. За 10 гадоў кіраўніцтва Андрэя Нікандравіча Чэбаткова саўгас “Брэсцкі” выйшаў у лік перадавых гаспадарак — як у раёне, так і вобласці.

         У канцы 1960-х — пачатку 1970-х гг. дабрабыт працаўнікоў сельскай гаспадаркі павольна расце. Так, у 1968 — 1970 гг. аплата аднаго чалавека-дня калгасніка павялічылася на 31,1% і склала больш за 3 рублі.

         З 1970 года і больш чвэрці стагоддзя кіраваў саўгасам Віктар Феліксавіч Дабражанецкі, сапраўдны прафесіянал, узнагароджаны ордэнамі “Знак Пашаны”, Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалямі “За трудовую доблесть”, “За трудовое отличие”.

         У 1973 годзе валавы збор збажыны ў Брэсцкім раёне дасягнуў 44 386 тон. У лік гаспадарак з найлепшымі вынікамі ўвайшоў і саўгас “Брэсцкі”, дзе было атрымана па 27 ц зерня з гектара.

         У 1978 годзе ў Брэсцкім раёне ўраджайнасць збажыны дасягнула 30,8 ц з гектара. Валавы збор зерня склаў 61 тысячу тон. І зноў у лік гаспадарак з найлепшымі вынікамі ўвайшоў і саўгас “Брэсцкі” - 35, 5 ц з кожнага гектара. У выніку спецыялізацыі і канцэнтрацыі вытворчасць гародніны ў саўгасе павялічылася ў 2, 5 разы.

         У 1989 годзе працаўнікі саўгаса “Брэсцкі” перавысілі чатырохтысячны ўзровень надояў малака. Быў выкананы план нарыхтовак па ўсіх відах прадукцыі сельскай гаспадаркі.

         1990-я гады выдаліся для саўгаса і ўсяго раёна вельмі няпростымі. Аднак, нягледзячы на ўсе цяжкасці, працаўнікі сельскай гаспадаркі не дапусцілі абвальнага спаду вытворчасці. А потым пачалі паступова нарошчваць аб’ёмы сельскагаспадарчай прадукцыі.

         Сення на тэрыторыі саўгаса знаходзяцца тры малочна-таварныя фермы, сховішча для агародніны на 520 тон. Прадпрыемства займаецца вытворчасцю зерня, малака, мяса, агародніны.

         Вырошчванне агародніны — адзін з галоўных напрамкаў дзейнасці саўгаса. Вырошчваюцца такія культуры, як буракі, морква, цыбуля. Толькі адна капуста займае 25 гектараў. Сярэдняя ўраджайнасць яе — 170 ц з гектара. УП “Саўгас Брэсцкі” — адзіная гаспадарка ў раёне, дзе на плошчы 32 гектара вырошчваецца цыбуля. А у апошнія гады саўгас яшчэ займаецца вырошчваннем укропа. У 2014 годзе з 11 гектараў было сабрана 13 тон гэтай культуры, а рэнтабельнасць дасягнула 300 %.

         Асаблівасцю гаспадарчай дзейнасці прадпрыемства з’яўляецца сезоннасць продажу сельскагаспадарчай прадукцыі. Прычыны поспеху апошняй у пакупнікоў — даступная цана і высокая якасць. Так, ад продажу агародніны ў асенні перыяд прадпрыемства штогод атрымлівае каля 500-700 даляраў. Агародніна рэалізуецца на ярмарках, праз гандлёвую сетку, а таксама пастаўляецца на сацыяльныя аб’екты — бальніцы, дзіцячыя сады, школы.

 

                                                                    

 

 

ЦЯПЛІЧНЫ   КАМБІНАТ   “БЯРЭСЦЕ”

 

         У 1987 годзе з саўгаса “Брэсцкі” шляхам выдзялення быў створаны цяплічны камбінат “Бярэсце” — новая самастойная гаспадарка. Кіраўніком яе стаў Мікалай Мікалаевіч Долбік, які да гэтага ўзначальваў сельскагаспадарчы аддзел Брэсцкага райкама КПБ.

         Прадпрыемства адразу атрымала 137 гектараў зямлі і амаль 13 гектараў цяпліц. Ужо з самага пачатку камбінат пачаў метадычна выконваць галоўную на той момант задачу: забеспячэнне масавай вытворчасці агародніны, у тым ліку і ў закрытым грунце.

         Спачатку прадпрыемства займалася вырошчваннем агародніны ў зашклёных цяпліцах, у аснове якіх былі звычайныя сялянскія градкі, толькі ўкладзеныя ў бятонныя жолабы. Аднак ужо літаральна праз два гады камбінат стаў буйнейшым вытворцай агародніны на тэрыторыі Прыбужжа, а потым і вядучым у гэтым плане прадпрыемствам Брэсцкай вобласці. Прадукцыя камбіната карысталася вялікім поспехам у пакупнікоў. Варта адзначыць, што ў першай палове 1990-х рэнтабельнасць дасягнула 50-60 працэнтаў!

         У 1995 годзе камбінат выканаў свой план па вырошчванню агародніны ў зімовых цяпліцах, атрымаўшы болей 1720 тон яе. Аднак рэнтабельнасць з-за падаражання энерганосьбітаў значна знізілася і склала ўсяго 2-3 %. Стала зразумела: патрэбны новыя рашучыя крокі, каб змяніць сітуацыю ў лепшы бок.

         У гэтым жа годзе на камбінаце распрацавалі план выхаду з гэтай сітуацыі, у аснову якога была пакладзена ідэя рэзкага тэхналагічнага рыўка. Група кіраўнікоў сельскіх гаспадарак Брэсцкага раёна, у складзе якой быў і М.М.Долбік, паехала ў Галандыю, дзе наведала некалькі сельскагаспадарчых кааператывах, у тым ліку і ў цяплічных гаспадарках. Быў заключаны дагавор на пастаўку абсталяванне для вырошчвання агародніны ў робленым грунце.

         Энергазатраты на тых участках, дзе працаваў галандскі комплекс, знізіліся амаль у два разы. А выхад “зялёнага прадукту” з адзінкі плошчы ўзрос у 4-5 разоў! Ужо напрыканцы 1990-х гг. камбінат увайшоў у лік прызнаных лідэраў агародніцтва Беларусі. Выдатная якасць агародніны дазволіла прадпрыемству рэалізоўваць сваю прадукцыю не толькі ў Прыбужжы і Беларусі, але і шматлікіх гарадах Расіі і Еўропы.

         Ініцыятыўнасць, творчы падыход падштурхнулі прыбужскіх агароднікаў да новых дасягненняў. Каб паменьшыць затраты на вытворчасць агародніны, было вырашана ажыццявіць пераход на бяссубстратную тэхналогію вырошчвання прадукцыі.

         І з 2003 года гэта тэхналогія стала выкарыстоўвацца на ўсёй плошчы цяпліц камбіната. Гэта дазволіла вызваліцца ад “імпартнай залежнасці”, а таксама эканоміць на кожным гектары каля 20 тысяч даляраў ЗША.

         У 2006 годзе за аўтарскі праект “Бяссубстратная тэхналогія вырошчвання агародніны ў зімовых цяпліцах” на спецыялізаванай выстаўцы ў Расіі калектыў камбіната быў узнагароджаны сярэбраным медалём.

         У 2007 годзе за распрацоўку навейшых тэхналогій вырошчвання агародніны ў закрытым грунце камбінат атрымаў залаты медаль. У гэтым жа годзе гаспадарка дасягнула новых вынікаў: звыш 50 кг вітаміннай прадукцыі з кожнага метра грунту. Рэнтабельнасць склала 45 %, чысты прыбытак перавысіў тры мільярда рублёў.

         У красавіку 2007 года прадпрыемства наведаў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка. Ён даў высокую адзнаку дасягненням працаўнікоў камбіната ў галіне эфектыўнага агародніцтва.

         У сакавіку 2009 года ў Велікабрытаніі цяплічны камбінат “Бярэсце” атрымаў міжнародную ўзнагароду “European Quality” (“Еўрапейская якасць”).  

         Сёння прадпрыемства мае болей 21 гектара грунту. Звыш 8 гектараў плошчы займаюць цяпліцы новага пакалення. Яны маюць двайное шкленне, высокія шпалеры, спецыяльныя шторкі і насосы. Дзякуючы апошнім, вада ў час абагравання астывае вельмі павольна, што забяспечвае значную эканомію газа. Перавага новых цяпліц відавочна, і сёння прадпрыемства, крок за крокам, вядзе абнаўленне сваіх вытворчых плошчаў. Гэта работа ідзе пастаянна, і гаспадарка мэтанакіравана імкнецца да новых дасягненняў.

                                        

ДЮСШ   “ПРЫБУЖЖА”

 

         На тэрыторыі вёскі Тэльмы знаходзіцца дзіцяча-юнацкая спартыўная школа “Прыбужжа”. Адкрыццё яе адбылося 7 студзеня 1966 года - пры Брэсцкім раённым аддзеле народнай адукацыі. Спачатку ў школе развіваліся такія віды, як веласпорт і бокс. З 1 верасня 1968 года аддзяленне бокса зачынена, створана аддзяленне лёгкай атлетыкі.

         Рашэннем Брэсцкага райвыканкама ад 22 жніўня 2006 года створана Установа “Дзіцяча-юнацкая спартыўная школа “Прыбужжа”. У верасні 2013 года ў школе адкрываецца аддзяленне баскетбола.

         Сёння ў ДЮСШ “Прыбужжа” развіваюцца наступныя напрамкі: лёгкая атлетыка, баскетбол, настольны тэніс.

         З 1968 па 2003 гг. школу ўзначальваў Якаў Пастушык. З 2003 па 2012 гг. - Аляксандр Барысаў. З 2012 года дырэктарам ДЮСШ “Прыбужжа” з’яўляецца Пётр Добравіцкі.

         Вучэбна-выхаваўчую работу ажыццяўляюць 30 трэнераў-выкладчыкаў.

         Школа рэгулярна прымае ўдзел у разнастайных спаборніцтвах на абласным і рэспубліканскім узроўні, дзе займае прызавыя месцы. Так, на Першынстве Брэсцкай вобласці ў 2007 годзе ў камандным заліку ДЮСШ “Прыбужжа” заняла I месца; у 2009 годзе — III месца; у 2010 годзе — II месца; у 2012 годзе — III месца; у 2014 годзе — II месца.

         На Абласной спартакіядзе школьнікаў у 2009 годзе ў камандным заліку ДЮСШ “Прыбужжа” заняла III месца; у 2011 годзе — I месца; у 2012 годзе — III месца; у 2013 годзе — I месца.

         На спаборніцтвах “Алімпійскі Дзень Моладзі Брэсцкай вобласці” у 2007 годзе ў камандным заліку ДЮСШ “Прыбужжа” заняла III месца; у 2009 годзе — I месца; у 2011 годзе — I месца; у 2012 годзе — II месца; у 2014 годзе — III месца.

         На Першынстве Рэспублікі Беларусь сярод ДЮСШ і СДЮШАР, якое адбылося ў Мінску ў 1999 годзе, ДЮСШ “Прыбужжа” заняла II месца.

         Школа ганарыцца сваімі выхаванцамі, якія дасягнулі значных вынікаў на рэспубліканскім і міжнародным узроўнях:

- Валерый Ізотаў на Летніх Юнацкіх Алімпійскіх гульнях 2014 года ў Нанкіне (кіданне кап’я) заваяваў 5 месца.

- Паліна Ласко і Дар’я Кушнярэвіч удзельнічалі ў Першынстве Рэспублікі Беларусь па доўгім кіданням. Паліна заваявала I месца ў кіданні кап’я, а Дар’я - II месца ў кіданні дыска.

- Іван Міхальчук і Дзяніс Ерэмейчык занялі I-я месцы на Першынстве Рэспублікі Беларусь сярод юніёраў. Іван — у штурханні ядра, а Дзяніс — у скоках у даўжыню.

- Яўген Ган на Юнацкім Еўрапейскім фестывалі заняў 7-е месца ў кіданні кап’я.

- Іван Дымар заваяваў I месца (бег) на Чэмпіянаце Рэспублікі Беларусь.

- Мікалай Тур на Спартакіядзе ДЮСШ і СДЮШАР заняў II месца (бег).

- Ілля Верамчук на Міжнародным турніры лёгкай атлетыкі памяці Д.Карбышава заняў II месца (трайны скачок).

- Наталля Шымчук на Кубку Еўропы заваявала I месца (кіданне кап’я).

- Алеся Дабравіцкая на Першынстве Рэспублікі Беларусь па лёгкай атлетыцы сярод юніёраў заняла I месца (бег).

- Былая вучаніца СШ в. Тэльмы Л.Гараджанская заваявала 6-е месца (веласпорт) на Алімпійскіх гульнях у Атланце.

 

                                                                    

Выкарыстоўваліся матэрыялы з краязнаўчых архіваў Тэльмаўскага сельскага клуба (дэрэктор Г.Я.Крысанава)

 

 

 

 

Foto-planeta.com – фотографии Тельмов

Прочитано 1741 раз
Другие материалы в этой категории: « Радваничи Томашовка »

Оставить комментарий

Убедитесь, что вы вводите (*) необходимую информацию, где нужно
HTML-коды запрещены


Защита от спама
Russian Belarusian
© 2018 Брестская районная централизованная библиотечная система. Все права защищены.
Сайт создан отделом автоматизации Брестской районной централизованной библиотечной системы