КОВАЛЬЧУК Валерий Евгеньевич - ГУК
КОВАЛЬЧУК Валерий Евгеньевич

 Валерый Яўгенавіч Кавальчук нарадзіўся 18 студзеня 1961 года ў вёсцы Пугачова (з 1979 г. у межах Брэста) Брэсцкага раёна Брэсцкай вобласці.

Талент Валерыя Кавальчука праявіўся рана. У 1979 годзе скончыў Рэспубліканскую школу-інтэрнат па музыцы і выяўленчаму мастацтву. У 1984 годзе – Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. Вучыўся ў Г. Вашчанка, В. Стэльмашонка.

Як мастак працуе ў тэхніках манументальна-дэкаратыўнага мастацтва: графіт, энкаўстыка, фрэска, мазаіка, у станковым жывапісе, у жанрах карціны, партрэта і пейзажа. З 1982 года – удзельнік абласных, рэспубліканскіх і замежных выстаў.

У студзені 2011 года ў Брэсцкім мастацкім музеі адбылася персанальная выстава Валерыя Кавальчука, прымеркаваная да 50-годдзя мастака. Прадстаўлены работы: “Дзяўчынка ў чырвоным”, “Бярэсце XVI стагоддзя”, “Аголеная мадэль”, “Элегія”, “Лагуна”, “Мадэль і скрыпка” i iнш. Партрэт сучасніка прываблівае сваёй дасканаласцю, каларытам, дэталёвай распрацоўкай. Добрае валоданне малюнкам, дасканалае веданне анатоміі чалавека дае магчымасць працаваць і з аголенай натурай. Стварае Валерый Кавальчук і абстрактна-дэкаратыўныя кампазіцыі, быццам выліваючы на палатно згусткі сваёй творчай энергіі сродкамі фарбаў.

Валерый Яўгенавіч любіць рабіць манументальныя сграфіта, мазаікі. Адзін з такіх твораў бачны на сцяне будынка кінатэатра “1 Мая” г. Брэста. Асноўныя творы энкаўстыкі: “Гісторыя цырка” ў Брэсцкiм палацы культуры аблсаўпрофа, “Брэст летапісны”, “Брэст гераічны”, “Горад над Бугам” – на Брэсцкай эксперыментальнай фабрыцы верхняга трыкатажу; размалёўка “Нараджэнне алімпійскага агню” у СШ № 15 г. Брэста; мазаіка “Рапсодыя” у Доме культуры п. Ракітніца Жабiнкаўскага раёна; палотны “Ружовы вечар”, “Апошні дзень верасня”, “Жанчына ля акна”, “Партрэт Багдановіча”, “Партрэт І. Грынявіцкага”.

З 1991 года Валерый Яўгенавіч з’яўляецца членам Беларускага саюза мастакоў. Мастацкія працы знаходзяцца ў фондах Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея, у музеі гісторыі горада Брэста, у прыватных калекцыях Чэхіі, Германіі, Польшчы.

Валерый Яўгенавіч з 1995 года працуе дацэнтам кафедры архітэктурнага праектавання і малюнка Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта. Летам ездзіць са студэнтамі на пленэры-практыкі ў цікавыя сваёй архітэктурай гарады. Мастак любіць вандраваць, пабываў у Францыі, Італіі, Іспаніі, Нарвегіі, пазнаёміўся ў музеях з шэдэўрамі сусветнага жывапісу.