Іван Цімафеевіч Майсееў нарадзіўся 16 жніўня 1910 года ў вёсцы Велюнь Збірожскай воласці Кобрынскага павета Гродзенскай губерні (цяпер Брэсцкага раёна Брэсцкай вобласці) ў сям’і селяніна.
У пачатку 1920 года ў вызвалены Чырвонай арміяй г. Марыінск прыбыла вялікая група дзяцей, якія засталіся без бацькоў. Сярод іх быў і Ваня Майсееў. Бацька яго загінуў у Першую сусветную вайну, а маці таксама не стала пасля германскага артылерыйскага абстрэлу бежанцаў.
Выхоўваўся ў дзіцячым доме № 2 г. Марыінска. У шаснаццаць гадоў Іван Майсееў са старэйшай сястрой пайшлі працаваць па найму, а малодшая заставалася яшчэ ў дзіцячым доме. Настаўнік школы рабочай моладзі Цімафей Рычкоў дапамог Івану ўладкавацца ўлікоўшчыкам на мясакамбінат. А неўзабаве прадпрыемства накіравала яго на курсы рахункаводаў ў Томск. І. Майсееў скончыў іх з адзнакай і, вярнуўшыся ў Марыінск, стаў рахункаводам. Як камсамолец выконваў даручэнні па калектывізацыі сельскай гаспадаркі.
15 кастрычніка 1932 года Іван Майсееў быў прызваны ў Чырвоную армію. Служыў у 170-м стралковым палку 57-й стралковай дывізіі ў Забайкаллі. У 1933 годзе ён скончыў палкавую школу, у 1937 годзе – ваенна-пяхотнае вучылішча, у 1938-м – курсы малодшых лейтэнантаў і стаў камандзірам кулямётнага ўзвода. Прымаў удзел у баях з японскімі захопнікамі на рацэ Халхін-Гол (1939). З лістапада 1939 года – памочнік камандзіра роты. У лютым 1940 года лейтэнант І. Майсееў быў назначаны афіцэрам для даручэнняў начальніка аддзела планавання снабжэння Генштаба. З 29 сакавіка 1940 года на пасадзе камандзіра кулямётнай роты 127-га стралковага палка 82-й мотастралковай дывізіі. Пасля заканчэння ў 1941 годзе курсаў «Выстрел» быў накіраваны выкладчыкам у ваеннае вучылішча г. Улан-Удэ.
З пачатку Вялiкай Айчыннай вайны неаднаразова пісаў рапарты з просьбай накіраваць на фронт. Нарэшце, у красавіку 1944 года Іван Майсееў адпраўлены на фронт. Першае баявое хрышчэнне прыняў, змагаючыся за Адэсу. Іван Цімафеевіч камандаваў батальёнам 619-га стралковага палка 203-й стралковай дывізіі 53-й арміі 2-га Украінскага фронту.
Удзельнічаў у вызваленні Украіны, Румыніі, Чэхаславакіі, вызначыўся падчас вызвалення Венгрыі. 7 лістапада 1944 года капітан І. Майсееў адным з першых фарсіраваў раку Цісу ў раёне пасёлка Шаруд (9 км на паўночны захад ад г. Цісадзерж). Каля Шаруда праходзіла другая паласа нямецкіх умацаванняў. Батальён І. Майсеева сустрэў тут ўпарты супраціў, падтрымоўваны моцным артылерыйскім агнём. Роты залеглі. Капітан І. Майсееў адабраў смельчакоў-добраахвотнікаў і яны папаўзлі да пазіцый варожай батарэі. Кідок быў імклівым, у ворага паляцелі гранаты, а за выбухамі рушыў услед моцны аўтаматны агонь. Майсееў з жменькай салдат захапіў батарэю. Развіваючы наступленне, Майсееў прасунуўся са сваім батальёнам на 18 кіламетраў, узяў у палон да 180 узброеных салдат і афіцэраў, забяспечыўшы плацдарм для высадкі нашых войскаў на правым беразе ракі Цісы. Іван Цімафеевіч быў паранены, каля года лячыўся ў шпіталі.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 24 сакавіка 1945 года капітан Іван Майсееў быў ганараваны званнем Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медаля «Залатая Зорка». Быў таксама ўзнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені (1944), медалямі.
У 1947 годзе Іван Майсееў быў звольнены ў запас. Жыў і працаваў у г. Навакузнецку на Кузбасе, у 1969 годзе вярнуўся ў Марыінск Кемераўскай вобласці. Вёў вялікую прапагандысцкую работу па ваенна-патрыятычнаму выхаванню моладзі.
Іван Цімафеевіч Майсееў памёр 12 лютага 1976 года. У Марыінску яго імем названа вуліца.