Георгій Кірылавіч Казлоў нарадзіўся 1 студзеня 1903 г. у вёсцы Селяхі Брэсцкага павета Гродзенскай губерні (цяпер Тамашоўскага сельсавета Брэсцкага раёна Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. З трынаццаці гадоў у парабках. У сувязі з надыходзячым фронтам Першай сусветнай вайны сям’я падалася ў бежанцы ў Расію.
У снежні 1918 г. Георгій Казлоў прызваны ў Чырвоную армію. Удзельнік Грамадзянскай вайны на Заходнім фронце, ваяваў з пятлюраўцамі пад Пінскам. Удзельнік Савецка-польскай вайны (1920): у складзе 17-й стралковай дывізіі ўдзельнічаў у баях з палякамі пад Мінскам, Слонімам, Ваўкавыскам і на варшаўскім накірунку.
У кастрычніку 1921 г. Георгій Казлоў скончыў 31-я камандныя пяхотныя курсы ў Смаленску, служыў камандзірам узвода, камандзірам роты. У 1924 г. скончыў Ваенна-пяхотную школу, у 1933 г. – Ваенную акадэмію імя М. Фрунзе. У 1933–1938 гг. служыў у Беларускай ваеннай акрузе начальнікам аператыўнага аддзялення штаба дывізіі, камандзірам стралковага палка.
У чэрвені 1938 г. маёр Г. К. Казлоў быў арыштаваны органамі НКУС, аднак 30 лістапада 1939 г. вызвалены і адноўлены ў Чырвонай арміі, назначаны малодшым выкладчыкам кафедры тактыкі Ваенна-транспартнай акадэміі імя Л. Кагановіча (Ленінград). У лістападзе 1940 г. пераведзены на пасаду начальніка аддзела баявой падрыхтоўкі 7-й арміі Ленінградскай ваеннай акругі.
У час Вялікай Айчыннай вайны Г. К. Казлоў ваяваў на Карэльскім, 2-м Беларускім і 1-м Украінскім франтах. У пачатку ліпеня 1941 г. палкоўнік Г. К. Казлоў вызначыўся, калі камандаваў аператыўнай групай войск, якія прыкрывалі г. Суаярві ў Карэліі. У ліпені – верасні камандаваў аператыўнай групай, створанай з падраздзяленняў, якія выходзілі з акружэння. У снежні 1941 г. гэта аператыўная група была пераўтворана ў 27-ю стралковую дывізію, якой Г. К. Казлоў камандаваў да 8 жніўня 1942 г.
3 мая 1942 г. Г. К. Казлову было прысвоена званне генерал-маёр. 27-я дывізія ў складзе Кемскай аператыўнай групы, а затым 26-й арміі Карэльскага фронта, стрымлівала абарончы рубеж на ўхцінскім накірунку. Са жніўня 1942 г. – начальнік штаба 26-й арміі, войскі якой удзельнічалі ў абарончых баях на кегстэньскім, ухцінскім і рэбольскім накірунках, забяспечваючы абарону Ленінграда.
З мая 1943 г. па сакавік 1945 г. Г. К. Казлоў камандаваў 19-й арміяй. У лютым 1944 г. яму прысвоена званне генерал-лейтэнант. Восенню 1944 г. яго 19-я армія была перакінута з Карэліі на заходні накірунак у раён Гродна і Беластока. У канцы студзеня 1945 г. перададзена 2-му Беларускаму фронту пад камандаваннем К. К. Ракасоўскага. 19-я армія прымала ўдзел ва Усходне-Памеранскай аперацыі, у ходзе якой 5 сакавіка выйшла на ўзбярэжжа Балтыйскага мора, удзельнічала ў разгроме моцнай групіроўкі праціўніка і авалоданні г. Данцыгам (Гданьскам) 28 сакавіка.
У ліпені 1945 г. генерал-лейтэнант Г. К. Казлоў быў накіраваны ў распараджэнне Забайкальскага фронта і назначаны намеснікам камандуючага 39-й арміі. У ходзе Савецка-японскай вайны, заключнага этапу Другой сусветнай вайны, войскі 39-й арміі ўдзельнічалі ў правядзенні Хінгана-Мукдэнскай наступальнай аперацыі.
У 1948 г. генерал-лейтэнант Г. К. Казлоў з адзнакай скончыў Вышэйшыя акадэмічныя курсы пры Ваеннай акадэміі імя К. Варашылава. Займаў пасады намесніка камандуючага арміі, начальніка штаба Прыморскай, Беламорскай (1948–1951) і Паўночнай (1951–1952) ваенных акруг. У чэрвені 1952 г. пераведзены на выкладчыцкую працу ў Ваенна-транспартную акадэмію: начальнік кафедры тактыкі, з сакавіка 1953 г. – намеснік начальніка акадэміі па аператыўна-тактычнай і страявой падрыхтоўцы. Са жніўня 1960 г. – начальнік камандна-тылавога факультэта Ваеннай акадэміі тылу і транспарту, са студзеня 1962 г. – намеснік начальніка акадэміі на вучэбнай і навуковай рабоце. 11 мая 1965 г. звольнены ў запас.
Георгій Кірылавіч узнагароджаны ордэнам Леніна, чатырма ордэнамі Чырвонага Сцяга, ордэнам Кутузава І (1944) і ІІ ступеней, медалямі. Аўтар ваенна-гістарычнага нарыса «В лесах Карелии» (1963) аб баявых дзеяннях войск 7-й арміі Паўночнага фронта.
Г. К. Казлоў памёр 20 снежня 1970 г., пахаваны на Багаслоўскіх могілках г. Санкт-Пецярбурга.