Поиск

Библиотека детям

_детям2.jpg

Досуг, творчество, библиотека

Tvorchestvoall.jpg
Понедельник, 10 Июнь 2013 12:22

Ляшук Вера Якаўлеўна (1933,Брэсцкі р-н, в.Марозавічы)

Оцените материал
(4 голосов)

Літаратуразнаўца, даследчык беларускай літаратуры і літаратурнага кураязнаўства, члена-карэспандэнт Беларускай акадэміі адукацыі, заслужаны работнік вышэйшай школы Беларусі

 Вера Якаўлеўна Ляшук нарадзiлася 1лістапада 1933 года ў сялянскай сям’і ў в. Марозавічы Брэсцкага раёна Брэсцкай вобласці.Бацька Якаў Рыгоравіч ведаў шмат казак, песень. Маці Аляксандра Васільеўна ведала на памяць шмат вершаў рускіх і ўкраінскіх паэтаў, асабліва шанаваліся творы Тараса Шаўчэнкі. З-за вайны Вера пайшла ў школу пераросткам: у 1944 годзе – у другі клас. Сямігодку заканчвала за 4 км ад дому ў Малых Зводах.

Настаўнічаць марыла з дзяцінства. Закончыла Брэсцкае педагагічнае вучылішча ў 1954 годзе, Брэсцкі педагагічны інстытут імя А. С. Пушкіна ў 1959 годзе. Выбар прафесіі аказаўся беспамылковым. Вера Якаўлеўна працавала настаўніцай у Дамачаўскай і Камароўскай сярэдніх школах Брэсцкага раёна. У жніўні 1961 года пераведзена загадчыкам вучэбна-выхаваўчай работы Тамашоўскага дзіцячага дома. Маладая настаўніца верыла ў здольнасць кожнага вучня, умела далучыць да мастацкага слова, бо сама добра спявала, таленавіта чытала вершы. Выступала на настаўніцкіх нарадах з дакладамі па арганізацыі пазакласнай і самастойнай працы вучняў.

У лютым 1963 года з-за цяжкай хваробы бацькі вярнулася ў г. Брэст.У кастрычніку 1963 года выбрана па конкурсе ў Брэсцкі педагагічны інстытут імя А. С. Пушкіна, пачала працаваць на кафедры беларускай літаратуры.З 1965 года – старшы выкладчык, з 1978 года – дацэнт. У 1980–1985 гадах дэкан філалагічнага факультэта. У 1987 годзе стала кандыдатам філалагічных навук, ёй прысвоена званне заслужанага работніка вышэйшай школы БССР. З 1989 года – загадчык кафедры беларускага літаратуразнаўства. З 1991 года – прафесар. У 1995 годзе стала членам-карэспандэнтам Беларускай акадэміі адукацыі.

Больш за 20 гадоў чытала курс методыкі выкладання беларускай і рускай літаратур. Працавала на кафедры беларускай літаратуры, дзе творчая атмасфера заахвочвала да навуковай працы. Асноўныя тэмы яе даследаванняў – беларуская літаратура, літаратурнае краязнаўства, методыка выкладання беларускай і рускай літаратур і моў у школе, праблемы педагогікі вышэйшай школы. Падрыхтавала аднаго кандыдата навук.

Друкуецца з 1957 года, аўтар больш як 425 навуковых публікацый. Усе працы В. Я. Ляшук вызначаюцца практычнай накіраванасцю, актуальнасцю і змястоўнасцю, даходлівасцю стылю. Не дазваляе сабе ведаць нешта прыблізна, павярхоўна. Калі гаворыць або піша, то заўсёды з абсалютнай кампетэнтасцю. Яе працаздольнасці можна па-добраму пазайздросціць.

Аўтар вучэбных дапаможнікаў і манаграфій, у тым ліку “Краязнаўчы матэрыял на ўроках літаратуры” (1980), “Іван Мележ у школе” (1981), “Вывучэнне эпічных твораў: 5–8 класы” (1987), “Літаратурнае краязнаўства ў школе” (1991), “Вывучэнне беларускай літаратуры ў школе” (1994), “Вывучэнне ў школе трылогіі Якуба Коласа “На ростанях” (1996, 2001), “Вывучэнне творчасці Адама Міцкевіча ў школе” (2003),“Вывучэнне творчасцi Янкі Брыля ў школе” (2004),“Вывучэнне творчасцi Якуба Коласа ў школе” (2006),“Гуманістычны пафас заходнебеларускай літаратуры” (разам з М. І. Яніцкім, 2007),“Вывучэнне творчасці Максіма Багдановіча ў школе” (2008), “Літаратурная Берасцейшчына” (разам з Г. М. Снітко, 2008) i iнш.

Пад рэдакцыяй В. Я. Ляшук выйшлi падручнікі і дапаможнікі “Родная літаратура” (1996, 1999), “Беларуская літаратура” (1997, 2000), “Методыка выкладання беларускай літаратуры” (1999), “Беларуская літаратура ў 4 класе” (2002) i iнш.

Бескампрамісна і прынцыпова Вера Якаўлеўна змагаецца за высокі прафесіяналізм настаўнікаў, прэстыж выкладання прадмета, навуковыя падыходы да правядзення ўрокаў.

Узнагароджана Граматай Вярхоўнага Савета БССР, медалём “Ветэран працы”, знакамі “Отличник просвещения СССР”, “Выдатнік народнай асветы БССР, Граматамі Міністэрства адукацыі БССР і РБ, Міністэрства культуры БССР.

4 лістапада 2003 года ў актавай зале ўніверсітэта адбыўся юбілейны вечар Веры Якаўлеўны. Павіншаваць з 70-годдзем прыйшлі калегі, настаўнікі горада i вобласцi, студэнты. Выступіў камерны хор універсітэта, студэнты паставілі ўрывак з п’есы Янкі Купалы “Паўлінка”, спявалі любімыя песні, дэкламавалі вершы. Родная кафедра методыкі выкладання беларускай літаратуры і краязнаўства выдала кнігу “З людзьмі і для людзей”, прысвечаную юбілею прафесара В. Я. Ляшук.

Незалежная ў меркаваннях, непахісная, перакананая ў неабходнасці і высокай вартасці таго, што робіць, Вера Якаўлеўна і сёння ў творчых пошуках.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 Працы В. Я. Ляшук

  1. Літаратурная Берасцейшчына : краязнаўчыя нарысы, партрэты, артыкулы / В. Я. Ляшук, Г. М. Снітко. Мінск : Литература и Искусство, 2008. 319 с.
  2. Зарунела літаратурная ніва… : “Літаратурныя старонкі” гісторыі Лунінеччыны : дадатак да альманаха “Лунінецкая муза” / В. Я. Зарэцкая. Лунінец, 2008. 28 с.
  3. Вывучэнне творчасці Максіма Багдановіча ў школе : дапам. для настаўнікаў / В. Я. Ляшук. Мінск : Аверсэв, 2008. 252 с. (Бібліятэка настаўніка).
  4. Гуманістычны пафас заходнебеларускай літаратуры : манаграфія / В. Я. Зарэцкая, М. І. Яніцкі. Брэст : БрДУ, 2007. 187 с.
  5. Вывучэнне творчасці Кандрата Крапівы ў школе : дапам. для настаўнікаў / В. Я. Ляшук, М. І. Яніцкі. Мінск : Аверсэв, 2007. 192 с. (Бібліятэка настаўніка).
  6. Вывучэнне творчасцi Якуба Коласа ў школе : дапам. для настаўнікаў / В. Я. Ляшук. Мінск : Аверсэв, 2006. 320 с.
  7. Вывучэнне творчасці пісьменніка : Іван Мележ у школе : дапам. для настаўнікаў. Выд. 2 / В. Я. Ляшук. Мінск : Аверсэв, 2005. 191 с.
  8. Вывучэнне творчасцi Янкі Брыля ў школе : дапам. для настаўнікаў / В. Я. Ляшук. Мінск : Аверсэв, 2004. 220 с.
  9. Вывучэнне творчасці Адама Міцкевіча ў школе : дапам. для настаўнікаў / В. Я. Ляшук. Мінск : Аверсэв, 2003. 110 с.
  10. Вывучэнне трылогіі Якуба Коласа “На ростанях” у школе : дапам. для настаўніка / В. Я. Ляшук. Мінск : Полымя, 2001. 127 с.
  11. Літаратура Берасцейшчыны / В. Я. Ляшук, Г. М. Снітко. Брэст : Лаўроў, 1999. 373 с.
  12. Родная літаратура ў 7 класе : вучэбна-метад. дапам. для настаўнікаў / В. Я. Ляшук, А. А. Майсейчык. Мінск : Асар, 1997. 207 с.
  13. Міжпрадметныя сувязі ў выкладанні беларускай мовы і літаратуры / В. Я. Ляшук, Г. М. Малажай. Мінск : Народная асвета, 1992. 126 с.
  14. Сямейныя традыцыі перад усім : Верш “Бацьку” Ніны Мацяш. VI клас / В. Я. Ляшук // Роднае слова. 2005. № 7. С. 62–63.
  15. Рэгіянальны каларыт і аўтабіяграфічная аснова аповесці Віктара Гардзея “Блаславёныя зёлкі” : Тапонімы і гідратапонімы як мастацкі прыём / В. Я. Ляшук // Роднае слова. 2002. № 4. С. 59–61.
  16. Вывучэнне жыцця і творчасці Францішка Багушэвіча : (9 клас, базавы і павышаны ўзроўні) / В. Я. Ляшук // Беларуская мова і літаратура. Серыя “У дапамогу педагогу”. 2008. № 1 ; № 3. С. 39–44.
  17. Вывучэнне п’есы А. Дударава “Кім” у 8 класе / В. Я. Ляшук // Беларуская мова і літаратура. Серыя “У дапамогу педагогу”. 2010. № 8. С. 25–39.
  18. “Вайна каля цітавай копанкі” Івана Навуменкі : рэфлексійныя заданні па вывучэнні аповесці / В. Я. Ляшук // Роднае слова. 2008. № 9. С. 33–37.
  19. Вывучэнне жыцця і творчасці Пімена Панчанкі ў 10 класе / В. Я. Ляшук // Беларуская мова і літаратура. 2007. № 8. С. 51–61.
  20. След на зямлі : [працоўны і творчы шлях лiтаратуразнаўцы Аляксея Антонавіча Майсейчыка] / Вера Ляшук // Народная трыбуна. 2006. 30 верас. С. 3.
  21. Вывучэнне твораў Алены Васілевіч. VII клас / Вера Ляшук // Роднае слова. 2007. № 12. С. 43–44.

 Аб жыццi i дзейннасцi В. Я. Ляшук

  1. З людзьмі і для людзей : да 70-х угодкаў прафесара Веры Якаўлеўны Зарэцкай (Ляшук) / пад рэд. Г. С. Гарадко, Г. М. Снітко. Брэст : БрДУ, 2003. 107 с.
  2. Ляшук (Зарецкая) Вера Яковлевна // Кто есть кто в Республике Беларусь. Минск : Энциклопедикс, 2004. С. 179.
  3. Зарэцкая (Ляшук) Вера Якаўлеўна // Прафесарска-выкладчыцкі калектыў Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна : біябібліяграфічны даведнік : 1945–2005 / аўт.-склад.: У. В. Здановіч і інш. Брэст : БрДУ, 2005. С. 73–74.
  4. Ляшук Вера Якаўлеўна // Памяць : гiсторыка-дакументальная хронiка Брэста : у 2 кн. Мiнск, 2001. С. 653–654.
  5. Ляшук Вера Якаўлеўна // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1999. Т. 9. С. 438.
  6. Федзюкова, Т. Выкладчыку ў пояс пакланюся… : творчыя набыткі Веры Ляшук / Таццяна Федзюкова // Роднае слова. 2008. № 11. С. 22–23.
  7. Ляшук Вера // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. Мінск, 1994. Т. 4. С. 154–155.
  8. Сучасныя беларускія краязнаўцы : Ляшук Вера Якаўлеўна // Краязнаўчая газета. 2005. № 44. С. 2.
  9. Кастэнка, Р. Вера Ляшук: “Мне не сорамна глядзець настаўнікам у вочы” : [да 70-годдзя В. Я. Ляшук] / Раман Кастэнка // Брестский курьер. 2003. 6–12 нояб. (№ 45). С. 23.
  10. Дымаў, В. Ніва лунінецкіх творцаў : [аб нарысе В. Я. Зарэцкай (Ляшук) “Зарунела літаратурная ніва…”] / Васіль Дымаў // Информ-прогулка (Лунинец). 2008. 17 апр. С. 11.

 

 

Прочитано 3501 раз Последнее изменение Понедельник, 17 Июнь 2013 09:05

Оставить комментарий

Убедитесь, что вы вводите (*) необходимую информацию, где нужно
HTML-коды запрещены


Защита от спама
© 2018 Брестская районная централизованная библиотечная система. Все права защищены.
Сайт создан отделом автоматизации Брестской районной централизованной библиотечной системы