Остромечево в лицах - ГУК
Остромечево в лицах

АЛЯКСЕЙ СЦЯПАНАВІЧ СКАКУН

Аляксей Сцяпанавіч Скакун нарадзіўся ў простай сялянскай сям’і 1 сакавіка 1946 года ў вёсцы Дастоева Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Акрамя Аляксея, у сям’і гадаваліся яшчэ трое дзяцей. З маленства бацькі вучылі дзяцей паважаць цяжкую сялянскую працу і людзей, расцціць хлеб і даглядаць жывёлу.

Бацька Аляксея доўгі час рабіў загадчыкам фермы, а ў старэйшых класах хлопец нават замяняў яго, калі той адлучаўся. Таму, пытанне кім быць, не стаяла – вучыцца там, дзе рыхтуюць спецыялістаў для працы на зямлі.

Гродзенскі ссельскагаспадарчы інстытут Аляксей Сцяпанавіч Скакун скончыў у 1969 годзе па спецыяльнасці “заатэхніка”. Увесь час навучання студэнт Скакун абагачаў сябе сучаснымі ведамі па земляробстве, жывёлагадоўлі. Пасля службы ў арміі працоўную дзейнасць пачаў заатэхнікам калгаса “Чырвоная зорка”, потым “маладая гвардыя” Іванаўскага раёна.

З цягам часу маладому, ініцыятыўнаму спецыялісту даверылі ўзначаліць калгас “Дружба” Іванаўскага раёна. Праз пэўны час з беднай некалі “Дружбы” паехалі машыны з мясцовай гароднінай у Мінск, Баранавічы, Кобрын, Брэст, Пінск. Праз тры гады быў здадзены ў эксплуатацыю комплекс на 400 кароў, адкормачнік на 300 галоў статку, магазін, сушылка і іншыя патрэбныя ў гаспадарцы аб’екты. Калгас “Дружба” і яго гаспадар загучаў на раённых нарадах, гаспадарцы ўручылі пераходны Чырвоны сцяг Брэсцкага абкама партыі і аблвыканкама, а Аляксею Скакуну – ганаровую грамату Вярхоўнага Савета БССР. Гэта была найвышэйшая ўзнагарода Беларусі ў той час.

У лістападзе 1979 года Аляксея Скакуна прызначылі начальнікам сельскагаспадарчага ўпраўлення Іванаўскага райвыканкама. Праца тут узбагаціла Скакуна ва ўсіх адносінах, ён займеў новы вопыт работы кіраўніка, глыбей пазнаў кадры раёна, вобласці, з вялікай смеласцю ішоў насустрач усім праблемам.

Выдатны кіраўнік, арганізатар, чалавек “ад зямлі” Аляксей Скакун кардынальна памяняў рытм і накірунак сваёй працы пасля артыкула ў газеце “праўда”, у якім старшыня калгаса “Ленінскі шлях” са Случчыны Мікалай Васілевіч з райвыканкамаўскай пасады папрасіўся зноў у калгас, на пасаду старшыні. Скакуну таксама быў неабыякавы лёс роднай краіны, ён хоча і можа кіраваць сельскай калектыўнай гаспадаркай, таму Аляксей Сцяпанавіч напісаў заяву перавесці яго старшынёй любой буйной гаспадаркі вобласці.

У сакавіку 1982 года Скакун прыехаў у Брэсцкі раён, каб прыняць кіраўніцтва калгасам-камбінатам “Памяць Ільіча”, не самым лепшым у раёне, дзе ўраджайнасць зернавых складала 16 – 18 цэнтнераў, а многія працаўнікі не марылі аб пераменах. Аляксей Скакун добра ведаў вопыт лепшых гаспадарак і меў сваю стратэгію развіцця, дзякуючы якой запэўніў людзей, што перамены да лепшага хутка адбудуцца.

Ужо ў 80-я гады мінулага стагоддзя гаспадарка пад яго кіраўніцтвам стала вядомай далёка за межамі раёна, вобласці і нават Беларусі. У цяжкія 90-я гады гаспадарка не толькі выстаяла, але і працягвала развівацца за кошт асабістых рэсурсаў, дзякуючы тром прынцыпам Скакуна: парадак, гаспадарлівасць, навукова-эканамічны падыход. Моцная агранамічная служба гаспадаркі, цесная сувязь з вядучымі навукоўцамі аграрных вузаў, як у Беларусі, так і за яе межамі, а таксама асабістая зацікаўленасць старшыні ў прыцягненні ўсяго новага, перадавога дазволілі дасягнуць высокіх паказчыкаў.

У 2009 годзе з кожнага гектара атрымана звыш 62 цэнтнераў зернавых культур, надоі малака ад каровы перавысілі восем тысяч кілаграмаў. У Астрамечава стварылі новыя, сучасныя вытворчасці. “мы зараз актыўна рэалізуем чацвёрты НЭП “Астрамечава”, - кажа Аляксей Скакун. “Гэта новая экалагічная прадукцыя, аснова якой – якасная сыравіна”. Малочныя прадукты, яблыкі з Астрамечава карыстаюцца заслужанай павагай пакупнікоў.

Свае погляды на развіццё сельскай гаспадаркі Аляксей Сцяпанавіч Скакун выказаў у 6 навуковых працах і кнігах: “Деревенская политэкономия”, “Дорога в завтра”, “Единственный выход или Три НЭПа “Остромечево”, “Ориентир – новые высоты”, “Право на жизнь”.

Аляксей Сцяпанавіч Скакун мае ганаровае званне “Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь” (прысвоена ў 1993 годзе), доктар эканамічных навук, член-карэспандэнт Нацыянальнай Акадэміі Навук Рэспублікі Беларусь (2009), член-карэспандэнт Акадэміі аграрных навук РБ. Акадэмік Беларускай і Міжнароднай інжынерных акадэмій, акадэмік Міжнароднай акадэміі арганізацыйных і кіруючых навук, кіраўнік грамадскіх аб’яднанняў “Беларускі аграпрамысловы саюз” і “Беларускі сялянскі савет”.

Член Савета рэспублікі Нацыянальнага сходу чацвётрага сазыву. Член пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы. Выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР адзінаццатага сазыву, дэпутат Брэсцкага раённага Савету дэпутатаў.

За напруджаную працоўную дзейнасць узнагароджаны медалём “За працоўную адзнаку” (1973), ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга (1981), Кастрычніцкай Рэвалюцыі (1986); двума залатымі медалямі ВДНГ (1981, 1987). Атрымаў Ганаровую Грамату Вярхоўнага Савета БССР, Ганаровую Грамату Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

У 2014 годзе Аляксею Скакуну Брэсцкім аблвыканкамам прысвоена ганаровае званне “Чалавек года”.

За значны ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё Прыбужжа і грамадска-культурную дзейнасць у канцы 2014 года было прысвоена званне “Ганаровы грамадзянін Брэсцкага раёна”.

Аляксей Сцяпанавіч Скакун усёй душой прырос да Астрамечава, тут жыве яго сям’я: жонка, дзеці і ўнукі. Аляксей Сцяпанавіч шмат часу надае гаспадарцы, але і ў вольны час ён заўзяты аматар фотаапарата, з дапамогай якога робіць цудоўныя фотаздымкі наваколля і іншых мясцін, дзе яму даводзіцца бываць.

Дзякуючы асобе Аляксея Сцяпанавіча Скакуна, СВК “Астрамечава” змагло развівацца за кошт асабістых рэсурсаў, працавала на экспарт, атрымоўвала прыбытак і накіроўвала сродкі на тэхнічнае абнаўленне, перадавыя тэхналогіі, а галоўнае – на далейшае павышэнне ўзроўня дабрабыту людзей.

Цяжка размежаваць Аляксея Скакуна і Астрамечава. Аляксей Сцяпанавіч упэўнены: за 34 гады ўдалося дабіцца многага. Ёсць вынікі, пра якія дзесяцігоддзі таму і марыць не маглі.

ЛІДЗІЯ ДЗМІТРЫЕЎНА БРЫЗГА

Лідзія Дзмітрыеўна Брызга нарадзілася 6 мая 1943 года ў вёсцы Барысы Брэсцкага раёна Брэсцкай вобласці. Дзяцінства Ліды было цяжкім, ні яна, ні яе малодшая сястра Галіна не памяталі бацьку, які пайшоў на фронт, калі старэйшай дачцы было паўтара года, а малодшай два тыдні ад нараджэння. За два месяцы да заканчэння вайны бацька загінуў у Венгрыі. Маці давялося самой гадаваць чатырох дзяцей (двое хлопчыкаў былі прыёмнымі).

Адразу, як у Барысах з’явіўся калгас імя Жданава, маці пайшла на ферму даяркай, малалетняя Ліда штодзень дапамагала па гаспадарцы. Працаздольную дзяўчынку заўважылі, і хаця маці жадала, каб Ліда атрымала адукацыю, у 1959 годзе, пасля заканчэння васьмігадовай школы, дзяўчына пачала працаваць у калгасе, побач з маці.

У гэты перыяд моцны ўплыў на яе зрабіла вядомая даярка Лідзія Асіюк, якая працавала на барысоўскай ферме. Сумесная праца з ёй стала для маладой Лідзіі Брызгі найлепшай школай прафесійнага майстэрства. Лідзія Іванаўна Асіюк, выдатная працаўніца, дзякуючы адданасці прафесіі першай у раёне атрымала Зорку Героя Сацыялістычнай Працы.

Сумленныя адносіны да працы, уважлівае назіранне за навукова-тэхнічным прагрэсам, актыўнае перайманне перадавога вопыту даярак з розных куткоў Савецкага Саюза дазволіла Лідзіі Брызге атрымаць значныя вынікі. У 1975 годзе, падтрымаўшы пачын перадавой даяркі Лейды Пейпс, Лідзія Брызга ў ліку першых у вобласці перайшла на абслугоўванне ўзбуйненай групы кароў, у 1977-м удзельнічала ў сустрэчы перадавых жывёлаводаў краіны на ВДНГ СССР.

За выдатныя поспехі ў працы ў 1981 годзе Прэзідыумам Вярхоўнага Савета СССР Лідзіі Дзмітрыеўне было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і медаля “Залатая Зорка”. За шматгадовую плённую працу была ўзнагароджана ордэнамі Леніна, Кастрычніцкай Рэвалюцыі, “Знакам Пашаны”. Высокім даверам Радзімы стала выбранне Лідзіі Дзмітрыеўны дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР.

У пачатку 80-х гадоў Лідзія Брызга працавала на ферме вёскі Барысы разам з мужам, Мікалаем Аляксандравічам, у сям’і гадаваліся чацвёра дзяцей. Нягледзячы на цяжкія ўмовы працы, дагляд за маленькімі дзецьмі, штогод Лідзія Дзмітрыеўна надойвала ў сярэднім на карову па 5 тысяч кілаграмаў малака.

У 1985 годзе Лідзія Брызга разам з сям’ёй пераехала ў Астрамечава. Тут на базе трох адсталых гаспадарак быў створаны калгас-камбінат “Памяць Ільіча” (зараз – СВК “Астрамечава”). Яго кіраўнік Аляксей Сцяпанавіч Скакун фарміраваў новы калектыў, запрашаў з іншых гаспадарак тых, хто меў вопыт работы і добра сябе зарэкамендаваў.

На малочнатаварнай ферме вёскі Рудавец пад адказнасць Лідзіі Брызгі адышлі 85 кароў і 15 цёлак. Разам з перадавой даяркай пачаў працаваць муж, а з цягам часу і дзеці.

На той момант, калі лідзія дзмітрыеўна пачынала працаваць, сярэдні надой па ферме складаў менш трох тысяч літраў малака на карову. Але ўжо праз год сямейны падрад атрымаў ад кожнай каровы па 4788 кілаграмаў малака (+1871 кілаграм), дзякуючы распарадку дня ў кармленні і даенні кароў. Да канца дванаццатай пяцігодкі выдатны майстар машыннага даення падайшла да паказчыка, перавышаючага 7500 кілаграмаў. У год ад каровы яна, у сярэднім, надойвала па 7000 – 8000 кілаграмаў малака. Усё гэта давалася нялёгкай працай, але Лідзія Брызга ні разу не пашкадавала, што пераехала ў вёску Астрамечава.

Акрамя надзённай працы на ферме ў Лідзіі Дзмітрыеўны было шмат грамадскіх спраў, яна выбіралася дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР і БССР, удзельнічала ў партыйных з’ездах, узначальвала раённы клуб даярак-пяцітысячніц.

Астрамечава стала радзімай для трох дзяцей Лідзіі Дзмітрыеўны, усе яны плённа працуюць у СВК “Астрамечава”, маюць добраўпарадкаванае жыллё, свае сем’і і падарылі Лідзіі Дзмітрыеўне дзевяць унукаў.

Працоўны стаж Лідзіі Брызгі склаў 44 гады, на пенсію жанчына выйшла, калі ёй было за шэсцьдзесят гадоў, у 2013 годзе. Памерла 14 мая 2014 года.

ГАЛІНА АНТОНАЎНА ФІЛІНЮК

Галіна Антонаўна Філінюк (дзявочае прозвішча Шыш) нарадзілася 10 кастрычніка 1942 года ў сялянскай сям’і ў сяле Астрамечава. Усяго ў сям’і выхоўвалася троне дзяцей.

Пасля заканчэння Астрамечаўскай сярэдняй школы прыйшла ў калгас “Памяць Ільіча”, дзе практычна ўсё жыццё працавала цялятніцай.

Вышываць пачала ўжо з дзяцінства. Любоў да гэтага ёй прывіла маці. Узоры вышывак спачатку брала ў суседзяў, паўтарала іх, а потым пачала ствараць свае.

Галіна Філінюк вышывае ў тэхніцы гладзі і крыжа, выкарыстоўвае для гэтага паўшарсцянку і каляровыя ніткі – мулінэ.

Калі 1 верасня 1998 года ў вёсцы Астрамечава быў адкрыты Брэсцкі раённы Дом рамёстваў, Галіна Антонаўна Філінюк стала актыўна супрацоўнічаць з гэтай культурнай установай.

Галіна Філінюк умее ткаць (гэтаму яе навучыла маці), явжа палавічкі – “ходнікі”. Апошнія ствараюцца са старых непатрэбных ануч, якія разрэзваюцца на тонкія лентачкі, а з іх і плятуцца “ходнікі”.

Галіна Філінюк стварае ручнікі, дарожкі, сурвэткі, разнастайныя карціны (у тым ліку з адлюстраваннем храмаў), вышытыя іконы. Дарэчы, сваім унучкам яна вышыла вясельныя ручнікі.

Акрамя таго, Галіна Філінюк – вельмі добрая гаспадыня, ведае шмат народных песен, спявае іх (на мясцовым дыялекце).

Галіна Антонаўна Філінюк – актыўная ўдзельніца раённых і абласных “Дажынак”. Мае шматлікія граматы Брэсцкага райвыканкама, пісьмы падзякі Лышчыцкага сельсавета, дыпломы за ўдзел у абласных “Дажынках”.

ФЁДАР АЛЯКСЕЕВІЧ МОЗАЛЬ

Фёдар Аляксеевіч Мозаль нарадзіўся 19 лютага 1952 года ў вёсцы Альшаны Столінскага раёна. Ужо з дзяцінства адчуў моцную цягу да спеваў.

Пасля заканчэння 8-га класа таленавіты хлопец паехаў вучыцца ў Мінск. Там паступіў на гадавыя курсы пры Міністэрстве культуры БССР, дзе рыхтавалі дырыжораў духавых і эстрадных аркестраў.

Потым працаваў у Столінскім сельскагаспадарчым тэхнікуме, адслужыў ва Узброеных Ілах. Менавіта ў гэты перыяд канчаткова пераканаўся, што сапраўднае яго прызванне – спевы.

І Фёдар Мозаль цвёрда вырашае працягваць сваю адукацыю. Ён паступае ў Брэсцкае музычнае вучылішча, а потым у Беларускую Дзяржаўную кансерваторыю.

У гэты час меў магчымасць слухаць і вучыцца ў знакамітых спевакоў беларускай і сусветнай сцэны. Дзякуючы гэтаму, набыў бясцэнны вопыт.

У 1983 годзе, пасля заканчэння Беларускай Дзяржаўнай кансерваторыі, прыехаў у вёску Астрамечава. Пачаў працаваць там у Астрамечаўскім Доме культуры. Кіраўнік гаспадаркі Аляксей Сцяпанавіч Скакун адразу выдзяліў Фёдару Мозалю і яго сям’і чатырохпакаёвую кватэру з усімі выгодамі.

За кароткі час Фёдар Мозаль стварыў некалькі калектываў мастацкай самадзейнасці: мужчынскі хор, змешаны хор, зводны хор Лышчыцкага сельскага Савета; ансамбль гарманістаў, які ў далейшым быў ператвораны ў ансамбль музыкі і песні “Астрамечаўскія Лявоны”.

У 1984 годзе назначаны дырэктарам Астрамечаўскага Дома культуры.

Дзякуючы Ф. А. Мозалю, ансамбль музыкі і песні “Астрамечаўскія Лявоны” вылучаецца сваім Прафесіяналізмам, беражлівымі адносінамі да вытокаў беларускай музычнай і песеннай спадчыны.

З 2003 па 2006 год узначальваў аддзел культуры Брэсцкага райвыканкама.

З 2010 года Фёдар Мозаль узначаліў Дом культуры чыгуначнікаў у Брэсце. Пад яго кіраўніцтвам – два народных тэатра, больш за 15 гурткоў, ансамбль музыкі і спеваў “Фартуна”, цыркавая студыя і інш. Але Астрамечава Фёдар Мозаль таксама не забывае.

Фёдар Аляксеевіч Мозаль – лаурэат шматлікіх фестываляў і конкурсаў. Неаднаразова ўзнагароджваўся дыпломамі і ганаровымі граматамі. Выбіраўся членам Грамадскага Савета па праблемах культуры і мастацтва пры Савеце Міністраў. Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь.