Сельскохозяйственное производство - ГУК
Сельскохозяйственное производство

Калектывізацыя сельскай гаспадаркі ў наваколлі вёскі Астрамечава пачалася яшчэ ў даваенны перыяд. У лік першых дзевяці калгасаў Брэсцкага раёна, створаных у 1940 годзе, уваходзіў і калгас імя Молатава (в. Кустынь Лышчыцкага сельсавета). Мірнае, пасляваеннае жыццё наладжвалася ў цяжкіх умовах: разруха, адсутнасць самага неабходнага, рэшткі бандытаў, што хаваліся ў лясах.

8 лютага 1949 года ў вёсцы Астрамечава, адной з першых у Брэсцкім раёне, была арганізавана сельскагаспадарчая арцель “Памяць ільіча”. Усяго на тэрыторыі Астрамечаўскага сельскага Савета ў 1949 годзе было арганізавана 6 сельгасарцелей: 8 лютага ў в. Астрамечава – “Памяць Ільіча” (старшыня Данілюк Андрэй Васільевіч), у в. Цюпрыкі – “Новае жыццё” (старшыня Пятручык Фёдар Карнеевіч); 11 лютага ў в. Кашылава – “Чырвоная зорка” (старшыня Данілюк Іван Антонавіч); 16 лютага ў в. Малыя Сухарэвічы – “Чырвоны партызан” (старшыня Вайцюк Данііл Карлавіч); 7 сакавіка ў в. Рудавец – “8 Сакавіка” (старшыня Сямак Фёдар Паўлавіч); прыкладна ў гэты ж час у в. Уладычыцы – “Імя Варашылава” (старшыня Сацюк Серафім Варфаламеевіч).

На першым агульным сходзе сялян вёскі Астрамечава прысутнічалі 77 чалавек. Былі разглкджаны 44 заявы аб уступленні ў калгас. У выніку адкрытага галасавання першым старшынёй калгаса з трох кандыдатур быў абраны Андрэй Васільевіч данілюк. Членамі праўлення сталі: Сямён Піліпавіч Мізэрыя, Сямён Дзямідавіч Шыш, Аляксей Міронавіч Казаўчук і Міхаіл Ульянавічч Паднюк; членамі рэвізійнай камісіі: Канстанцін Аляксандравіч Ляўчук і Алена Іванаўна Курачкіна.

Ужо ў сакавіку ў калгасе былі скамплектаваны 4 брыгады: 1-я паляводчая (брыгадзір Паднюк Міхаіл Ульянавіч, замацавана 19 коней), 2-я паляводчая (брыгадзір Місіюк Іван Міронавіч, замацавана 20 коней), 3-я паляводчая (брыгадзір Мізэрыя Сямён піліпавіч, замацавана 19 коней), будаўнічая (брыгадзір Муляўка Фёдар Аксенцьевіч, лічылася 5 чалавек). А таксама: агародніцкае звяно (звеньявы Ляўчук Канстанцін Аляксандравіч), супрацьпажарная каманда (3 чалавекі). Намеснікам старшыні прызначаны брыгадзір 1-й паляводчай брыгады М. У. Паднюк.

23 верасня 1949 года, у сувязі з выдачай калгасу дзяржаўнага акту на вечнае карыстанне зямлёй, Брэсцкі райвыканкам вырашыў замацаваць за калгасам “Памяць Ільіча” зямельную тэрыторыю агульнай плошчай 1043 га.

У сувязі з узросшай дапамогай дзяржавы сельскай гаспадарцы трактарамі, камбайнамі і іншымі матэрыяльна-тэхнічнымі сродкамі, а таксама кадрамі спецыялістаў, ствараліся ўмовы для ўздыму сельскай гаспадаркі. Аднак сур’ёзнай перашкодай для далейшага развіцця і ўмацавання калгасаў з’яўлялася наяўнасць значнай колькасці дробных калгасаў. Улічваючы гэту акалічнасць і ў адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў БССР № 737 ад 17 чэрвеня 1950 “Аб узбуйненні дробных калгасаў” і рашэннем Брэсцкага аблвыканкама № 630 ад 11 жніўня 1950 года ў Брэсцкім раёне пачалася кампанія па ўзбуйненні дробных калгасаў.

У Астрамечаўскім сельскім Савеце пешае аб’яднанне калгасаў адбылося 30 сакавіка 1952 года. На агульным сходзе членаў калгасаў “Новае жыццё” і “8 Сакавіка” было вырашана аб’яднаць гэтыя калгасы ў адну сельгасарцель “Новае жыццё”. 24 снежня 1952 года на агульным сходзе членаў калгаса “Памяць Ільіча” вырашалася пытанне аб узбуйненні калгасаў “Чырвоная зорка”, “Чырвоны партызан”, “Імя Варашылава”. Было вырашана аб’яднаць гэтыя гаспадаркі ў адну сельскагаспадарчую арцель “Памяць ільіча”, старшынёй абраць Сямёна Піліпавіча Мізэрыю і “замацаваць у карыстанне ўзбуйненага калгаса 2696 га зямлі”.

Наступнае абъяднанне адбылося 15 мая 1981 года, калі “Памяць Ільіча” зліўся з калгасам “Імя Мічурына”, у які ўваходзілі 555 членаў калгаса. Назва калгаса засталася нязменнай – “Памяць Ільіча”. 16 кастрычніка 1982 года на агульным сходзе калгасаў “Памяць Ільіча” і “Кастрычніцкая Рэвалюцыя” было вырашпна аб’яднаць гэтыя дзве гаспадаркі ў адзін калгас і прысвоіць яму назву калгас-камбінат “Памяць Ільіча” з цэнтральнай сядзібай у в. Астрамечава.

У той жа момант выканкам абласнога Савета народных дэпутатаў вырашыў перадаць зямельны ўчастак плошчай 496,9 га ад калгаса “Ленінскі шлях” Камянецкага раёну калгасу-камбінату “Памяць Ільіча”, а 12 чэрвеня 1986 года да калгаса-камбіната была далучана частка зямель саўгаса “Заходні” – вёскі Яцкавічы, Пагубяцічы, Сегенеўшчына Брэсцкага раёна. Цяпер у склад гаспадаркі ўваходзяць 17 населеных пунктаў.

За час існавання калгаса шэраг работнікаў былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі: Праскоўя Дзмітрыеўна Шыш (ордэн Леніна і ордэн Кастрычніцкай Рэвалюцыі), Вера Сцяпанаўна Шыш (ордэн “Знак пашаны”), Міхаіл Ульянавіч Паднюк (ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга), Сямён Піліпавіч Мізэрыя (два ордэны “Знак пашаны”), Сцяпан Сцяпанавіч Кандрацюк (ордэн Працоўнай Славы), Уладзімір Уладзіміравіч Аскірка, Лідзія Міхайлаўна Мітрафанаўна, Яўген Мікалаевіч Шыбун, Валянціна Паўлаўна Хамук, Віктар Герасімавіч Козіч, Аляксей Аляксеевіч Давідзенка, Алег Анатольевіч Бурак, Аляксандр Міхайлавіч Якубоўскі і інш.

13 жніўня 1992 года калгас-камбінат “Памяць Ільіча” ператвораны ў сельскагаспадарчае калектыўнае прадпрыемства “астрамечава”, якое 10 ліпеня 2003 года атрымала новую назву – сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў “Астрамечава”.

Узначальвае гаспадарку з сакавіка 1982 года Аляксей Сцяпанавіч Скакун, заслужаны работнік сельскай гаспадаркі РБ (1993), доктар эканамічных навук, член-карэспандэнт НАН РБ (2009). А. С. Скакун узнагароджаны ордэнам Кастрычніцкай Рэвалюцыі (1986), ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга (1981), медалём “За працоўную адзнаку” (1973).

СВК “Астрамечава” – адзін з буйнейшых у Беларусі сельскагаспадарчых вытворчых кааператываў. Плошча сельскагаспадарчых угоддзяў СВК перавышае 10,5 га, у тым ліку раллі – больш за 7,7 тыс. га. Асноўны напрамак – мясамалочны, тут дзейнічае комплекс на 8,5 тыс. галоў буйна-рагатай жывёлы.

Таксама паспяхова працуе зверакомплекс па гадоўлі каштоўнага пушнога звера – норкі. Зверакомплекс мае статус “племянной гаспадаркі”, дзе вырошчваецца сем каляровых груп. Маюцца свае цэхі па вырабу і пашыве футра норкі. Увесь футравы асартымент прадстаўлены ў фірменных магазінах СВК “Астрамечава”, а таксама ў гандлёвай сетцы Рэспублікі Беларусь. Акрамя таго, шмат сыравіны ідзе на экспарт.

Даўняя гордасць гаспадаркі – сад, які займае плошчу больш за 300 га. У тым ліку каля 6 га. Займаюць ягаднікі. Валавы збор пладоў тут складае болей за 4 тысячы тон. Непасрэдна на есцы наладжана іх пераапрацоўка. Для гэтага пабудаваны два сучасныя фруктасховішча. Таксама працуе камбінат па пераапрацоўцы сельскагаспадарчай прадукцыі, на тэрыторыі якога размешчаны цэх па вытворчасці він, сухафруктаў.

Эфектыўна функцыянуюць аўтабаза, будаўнічы камбінат, забойны цэх, цэх дрэваапрацоўкі, растворабетонны вузел, цэх па вытворчасці жалезабетоннага плоту, пліткі.

У 2008 годзе, па выніках рэспубліканскага спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў у вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі сярод комплексаў па вытворчасці ялавічыны, першае месца прысуджана калектыву СВК “Астрамечава”. Прадукцыя прадпрыемства – яблыкі “Залатыя лустачкі” – стала лаўрэатам конкурсу “Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь 2010 года” ў намінацыі “Харчовыя тавары”. Па выніках спаборніцтва за 2012 год прадпрыемства было занесена на рэспубліканскую Дошку Пашаны.

У 2013 годзе ў гаспадарцы атрымана 21,2 тыс. тон зерня, 17,7 тыс. тон буракоў, 1,6 тыс. тон рапсу, 18614 тон малака, 4664 тоны мяса. Ураджайнасць зерневых склала 44 цэнтнера з гектара; буракоў – 443; рапса – 27,8. Сярэднегадавы удой на карову склаў 8002 кг малака, сярэднесутачнае прыбаўленне жывёлы ў вазе – 892 грама, у тым ліку на комплексе – 1002 грама. Па выніках работы за 2013 год рэнтабельнасць склала 24,2%.

У 2016 годзе сельскагаспадарчы кааператыў стаў адкрытым акцыянерным таварыствам . ААТ “Астрамечава” добра ведаюць у нашай краіне і за яе межамі. Асабліва вынікова калектыў працуе ў вытворчасці малака і мяса, вырошчванні збожжавых культур, па нарыхтоўцы кармоў. Стабільны даход прыносяць зверафермы, лінія па выпуску яблычнага соку і іншыя вытворчасці, якія практычна безадходныя – па многіх параметрах тэхналагічныя працэсы, якія выкарыстоўваюцца на гэтых участках, не саступаюць сучасным еўрапейскім аналагам.

На павелічэнне прыбытку “працуе” звераферма па вырошчванні норак, асноўны статак якой складае каля 10 тысяч галоў. Пасля атрымання прыплоду колькасць норак павялічваецца ў 5 разоў. Норкі вырошчваюцца пяці колераў: белага (рэгаліі), бэжавага (паламіно), блакітнага (сапфір), карычневага (пастэль) і цёмна-карычневага (браун). У гаспадарцы ёсць цэха, дзе мех гэтых жывёл вырабляюць, і з яго шыюць шубы, шапкі і іншыя вырабы. Усе вырабы строга адпавядаюць апошнім тэндэнцыям моды. Да сезону ў ААТ “Астрамечава” злятаюцца модніцы з усёй рэспублікі – ведаюць, як старанна сочаць за новымі напрамкамі ў футравым бізнэсе астрамечаўскія майстры.

ААТ “Астрамечава” многія гады фарміраваўся культ адукацыі. Цяперашні кіраўнік прадпрыемства Буряк Алег Анатольевіч з’яўляецца кандыдатам сельскагаспадарчых навук, на гэтай пасадзе ён змяніў Скакуна Аляксея Сцяпанавіча, які нязменна кіраваў гаспадаркай на працягу трыццаці чатырох гадоў. Аляксей Сцяпанавіч з’яўляецца доктарам эканамічных навук, членам-карэспандэнтам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Дзякуючы такому моцнаму навуковаму аўтарытэту ўсе спецыялісты прывыклі вывучаць любы станоўчы вопыт, цягнуцца да новага, быць у курсе сельскагаспадарчых навінак. За вопытам і ведамі астрамечаўцы абвандравалі шмат краін, часта бываюць і ў далёкім замежжы.

Праз набыццё акцый СВК стала ўладальнікам ААТ “Брэсцкае марожанае”, абнавіла абсталяванне, асартымент і за невялікі час прадукцыя стала папулярным брэндам, а малако “Астрамечаўскія прасторы” атрымала права на маркіроўку “Натуральны прадукт”. Якасць прадукцыі – марожанага, сыркоў, творагу, смятаны – залежыць ад таго, што малако з астрамечаўскіх ферм паступае на пераапрацоўку праз дзве гадзіны пасля дойкі.

ААТ “Астрамечава” купіла акцыі ААТ “Брэсцкае марожанае”. За кароткі тэрмін з прадукцыі, якая карысталася слабым попытам, зрабілі папулярны брэнд. “Брэсцкае марожанае” перавялі на сучасныя тэхналогіі, сталі выпускаць экалагічна чыстую прадукцыю. У 2015 годзе ААТ “Брэсцкае марожанае” заваявала Дыплом першай ступені ў рэспубліканскім конкурсе “Прадукт года - 2015”.

На сённяшні дзень ААТ “Брэсцкае марожанае” – паспяхова, дынамічна развіваецца прадпрыемства, на якім перапрацоўваецца ўсё малако, якое вырабляецца ў Астрамечава. Велізарным попытам карыстаецца ў пакупнікоў прадукцыя, якая выпускаецца пад гандлёвай маркай “Цімоша” і “Астрамечаўскія прасторы”. Смак гэтай прадукцыі ведаюць жыхары не толькі нашай рэспублікі, але пакупнікі Расіі і Ізраіля.