Імя Казіміра Лышчынскага пачэсна стаіць у адным шэрагу з імёнамі волатаў думкі – «вялікіх ерэтыкоў» Мігеля Сервета, Джардана Бруна, Лючыліа Ваніні. Як і яны, ён – адна з зорак першай велічыні на еўрапейскім філасофскім небасхіле ХVII ст. – паплаціўся жыццём за свае погляды.
Казімір Лышчынскі нарадзіўся 4 сакавіка 1634 года ў сям’і служылага шляхціча ў маёнтку Лышчыцы Берасцейкага павета (цяпер вёска Лышчыцы Брэсцкага раёна Брэсцкай вобласці). Беларускі мысліцель, грамадска-палітычны дзеяч і педагог паходзіў са старажытнага, але небагатага шляхецкага роду.
Здольны малады чалавек атрымаў добрую адукацыю, вучыўся ў Берасцейскім езуіцкім калегіуме, пасля заканчэння якога трапіў у войска, на вайне змагаўся супраць шведаў і рускіх. Працягваў адукацыю ў езуіцкіх установах Кракава, Львова і Каліша, вывучаў рыторыку, логіку, фізіку, метафізіку. У 1658 годзе ўступіў у ордэн езуітаў. Нейкі час Казімір Лышчынскі выкладаў у Львове, з 1665 года з’яўляўся выкладчыкам і памочнікам рэктара Берасцейскага езуіцкага калегіума. У 1666 годзе выйшаў з ордэна езуітаў, ажаніўся, пакінуў Берасце і пасяліўся ў сваім родавым маёнтку Лышчыцы.
Прымаў актыўны ўдзел у грамадскім жыцці павета і ваяводства. Займаўся юрыдычнай практыкай. Шляхта неаднаразова абірала Казіміра Лышчынскага паслом Берасцейкага ваяводства на сеймы ў Варшаве (1669, 1670, 1672, 1674). Ад яе імя ён браў удзел у выбарах на трон Рэчы Паспалітай каралёў Міхаіла Карыбута Вішнявецкага, Яна ІІІ Сабескага. Прывілеем караля Яна ІІІ Сабескага, які ведаў К. Лышчынскага асабіста, цаніў як грамадскага дзеяча, у 1682 годзе быў зацверджаны на адказную пасаду падсудка Берасцейскага земскага суда. Казімір Лышчынскі ўдзельнічаў таксама ў трыбунальскім судзе, быў пісарам каралеўскага суда.
Дзякуючы грамадскай дзейнасці, карыстаўся аўтарытэтам сярод шляхты, найперш зарэкамендаваў сябе як педагог. У сваім маёнтку Казімір Лышчынскі, які быў прыхільнікам ідэй асветніцтва, адкрыў школу, дзе сам выкладаў дзецям шляхты і сялян мовы, асновы розных навук. Замест таго, каб вучыць па Катэхізісе, як было пастаўлена ў тагачасных школах, даваў веды пра прыроду і прыродазнаўчыя законы, па якіх усё развіваецца.
Усё жыццё К. Лышчынскі правёў у навуковых пошуках. Глыбока вывучаў філасофію, гісторыю, прыродазнаўства, філасофскія і тэалагічныя творы антычных і сучасных аўтараў, у тым ліку, уключаныя ў «Індэкс забароненых кніг». Атэістычныя погляды пачалі фарміравацца яшчэ ў калегіуме, дзе ён выказваў парадаксальныя думкі пра Бога, анёлаў і рэлігію. Светапогляд фарміраваўся пад уплывам гуманістычных традыцый мысліцеляў Антычнасці, Адраджэння і рацыяналізму радыкальнай плыні ідэолагаў Рэфармацыі. Казімір Лышчынскі імкнуўся знайсці адказы на пытанні, якія хвалявалі яго.
Вольны час К. Лышчынскі прысвячаў філасофскім развагам, спробам па-свойму растлумачыць свет і законы яго развіцця. Так нараджаўся трактат «Аб неіснаванні Бога» («De non existentia Dei»), у якім ён выклаў свае атэістычныя ідэі і вывады, кожная выснова якога пахла вогнішчам інквізіцыі. Трактат быў напісаны на латыні на 530 старонках уборыстым почыркам, да нас дайшлі толькі асобныя фрагменты твора, якія захаваліся ў матэрыялах судовага працэсу над Казімірам Лышчынскім.
Трактат К. Лышчынскага – арыгінальны філасофскі твор, у якім аўтар выступаў супраць рэлігійнага светаразумення і хрысціянскай рэлігіі, адкідаў біблейскую касмагонію, сцвярджаў, што прырода развіваецца па ўласных законах без умяшання звышнатуральных істот, а свет існуе вечна. Ён лічыў, што ўяўленні людзей пра Бога – вынік іх фантазіі і памылак, Стары і Новы Запаветы – выдумка ашуканцаў Майсея і Хрыста, адмаўляў бессмяротнасць душы, тройцы, замагільны свет, уваскрасенне з мёртвых, крытыкаваў царкоўную мараль, лад жыцця духавенства, настойваў на замене царкоўнага шлюбу грамадзянскім. Частка гэтага трактата была спалена разам з яго аўтарам, лёс астатняй часткі невядомы. Некалькі яго фрагментаў зберагаюцца зараз у горадзе Курнік (Польшча).
Казімір Лышчынскі – адзін з першых прапагандыстаў ідэй утапічнага сацыялізму ў Беларусі. Марыў аб сацыяльнай роўнасці і свабодзе, жадаў бачыць свет без улады, гарады без начальнікаў, народ без гаспадароў. Сваіх ідэй вальнадумец не хаваў, а нёс іх сучаснікам: дзяліўся імі з вучнямі, сябрамі, суседзямі, знаёмымі.
Езуіты не прабачылі здрады свайму былому сабрату. У 1687 годзе іх агент Ян Бжоска – ён жа даўні знаёмец і сусед К. Лышчынскага – выкраў 15 сшыткаў тайна напісанага трактата і разам са сваім даносам, гучна названым «Маніфестам», перадаў Віленскаму біскупу Бжастоўскаму. Разам з паметкамі «Значыць, Бога няма», зробленымі філосафам на палях кнігі кальвініста Альстэда «Натуральная тэалогія», трактат стаў падставай для абвінавачвання ў атэізме. І ў 1688 годзе Казімір Лышчынскі быў зняволены. Мысліцель апынуўся ў Віленскай турме. Духоўны суд вынес прыгавор: смерць праз спаленне. Кароль Ян ІІІ, які сямі гадамі раней адзначаў заслугі К. Лышчынскага, такую пастанову ўхваліў, але па просьбе падсуднага замяніў гэту пакутніцкую кару адсячэннем галавы.
30 сакавіка 1689 года на плошчы Старога мяста ў Варшаве, у прысутнасці шматтысячнага натоўпа, адбылося публічнае пакаранне. Казімір Лышчынскі мужна сустрэў сваю апошнюю хвіліну. Цела было вывезена за горад і там спалена.
З таго часу прозвішча Казіміра Лышчынскага не сходзіць са старонак кніг, часопісаў, газет, энцыклапедычных выданняў – да канца ХХ ст. выйшла звыш 500 публікацый, прысвечаных спаленаму брэсцкаму філосафу. Ён набыў вечнае жыццё ў навуковай і літаратурнай творчасці розных народаў, працягвае жыць у музыцы, жывапісе, скульптуры і кіно. У в. Малыя Шчытнікі Брэсцкага раёна па iнiцыятыве Беларускага фонду культуры ў год 300-годдзя пакарання К. Лышчынскага ўстаноўлены памятны знак (1989).