Свято-Михайловская церковь - ГУК



НАЗВАНИЕ 
Свято-Михайловская церковь
МЕСТОРАСПОЛОЖЕНИЕ ИЛИ КАРТА д. Острометчево
ДАТА СОЗДАНИЯ 1846

КРАТКАЯ СПРАВКА СВЯТА-МІХАЙЛАЎСКАЯ ЦАРКВА вёскі Астрамечава унесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як помнік архітэктуры з рысамі стылю позняга класіцызму.

  Пабудавана ў 1846 г. замест састарэлай драўлянай царквы з бутавага камня і цэглы ў выглядзе карабля. Тры простыя чатырохсценныя аб’ёмы аб’яднаны ў прадаўгавата-восевую кампазіцыю. Каменныя сцены прыгожа акантаваны тынкаванымі і пабеленымі плоскімі лапаткамі, прамавугольнымі вокнамі. Новая стылевая арыентацыя на формы старажытнарускага дойлідства праявілася ў васьмігранным ярусе шатравай званіцы і ў цыбулепадобнай галоўцы над страхой. Гэты стылявы сімбіёз надае храмавай архітэктуры пераходны эклектычны характар. Да прамавугольніка ў плане асноўнага аб’ёму з усходу далучаецца трохсценная апсіда, з захаду — чатырохгранная двухярусная званіца, упрыгожаная макаўкай. Асноўныя слупы былі выкладзены з цэглы, а сцены — з бутавага камня. Такі кантраст надае царкве незвычайную выразнасць і стройнасць.

  У архівах захаваліся звесткі пра гісторыю Свята-Міхайлаўскай царквы. Будаўніцтва храма ў цэнтры вёскі Астрамечава пачалося ў 1840 годзе — на сродкі памешчыцы Ганны Сузін і добраахвотныя ахвяраванні прыхаджан. Месца пахавання ахвяравальныцы - пад крыжам у двары царквы з правага боку ад цэнтральнага увахода. У 1846-м гаду пабудаваная царква была асвечана ў імя Архістраціга Божага Міхаіла. У 1884-м гаду ў каменным прытворы Свята-Міхайлаўскай царквы была пабудавана званіца. Царкоўная хроніка вялася з 1873 года. Вядома, што ў 1934-м у храме меліся дублікаты метрычных кніг за 1908-1913, 1915-й, 1918-34 гады, але сення яны не захаваліся.

  Да царкоўнага прыхода адносіліся вёскі Астрамечава, Баяры, Кашылава, Лышчыцы, Марозавічы, Агароднікі, Плянта. Таксама прыходу належылі царква Святой Параскевы ў вёсцы Лышчыцы (пабудавана ў 1817 годзе) і Свята-Уваскрэсенская царква ў Астрамечава, пабудаваная ў 1872. Абедзве яны будаваліся на сродкі прыхаджан, былі драўляныя, без званіц.

  У жніўні 1886 года храм наведаў расійскі імператар з дынастыі Раманавых Аляксандр III. Ён разам з жонкай Марыяй Фёдараўнай і сынам Мікалаем, у суправаджэнні світы, завітаў на станцыю Лышчыцы, каб назіраць за манеўрамі рускай арміі. У гонар императарскай сям’і ў царкве адслужылі малебен. Аляксандру III і яго жонцы вельмі спадабаліся спевы вучняў народных вучылішчаў.

  У гады Першай сусветнай вайны згарэлі ўсе пабудовы, што належылі прыходу ў в. Астрамечава, звон царквы быў зняты і адпраўлены ў Расію. Заняпад храма скончыўся, калі ў Астрамечава прыйшлі мірныя дні. У 1922 г. прыхаджане зрабілі новы звон з чыгуначнай рэйкі і снарадных гільзаў, царкву агародзілі камянямі і пабудавалі на царкоўныя сродкі дом свяшчэнніка, а ў 1928-30 гг. — гаспадарчыя пабудовы. Зямельны надзел царквы складаў у 1920-30 гг. каля 75 га. Частка зямлі апрацоўвалася прыхаджанамі, частка — сялянамі, за так званы “трэці сноп”, а частка — пуставала... Як сведчаць запісы ў 1934 годзе на тэрыторыі прыхода жылі 2022 чалавекі, з іх 520 — каталіцкага веравызнання.

  У першыя дні Вялікай Айчыннай вайны Астрамечаўская царква была пашкоджана, але намаганнямі айца Сцяпана і яго сына Яўгена — будучага святара— пашкоджанні былі ліквідаваны і жыхары, што засталіся на акупаваных тэрыторыях мелі магчымасць наведваць свой храм.

  Пасля заканчэння вайны і на працягу ўсяго часу існавання Савецкага Саюза Свята-Міхайлоўская царква перажывала цяжкасці, але яе сцены ніколі не пуставалі. Да святароў звярталіся з нагоды хрышчэння, адпявання памерлага і за іншымі духоўнымі патрэбамі.

  Значная падзея ў гісторыі царквы адбылася 19 верасня 1996 года, калі храм наведаў Высокапраасвяшчэнны Філарэт, мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, Патрыяршы Экзарх усея Беларусі. А пачаткам навейшай гісторыі храма можна лічыць 2006 год. Гэта і аднаўленне яго, і святкаванне 160-годдзя ўзвядзення царквы. Пад кіраўніцтвам настаяцеля — айца Уладзіміра — пры храме была адкрыта нядзельная школа, праведзены рамонтна-рэстаўрацыйныя работы. Вялікую дапамогу ў гэтым аказаў кіраўнік СВК “Астрамечава”, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Аляксей Сцяпанавіч Скакун і кожны з прыхаджан, жыхароў Астрамечава ўнес свой пасільны ўклад у гэтую справу: хто грашыма, а хто — працай на будаўніцтве і добраўпарадкаванні тэрыторыі храма.

  З нагоды святочнай даты ў храме была адслужана Божая Літургія архірэйскім чынам, а пасля службы Праасвяшчэнны Іаан, епіскап Брэсцкі і Кобрынскі, узнагародзіў граматамі ўсіх, хто доўгія гады дапамагаў настаяцелю падтрымліваць прыгажосць храма.

 Свята-Міхайлаўская царква была сведкам многіх гістарычных падзей – рэвалюцый, войнаў, нястач чалавечага жыцця, але заўседы заставалася духоўным аплотам і гонарам астрамечаўцаў.