РЕЙ Иван Петрович - ГУК
РЕЙ Иван Петрович

Іван Пятровіч Рэй нарадзіўся 7 ліпеня 1930 года ў былым хутары Падбулькова каля вёскі Булькава Кобрынскага павета (цяпер Брэсцкага раёна Брэсцкай вобласці). Ён з таго пакалення, якое вайна апаліла сваім злым дыханнем у маленстве. Старэйшыя браты Івана ваявалі ў брэсцкіх лясах. Яго, дванаццацігадовага хлопчыка, катавалі фашысты, каб дазнацца пра месца партызанскай стаянкі.мастацтва для Івана Рэя быў нялёгкім. Вучыўся ў Іванаўскім мастацкім вучылішчы, якое скончыў ў 1952 годзе. У 1959 годзе атрымаў дыплом жывапісца ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце. Вучыўся ў І. Калашнікава, С. Цітова, І. Няфёдава, В. Цвіркі, А. Мазалёва. Але не толькі вучэбныя класы выхоўвалі і фарміравалі мастака, а само жыццё, хвалюючае, трывожнае і небяспечнае ў ваенны час, нялёгкае ў першыя пасляваенныя гады, бурлівае і кіпучае ў студэнцкую пару, поўнае творчых планаў, напружанай працы, пошукаў, калі выносіў створанае на суд гледачоў.

Дыпломная работа Івана Рэя “Ураджай”, дзе ён упершыню ў пасляваенным беларускім мастацтве звярнуўся да мазаікі, знайшла многа прыхільнікаў. З 1959 года мастак удзельнічае у выставах.

З 1962 па 1965 гады Іван Пятровіч быў выкладчыкам Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута. З 1964 года ён у Беларускім саюзе мастакоў.

Іван Пятровіч працаваў ў розных жанрах станковага жывапісу, у манументальна-дыкаратыўным мастацтве. Асноўныя тэмы творчасці – услаўленне народнага подзвігу ў Вялікай Айчыннай вайну, жыццё сучаснай вёскі, вобразы рабочых, калгаснікаў, дзеячаў беларускай гісторыі і культуры. Напісаў тэматычныя карціны: “Бацькоўскай славы вартавыя” (1970), “Прызванне”, “Дзякуй, мама!” (1975), “З вогненнай вёскі” (1987). “Боль вогненных гадоў. Год 41-шы” (1984), “Зямля мая беларуская” (1985); пейзажы: ”Івянец” (1973), “Плошча Перамогі” (1981). “Малінавы звон” (1983), “Апошні снег” (1985), “Ранішні прамень” (1988), “Беларуская восень (1993), “На рацэ Свіслач”, “Краявід з бярозкамі” (1995), “Блакітны ранак” (1997), “Замярзаючы стаў”, “Лагодная зімка” (1999), “Вяча” (2001), серыі “Любімыя мясціны”, “Поры года” (2000); партрэты, нацюрморты. Творчасць Івана Рэя значная духоўным запасам, аб’ёмнасцю любові і пастаяннай адданасцю патрыятычнай тэме.

Шэраг твораў Івана Рэя прысвечаны дзеячам беларускай літаратуры: “На радзіме Янкі Купалы (1980), “Шлях паэта” (партрэт М. Багдановіча, 1981), “Якуб Колас” (1982), “Дунін-Марцінкевіч з дачкамі Камілай і Цэзарынай” (1983) і інш. Героі партрэтаў Івана Рэя кранаюць прастатой і чалавечнасцю, праўдай жыцця, унутранай сабранасцю, шчырасцю пачуццяў, трапнасцю характараў, іх нельга не заўважыць, нельга застацца абыякавым да іх лёсу.

Шмат часу мастак аддаваў пошуку кампазіцыйнай выразнасці і своеасаблівасці сваіх твораў. Станковым творам уласцівы гарманічная пабудова кампазіцыі, багацце тонавых нюансаў, тонкасць перадачы святло-паветранага асяроддзя.

Іван Рэй аўтар сграфіта “Спорт” у Беларускай акадэміі фізвыхавання і спорту (1963, з С. Мусінскім), вітражоў “Беларусь” для павільёна на міжнародным кірмашы ў Лейпцыгу і “Айчынная вайна” ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны (1967, усе ў сааўт. з І. Эйдэльманам).

Творы Івана Рэя знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва, фондах Беларускага саюза мастакоў, літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа, Беларускім музеі народнай архітэктуры і побыту, Віцебскім мастакім музеі, Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П. Масленікава і інш.

У 1988 годзе Івану Пятровічу прысвоена званне заслужанага дзеяча мастацтваў БССР. За дасягненні ў галіне культуры Іван Рэй быў узнагароджаны медалём Францыска Скарыны (2001).

Іван Пятровіч Рэй памёр 20 жніўня 2002 года.