Замок Радзивиллов - ГУК
Замок Радзивиллов

   Рэзідэнцыяй Іллінічаў у Чарнаўчыцах быў палац (першае вядомае ўпамінанне пра яго, валоданне Юрыя Іллініча, адносіцца да 1520). У гэтым годзе 24 мая Юрый, маршалак дворны, стараста берасцейскі, “купил у конюшего Богдана Гриньковича” два жэрэбія і далучыў іх да палаца. У Метрыке ВКЛ за 1518 г. адзначаецца палац “Юря Ивановича” ў Берасце, на дзяржанне якога ён атрымаў “пенязей петисот коп грошей литовских” .
    Пасля Юрыя з 1568 г. уладальнікам замка стаў князь на Нясвіжы і Олыке Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка, ваявода віленскі, атрымаўшы тытул графа на Міры, Чарнаўчыцах і Белай. Вярнуўшыся з падарожжа, перапоўнены жаданнем тварэння і мецэнацкай дзейнасці, становіцца заснавальнікам велічнага касцёлу святой Троіцы. Будаўніцтва храма звязвалася з радаснай падзеяй нараджэння ў 1585 г. у Чарнаўчыцах першай дачкі Эльжбеты, названай іменем любімай жонкі з дома Вішнявецкіх, “несвижской царицы Савской”. У 1600 г. князь будуе тут каменны будынак шпіталя.
  У канцы XVІ ст у Чарнаўчыцкім маёнтку каля дарогі з Чарнаўчыц да мястэчка Турна Радзівілы на тэрыторыі былога замка ўзвялі новы палац. На сённяшні дзень не засталося ніякіх слядоў існавання Чарнаўчыцкага палаца, нават месца яго размяшчэння дакладна не вызначана. Вядома толькі, што непадалёку ад замка ў 2-й палове XVІІІ ст. была пабудавана мураваная капліца Святой Сафіі ва ўдзячнасць ад прыхаджан і парафінян Чарнаўчыц за цудатворнае ўтаймаванне страшэннага мору, што лютаваў у той час на Берасцейшчыне. У 1960-я гады гэты адзіны сведак існавання Чарнаўчыцкага палаца быў апаганены і знішчаны.
   Уяўленне пра замак дае інвентарнае апісанне, выкананае Адамам Зубовічам 10 красавіка 1749 г. Ён размяшчаўся непадалёк ад касцёла, каля дарогі на Турну. Відаць, да сярэдзіны XVIII ст. старажытны замак, які адлюстроўваў мінулую эпоху, з’яўляўся месцам захавання мастацкіх каштоўнасцяў, станавіўся своеасаблівым музеем. Гледзячы на апісанне, замак уяўляў сабой характэрнае умацаванае збудаванне, на дзяцінцы якога размяшчаўся палац і шэраг будынкаў службовага і сельскагаспадарчага прызначэння. Да дзяцінца прымыкаў парк.
   Замак займаў акраіну мястэчка Чарнаўчыцы, меў каменную агароджу з уязной і паркавымі брамамі. Уязная брама завяршалася башанкай, якая служыла вартавой каморкай. Сіметрычна браме размяшчаліся два будынкі. Правы складаўся з сеняў, ізбы і кабінету, меў печы з зялёнага кафелю, але для жылля ўжо быў непрыгодным, вокны былі забіты дошкамі. Прыкладна ў аналагічным стане знаходзіўся іншы (левы) будынак, крыты гонтам.
   Кампазіцыйная вось, на якой размяшчаліся ўязная брукованая дарога і брама, замыкалася палацам. Уздоўж восі злева пры агароджы італьянскага сада мелася збудаванне, якое было пакрыта драніцай з двума дзвярыма, у якім размяшчаліся клеткі з арламі (трынаццаць), пугачамі (дзве), тры – пустыя і тры клеткі маленькія пустыя. Кожная з іх была пакрыта белай бляхай.
   Мяркуючы па скарочанаму апісанню, палац замка стаяў на каменным склепе, быў адносна невялікім, драўляным, з маленькай мансардай, куды вяла лесвіца, меў ганак з балюстрадай, алькеж і тэрасу – галерэю на тыльным фасадзе. Будынак, які называўся палацам, нёс характэрныя рысы рэнесансных сядзібных дамоў і адрозніваўся багатым інтэр’ерам. Адзін з пакояў, размешчаных з левага боку, меў белую кафельную печ, люстры ў пазалочаных рамах, дваццаць сем вялікіх і малых партрэтаў, шафа, круглы і працяглы сталы. У другім пакоі віселі абраз св. Марціна на палатне, партрэт яго міласці князя, відаць, аднаго з Радзівілаў, два вялікія партрэты, стаялі крэслы, гадзіннікі, шафа разной работы, стол таксама разной работы на дванаццаць персон і стол прадаўгаваты.
   Найбольш рэпрэзентатыўнай з’яўлялася зала палаца, размешчаная з боку парка. Яе інтэр’еры былі прысвечаны роду Радзівілаў. На шчытах, якія былі прыбіты да сцяны, размяшчалася 76 вялікіх і малых партрэтаў і вісела выкананае на палатне генеалагічнае дрэва рода. Зала была абстаўлена крэсламі гданьскімі, абітымі скурай (новых адзінаццаць і дванаццаць старых з абіўкай), мела сталы рознай формы (круглы сасновы, маленькі разны, два маленькіх, прадаўгаваты) і два крэслы са спінкамі. Да залы прымыкалі два невялікія пакоі, абітыя шпалерамі, са светла-блакітнымі кафельнымі печамі. Сцены іх упрыгожвалі партрэты на палатне ў кітайскіх рамах. У левым пакоі стаялі столікі круглыя кітайскія з кветкамі, чатырохгранны і чатыры сталы. У правым пакоі меўся стол дубовы і сем простых сталоў. Алькеж меў гданьскую шафу і тайнік.
   Вялікім з’яўлялася памяшканне, якое называлі хатай, у ёй была цагельная падлога. З хаты і пакоя, які прымыкаў да яе, меўся выхад на галерэю, з якой дзве лесвіцы, сіметрычна размешчаныя з краёў, вялі ў парк. У пакоі, абітым шпалерамі, знаходзіліся жалезная печ на ножках, разная мэбля.
  З тыльнага боку збудаванне палаца мела бакавы аб’ём, які ўключаў пакой, які служыў спальняй (два ложкі, шафа простай работы, два столікі, печ кафельная зялёная), гардэроб, бакавы пакой, абіты палотнішчам накшталт шпалер, кабінет, туалет. З другога боку вялікіх сеняў размяшчаліся два пакоі, кабінет і хата-сталовая. Па набору мэблі ў ёй можна меркаваць пра памеры хаты. Яна змяшчала чатыры шафы гданьскіх, канапу, більярд, які быў абіты зялёным сукном, дзве канапы, стол вялікі прадаўгаваты, дзве лавы, адно крэсла, жалезную вешалку і інш. на сцяне вісела два вялікіх люстэрка. Да хаты прымыкала капліца.
   На дзяцінцы, акрамя палаца, размяшчалася кухня (драўляны будынак з печчу, камінам, хатай, пякарняй і трыма хаткамі), пральня (хата і камора), дом паляўнічых (сені, хата, камора). Гаспадарчыя будынкі былі прадстаўлены канюшэнкай, вялікай канюшняй , вазоўняй і маштарняй, якія ўтваралі адзіны комплекс. Маштарня (з алькежам) служыла жыллём конюхаў, уключаючы некалькі хат, сені і кабінет. Вялікім памяшканнем з’яўлялася вазоўня, у якой захоўваліся старажытная багатая карэта, абітая аксамітам кармазінавым, чатыры карэты, каляскі, вазкі, сані, санкі.
   Пасярод дзяцінца размяшчаўся скарбец – двухпавярховы будынак на каменным склепе з галерэямі. Першы паверх яго быў пабудаваны з бута і валуноў, другі – з бруса. Да будынка прымыкаў скарбчык бакавы малы, у якім былі сабраны шкляны посуд, чашы (старасвецкая, вялікая з гербам, італьянская, з гербам князя, маленькая), лыжкі, нажы, патэльні, тапары і іншыя прадметы гаспадарчага назначэння. У склепе скарбца ў бочках, гарнцах захоўваліся прадукты харчавання (сметанковае масла двухгадовай даўнасці, мёд, піва і інш.)
  Асаблівую цікавасць прадстаўляе апісанне італьянскага парка, вельмі вялікага і кампазіцыйна няпростага, якое з’яўляецца важнай крыніцай для пазнання садова-паркавага мастацтва не толькі Брэсцкага рэгіёна, але і Беларусі. Апісанне вельмі падрабязнае, але выканана ў форме паслядоўнай характарыстыкі кватэр і, на жаль, не дазваляе ўявіць у цэлым планіровачную пабудову аб’екту.
   Яшчэ раз падкрэслім, што парк быў вялікім, уключаў мноства кватэр. Кватэры, з’яўляючыся яго асноўнымі структурнымі элементамі, мелі форму прамавугольнікаў. Па перыметры яны былі акружаны шпалерамі, у якіх выкарыстоўваліся разнастайныя расліны. Сістэма кватэр утваралася перасячэннем галоўнай і бакавых падоўжных і папярочных алей.
   Парк размяшчаўся за палацам. Яго галоўная частка , замыкаючы вось ансамбля, мела сіметрычна-восевую пабудову. Была акружана каменнай агароджай. Уваход фіксіраваўся брамай з дзвух філяраў. Уздоўж асі размяшчаўся “праспект”, галоўная паркавая магістраль, якая вяла да Вялікага маста праз канал, які перасякаў парк. За мастом уваход у парк таксама быў аформлены брамай, падобнай першай. З правага боку яе размяшчаўся будынак аптэкі з алькежам (сені, хата з печчу і камінам). Уздоўж праспекту парка з левага боку размяшчаліся грот і дзве бяседкі.
   Першая кватэра складалася з васьмі сектараў, якія складалі паслядоўны рад, у якіх раслі старыя і маладыя яблыні і грушы (207 дрэваў), адзінаццаць маладых арэхаў грэцкіх і 79 сажанцаў пладовых раслін. Сіметрычна з другога боку праспекту мелася кватэра другая, якая была абсаджана самшытам вечназялёным. Яна мела пяць сектараў, у якіх раслі 18 груш і яблынь і адзін сектар (бакавы) з парэчкамі. Наступнай была трэцяя вялікая кватэра, якая была абсаджана самшытам у банты, з фантанам у цэнтры, вакол якога на шасці валунах стаялі статуі. Кватэра чацвёртая размяшчалася з дзвух бакоў вуліцы папярэчнай, была абсаджана біручынай звычайнай фармаванай. Кватэра пятая, “шпалерованная” чырвонай парэчкай, а з боку агароджы – італьянскай раслінай з роду “Biem”, называлася кухоннай, у ёй вырошчваліся расліны з агародніны і вострыя прыправы. Уздоўж канала размяшчалася кватэра шостая, якая была абсаджана біручынай, у ёй раслі старыя яблыні і грушы.
    Складаней уявіць другую частку парка, наладжаную ўздоўж вуліцы Падлужнай, якая ішла ад вугла палаца з боку капліцы да канала і, відаць, замыкалася брамай. З левага боку вуліцы было спланавана дзве кватэры, якія былі абсаджаны біручынай і лавандай. З гэтага ж боку за вуліцай Папярэчнай мелася яшчэ чатыры пустыя кватэры. Далейшая прастора перад каналам займала шэсць кватэр, з іх дзве са шпалерамі з біручыны, а астатнія не мелі перафірыйнага афармлення і засталіся н запоўненыя раслінамі.
   З другога боку вуліцы ад вугла палаца размяшчаліся тры вуглавыя кватэры з яблынямі і грушамі, са шпалерамі з клёну, а далей за вуліцай паміж каналамі меліся яшчэ чатыры кватэры з біручынавымі шпалерамі, якія служылі садам. З гэтага правага боку парка стаяў адрахлелы будынак каменнага маленькага палаца, магчыма, эрмітажу. Побач меліся дзве кватэры, абсаджаныя самшытам па краям і з самшытам у іх кабінетах. Відаць, з іх быў выкананы азначаны малюнак. Выкарыстанне самшыту ў складаных партэрных узорах было звычайнай з’явай у еўрапейскіх барочных парках. Па вуглам кватэр раслі елкі, відаць, фармаваныя. Акрамя гэтага, паміж каналамі на Горцы (так называецца гэтая частка парка) меліся чатыры кватэры, абсаджаныя бэзам звычайным, якія служылі вінаграднікам (24 экзэмпляры), расло тут таксама пяць дрэваў арэха грэцкага.
   У парку мелася аранжарэя з 2 печамі і 23 вокнамі. Яе расліны ў летні час выстаўлялі на партэры, які быў ахоплены шпалерамі з елкі.
   Да парку прымыкалі будынкі, уваход у якія быў з боку вуліцы вёскі. У іх складзе была хата садоўніка, дзве канюшні, вазоўня і хата з дзвума каморамі, сенямі, пякарняй і аранжарэяй. Садоўнікам у гэты час працаваў Сымон. Яго хата ўключала двое сеняў, дзве ізбы, кабінет і невялікае памяшканне накшталт алькежу, якое называлася “горкай”, да якога вялі ступені з поручнямі. Каля хаты быў устроены калодзеж з жураўлём.
   У парку па праэкту, які быў падрыхтаваны каля 1760г., быў закладзены фундамент ахотнічага палацу (праэкт захоўваецца ў зборах Нацыянальнага музею ў Варшаве). Паводле праекта палац уяўляў сабой шэдэўр палацавай архітэктуры.
 Радзівіламі планавалася будаўніцтва арыгінальнага барочнага трохпавярховага васьміграннага будынку, да граняў якога з дзвух бакоў было прыстаўлена па два невялікіх, але высокіх “двухпавярховых” крыла, квадратных у плане, злучаных на ўзроўні першага паверха устаўкамі з балюстраднымі тэрасамі з дэкаратыўнымі вазамі. Палац завяршаўся маляўнічым шлемападобным купалам. Дахі крылаў былі двухскатнымі. У цэнтры пад тэрасай абазначаны вялікі арачны праём галоўнага ўвахода. Фасады былі ўпрыгожаны скульптурай, картушамі, пуці. Прамавугольныя вокны дэкарыраваны сандрыкамі, ляпнінай, а сцены – руставанымі лапаткамі, карнізамі і цяжамі. Унутраная планіроўка палаца невядома.
                                                                                    ю    
   Палац не быў пабудаваны, відаць, па прычыне цяжкай хваробы Марціна Радзівіла, якому ў гэты час належалі Чарнаўчыцы.
   Замак ў Чарнаўчыцах, ад якога не захавалася нават следу, можна назваць проста дваром магнатаў. У першай палове XVIIIст., па інвентарнаму апісанню, ён меў свецкія рысы, якія асабліва праявіліся ў велічным для таго часу парку з каналамі. Асаблівыя цяжкасці вызывае дата закладкі парку. Без сумнення можна лічыць, што ён закладзены да 1671 г. – года будаўніцтва новай рэзідэнцыі ў Турне. Не выключаецца магчымасць, што парк, дакладней яго цэнтральная частка з галоўнай алеяй, добра кампазіцыйна ўвязанай з замкам, была закладзена значна раней, у канцы XVI – пачатку XVIIст. М. К. Радзівілам Сіроткай. Ён пасля заканчэння свайго падарожжа па Міжземнамор’ю пачаў новую эпоху ў развіцці садовага майстэрства ў Нясвіжы, Міры і Чарнаўчыцах. Затым парк працягваў разшырацца, пра што сведчаць пустыя кватэры. Без сумнення, парк у Чарнаўчыцах найбольш ранні і з’яўляецца значным прыкладам эпохі барока ў Беларусі.
   У часы Грабоўскіх у 1819 г. Чарнаўчыцкі двор наведаў сусед па маёнтку Юльян Урсын Нямцэвіч – знакаміты драматург, паплечнік і сябар Тадэвуша Касцюшкі – і адзначыў вялікі памер пакояў, куды магла “заехаць шасціконная карэта”, а таксама дасканалы парк за палацам. Паводле гістарычных запісак Нямцэвіча вядома, што па баках раскошнага і багатага Чарнаўчыцкага парку размяшчаўся звярынец, у якім пасвіліся лані. У парку расло шмат лістоўніц. Вакол палаца размяшчаліся драўляная стайня, вазоўня і мураваная скарбніца. У адной з гаспадарчых пабудоў Нямцэвіч аглядзеў калекцыю старых радзівілаўскіх карэт “часоў да Патопу”. Палац пабудаваны з дрэва, меў масіўны ганак, на драўляных слупах, вялікія сені, шэраг пакояў, якія былі аздоблены партрэтамі роду Радзівілаў.
    Палац, верагодна, быў знішчаны ў 1-ю сусветную вайну. І колішні замак, і палацава-паркавы ансамбль у Чарнаўчыцах уваходзяць у лік страчанай нацыянальнай спадчыны.

 

БІБЛІЯГРАФІЯ:

1. Архiтэктура Беларусi : нарысы эвалюцыi ва ўсходнеславян. i еўрап. кантэксце: у 4 т.: [в. Чарнаўчыцы Брэсц. р-на] / НАН Беларусi, Iн-т мастацтвазнаўства, этнаграфii i фальклору. - Мн. : Бел. навука - Т.2.- 2006. - С. 163-166.
2. Несцярчук Л. М. Замкі, палацы, паркі Берасцейшчыны X – XX стагоддзяў/ Л. М. Несцярчук. – Мн., 2002. – С. 56.
3. От прадедов – в наследство: [в т. ч. об истории Чернавчиц] // Край наш Прибужский. – Брест: РИА Вечерний Брест. – 2014. – С. 16 - 18.
4. Радзівілы // Вялікае княства Літоўскае : энцыклапедыя: у 2 т. – Т. 2. Мн.: БелЭн., 2007. – С. 503 – 504.
5. Сядзібна-паркавы комплекс: [палац Радзівілаў у в. Чарнаўчыцы]// Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Брэсцкага раёна. - Мінск : БЕЛТА, 1998. - С. 560.
6. Сядзібна-паркавы комплекс: [палаца-паркавы ансамбль у в. Чарнаўчыцы]// Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Брэсцкага раёна. - Мінск : БЕЛТА, 1998. - С. 526.
7. Федорук, А. Г. Старинные усадьбы Берестейщины /А. Г. Федорук. - Мн, 2004.
8. Чарнаўчыцы // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. - Т. 3. - Брэсцкая вобласць. - Мінск, 2006. - С. 142 - 143.
9. Чернавчицы // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. - Т. 1. - Брестская область : в 2 кн. - Минск, 2009. - Кн. 2. - С. 456 - 457.
10. Чернавчицы. Брестский район // Рэспубліка Беларусь: вобласці і раёны: энцыклапедычны даведнік. – Мн.:БелЭн, 2004. – С. 75.