Сіротка Мікалай Радзівіл - ГУК
Сіротка Мікалай Радзівіл


Спіс крыніц:

1. Алексейчик, Я. В чем прок от Радзивиллов? / Яков Алексейчик // Беларуская думка. – 2015. – №12. – С.56-63.
2. Брылеўскі, М. М. Выхадцы з Беларусі ў даследаваннях Бліжняга і Дальняга замежжа : вучэбны матерыял да ўрока № 9 / М. М. Брылеўскі // Геаграфія. Серыя "У дапамогу педагогу". - 2015. — № 12. — С. 37—43.
3. Бутэвіч, А. Бюст Мікалая Крыштофа Радзівіла Сіроткі ў Старым парку :[выяўленчы матэрыял] // Таямніцы Нясвіжскага замка / Анатоль Бутэвіч. - Мінск, 2013 - С. 32.
4. Бутэвіч, А. Мікалай Крыштоф Радзівіл Сіротка : [рэпрадукцыя] / Анатоль Бутэвіч // Таямніцы Нясвіжскага замка. - Мінск, 2013 - С. 66.
5. Бярнацкая, К. Шпалера з Готфрыдам і крыжык рыцара Сіроткі / Крысціна Бярнацкая // Культура. - 2016. — 9 красавіка (№ 15). — С. 14.
6. Васюк, Т. І. Радзівіл Сіротка. 2002. Шамот :[выяўленчы матэрыял] / Тамара Васюк // Сучаснае беларускае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. XXI стагоддзе. - Мінск, 2013 - С. 52.
7. Волкаў, М. А. Мірскі замак у XVI—XVIII стст.: гісторыя будаўніцтва і эвалюцыя функцыянальнага прызначэння / Мікалай Волкаў // Беларускі гістарычны часопіс. - 2016. — № 9. — С. 29—45.
8. Врубель, И. Персонажи эпохи польско-русских войн XVI-XVII вв. Взгляд с Запада / И. Врубель // Историк и Художник: ежеквартальный журнал. - 2008. - № 12. - С. 139-155.
9. Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Менск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 788 с.
10. Галоўка, С. Чаго варты Мір без замка? / Сяргей Галоўка // Беларуская думка. - 2012. — № 7. — С. 37—43.
11. Грыцкевіч, А. Мікалай Крыштоф Радзівіл (Сіротка) / А. Грыцкевіч // Славутыя імены Бацькаўшчыны : зборнік. Вып. 1. - Мн., 2000. - С. 87-99.
12. Гумилевский, С. Князь Радзивилл (Сиротка) и архитектор Ян Мария Бернардони: [изоматериал] / С. Гумилевский // Сучасная беларуская скульптура. - Мн., 2007. - С. 29
13. Гурын М. Дзейнасць М.К.Радзівіла Сіроткі ў Нясвіжы // Мастацкая культура Нясвіжа: гісторыя і сучаснасць: Матэрыялы навук. канф. Мн., 1996;
14. Довгало, В. Т. Владельцы Мирского замка. 2010. Гобелен : [репродукция] / В. Довгяло // Монументальная живопись белорусских художников второй половины XX — начала XXI века / Д. А. Ивановская. - Минск, 2014 - С. 248—249.
15. Ермоленко, В. Белорусы - основоположники мировой египтологии / В. Ермоленко //Гiсторыя: праблемы выкладання. - 2006. - № 7. - С. 55-62.
16. Качалка, В. Прашу, каб мяне перанеслі ў Нясвіж:[постаць дзяржаўнага i ваеннага дзеяча ВКЛ, пiсьменнiка, мецэната Мікалая Крыштофа Радзівіла Сіроткі] / В. Качалка // Маладосць. - 2015. — № 3. — С. 149—153.
17. Кніга жыцій і хаджэнняў. Уклад. А. А. Мельнікаў, прадм. І. Саверчанка, бел.перакл. С. Шупа. — Мн., 1994. С. 164—447.
18. Козлов, Л. Р. Радзивил "Сиротка" : историческая трилогия. Кн. 1 . Наследник по мечу / Л. Р. Козлов. . - Минск : Альтиора—Живые краски, 2015. - 181, [2] с.
19. Куваеў, А. Радзівілы. Скарбніца. Росквіт : нарыс-разважанне / А. Куваеў // Маладосць. - 2012. — № 12. — С. 105—110.
20. Куваеў, А. Радзівілы. Скарбніца. Росквіт : нарыс-разважанне / А. Куваеў // Маладосць. - 2013. — № 1. — С. 109—114.
21. Кэмпа, Т. Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка і Берасцейская унія : [аб дапамозе Мікалая Крыштафа Радзівіла Уніяцкай царкве] / Томаш Кэмпа ; пераклад Алесь Пяткевіч // ARCHE Пачатак. - 2015. — № 6. — С. 74—97.
22. Марціновіч, А. Буслы над Нілам. Мікалай Крыштоф Радзівіл / А. Марціновіч, // У часе прасветленыя твары : гістарычныя эсэ, нарысы/ А. Марціновіч. - Мн., 1999. - С. 69-87.
23. Мацук, А. Князі Радзівілы : тэма нумара / Андрэй Мацук [і інш.] // Arche. Пачатак. - 2015. — № 6.
24. Мысліцелі і асветнікі Беларусі: энцыклапедычны даведнік, Мінск:БелЭн, 1995. – С. 109 – 112.
25. Павловский, Б. История жизни Николая Криштофа Радзивила Сиротки / Б. Павловский // Вечерний Брест. – 2016. – 13 июня.
26. Павловский, Б. Очарованный странник : [биография Николая Криштофа Радзивилла Сиротки (1549-1616) из Несвижа, построил в Чернавчицах костел Святой Троицы (1588-1595гг.)] / Б. Павловский // Вечерний Брест. - 2012. — 30 марта (№ 26). — С. 6.
27. Стальмашонак, У. І. Партрэт М.-К. Радзівіла "Сіроткі":[рэпрадукцыя] / У. Стэльмашонак // Уладзімір Стэльмашонак. - Мінск, 2015 - С. 53.
28. Старажытная беларуская літаратура (XII—XVII стст.) / Уклад, прадм., камент. І. Саверчанкі — Мн.: Кнігазбор, 2010. — («Беларускі кнігазбор»). Федорук, А. Г. Старинные усадьбы Берестейщины /А. Г. Федорук. - Мн, 2004.
29. Чаропка, В. "Быў славаю ў баі, святлом у радзе". Мікалай Крыштоф Радзівіл Сіротка / В. Чаропка // Лёсы ў гісторыі. - Мн., 2005. - C. 181-210.
30. Чистяков, С. Монастырь иезуитов строил князь Сиротка / С. Чистяков // Директор. - 2010. - № 4. - C. 78 – 80.
31. Шматаў, В. Ф.. Мастацтва беларускіх старадрукаў (XVI-XVIII стст.) : [перш. компл. даследаванне мастацкай аздобы старадрукаў, згадваецца М. К. Сіротка] / В.Ф.Шматаў.- Мн.: Тэхналогiя, 2000. - 131с.
32. Шышыгіна-Патоцкая К. Нясвіж і Радзівілы. Мн.: «Беларусь», 2007. — 240 с.: іл. ІSBN 978-985-01-0740-4.
33. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Менск: БелЭн, 2001. — 591 с.
34. Jodlowski, A. Radziwillowie w Bialej na Podlasiu : Ich rezydencja, koscioly i rzemioslo artystyczne / Antoni Jodlowski ; redakcja Malgorzata Nikolska. - Biala Podlaska : Muzeum Poludniowego Podlasia, 2008. - 50 s.

   Мікалай Радзівіл Сіротка
   Мікалай Радзівіл Сіротка вядомы не толькі як магнат і мецэнат, але і як выдатны гаспадарнік, палітык, забудоўшчык і падарожнік таго часу. Дзяржаўны і ваенны дзеяч Вялікага княства Літоўскага, князь Нясвіжскі і Вольскі, вялікі маршал літоўскі (з 1579г.), ваявода троцкі (з 1590 г.), ваявода віленскі (з 1604 г.). Таксама ўладальнік Чарнаўчыц, на сродкі якога ў 1595 г. быў пабудаваны касцёл св. Тройцы, які выдатна захаваўся і з'яўляецца дзеючым і па сённяшні дзень.
  Мікалай Радзівіл нарадзіўся 2 жніўня 1549 г. і быў старэйшым свнам вялікага літоўскага канцлера, віленскага ваеводы Мікалая Радзівіла Чорнага і графіні Елізаветы Шыдлавецкай. Сваё імя ён атрымаў па сямейнай традыцыі Радзівілаў, а прозвішча “Сіротка”, яму даў польскі кароль і Вялікі князь Літоўскі Сігізмундт ІІ Аўгуст. Згодна з сямейнай лягендай, апісанай ў старажытнай хроніцы, аднойчы бацькі маленькага Мікалая адправіліся на баль у каралеўскі палац і ўзялі з сабой трохгадовага сына. Падчас свята Сігізмунд Аўгуст сустрэў у адным з пакояў вялікага палаца пакінутага без нагляду дзіцяці і прылашчыў яго, прыгаворваючы: «Ах, ты мой бедны, ўсімі забыты сіротка!». Пасля гэтага выпадку і сталі называць Мікалая Радзівіла – “Сіроткай”.
   Адукацыю Мікалай Радзівіл атрымаў выдатную. Спачатку вучыўся ў пратэстантцкай гімназіі, заснаванай яго бацькам князем Мікалаем Чорным Радзівілам, затым ва універсітэтах Страсбурга і Цюбінгена. Паралельна з вучобай выконваў даручэнні бацькі, удзельнічаў у еўрапейскім грамадскім жыцці, быў пасвечаны ў рыцары мальтыйскага ордэна. Пасля атрымання вестак аб смерці бацькі вернуўся ў Вялікае княства Літоўскае, а затым, выконваючы апошнюю волю бацькі, адправіўся ў падарожжа па Еўропе, пабываў у Італіі, Аўстрыі, Францыі. Пад уплывам папскага нунцыя кардынала Камедонія і езуіцкага прапаведніка Пятра Скаргі ў канцы 1566 г. перайшоў з кальвінізму ў каталіцтва. Неўзабаве пасля гэтага перадаў Нясвіжскую друкарню свайго бацькі віленскім езуітам.
  У пачатку 1567 г. Мікалай вярнуўся на радзіму, яго прызналі паўналетнім і перадалі валоданні бацькі. У 18 гадоў паступіў на дзяржаўную службу. Удзельнічаў у Лівонскай вайне 1558-1583: у 1567 г. узначаліў уласны атрад у Радашковіцкай аперацыі, у 1568 г. прымаў удзел у асадзе Улы супраць маскоўскіх войскаў
   У час заключэння Люблінскай уніі 1569 г., як і большасць паноў ВКЛ адмаўляўся прысягаць каралю Сігізмунд II Аўгусту са сваіх маёнткаў на Падляшшы і зрабіў гэта толькі пад пагрозай іх канфіскацыі. Адыход ад палітыкі сабатажу каралеўскага плана уніі і ўдзел у Лівонскай вайне прынеслі Мікалаю Сіротцы ў 1569 г. пасаду маршалка надворнага ВКЛ.
   1 ліпеня 1569 г. ён падпісаў акт Люблінскай уніі. Пасля смерці Сігізмунд II Аўгуста на з'ездзе сенатараў у Кнышыне ў 1572 г. Мікалай Сіротка заявіў, што літвіны будуць дамагацца звароту Вялікаму княству Літоўскаму Падляшша, Валыні, Брацлаўшчыны і Кіеўшчыны.
   Як сведчаць гістарычныя крыніцы, М. К. Радзівіл быў здольным дыпламатам. У 1573 г. ён узначальваў пасольства ў Парыж да Генрыха Валуа, якому перадаў запрашэнне радных паноў на велікакняжацкі прастол. У 1574 г. у час выбараў на сойме новага караля Рэчы паспалітай Мікалай Крыштаф Сіротка падтрымліваў кандыдатуру Генрыха Валуа і, калі той уцёк у Францыю, двойчы ездзіў да яго з запрашэннем вярнуцца і папярэджаннем, што калі ён не вернецца, то пазбавіцца кароны. Пасля ўцёкаў Генрыха Валуа (1574 г.), на трон Рэчы Паспалітай падтрымліваў кандыдатуру Эрнста Габсбурга, але пасля паразумеўся са Стэфанам Баторыем.
   У гэты ж час Сіротка звярнуўся да актыўнай контррэфармацыйнай дзейнасці, хоць раней цярпіма ставіўся да пратэстанцкіх збораў, якія дзейнічалі на яго землях і тлумачыў гэта павагай да дзядзькі і да памяці бацькі, якія былі пратэстантамі. Пачаў запрашаць у свае ўладанні ксяндзоў, а на месцы пратэстанцкіх збораў адкрываў каталіцкія касцёлы, таксама падтрымліваў праваслаўныя цэрквы. Актыўна выкупляў кнігі пратэстанцкага ўтрымання.
   У час новай ваеннай кампаніі пад камандаю Стэфана Баторыя ў 1579 г. разам з братам Альбрыхтам прывёў уласны атрад пад Свір, удзельнічаў у вызваленні Полацка ад маскоўскіх войскаў, быў пры гэтым цяжка паранены. За ўдзел у ваеннай кампаніі прызначаны маршалкам вялікім Вялікага княства Літоўскага (1579 г.). Летам 1581 г. прымаў удзел у асадзе Пскова.
   У 1578 г. ён уведаміў папу Рыгора XIII аб сваім жаданні наведаць Святую зямлю. Аднак хвароба і дзяржаўныя справы на пяць гадоў адклалі падарожжа. Толькі 17 красавіка 1583 года Мікалай Крыштаф са сваімі спадарожнікамі ступіў на борт карабля.
  Цяжкае было падарожжа, але запамінальнае. Па-еўрапейску адукаваны і назіральны падарожнік вёў дзённік, у якім жыва і цікава апісаў свае вандроўкі, выдатныя мясціны і небяспекі. Ён высаджваўся на Іанічных астравах, дзе цікавіўся асаблівасцямі вырошчвання вінаграду і цытрусавых. На востраве Крыт Радзівіл наведаў Тэзеяў лабірынт, які ацаніў як старажытныя каменяломні, руіны старажытнагрэчаскага гораду Горціна, дзе адзначыў былую веліч і прыгажосць гораду. На востраве Кіпр князь агледзеў выпарванне солі з марской вады. Там жа ён адзначыў розніцу ў кліматычных умовах на бліжэйшых тэрыторыях, звязаных з горным рэльефам.
  Пасля горада Трыпалі ў Ліане Радзівіл наведаў Баальбек з яго знакамітымі руінамі старажытнага храмавага ансамблю. З Трыпалі шлях ляжаў у Дамаск, “…город весьма населённый, большой… и чудесный, однако от моря далеко расположенный, а купцы из Европы весьма редко бывают там». Радзівіл даў падрабязнае апісанне архітэктуры і інтэр’еру храма Іаана Хрысціцеля ў Дамаске.
   У Іерусаліме князь правёў значны час і наведаў біблейскія месцы, звязаныя з імем Іісуса Хрыста і хрысціянскіх святынь. Ён падрабязна апісвае іерусалімскі храм Гроба Гасподня, адзначае таксама надмагільныя помнікі правадыроў крыжаносцаў Балдуіна І Фландрскага і яго брата Готфрыда Бульёнскага, вызваліцеля Іерусаліма ад няверных ў 11 ст. Там Радзівіл быў пасвечаны ў рыцары Гроба Гасподня і зрабіў ахвяраванні на хрысціянскую царкву.
    У Палесціне князь адзначыў Тыверыядскае возера, Мёртвае мора і р. Іардан, акрэсліўшы іх прыкладныя памеры і адзначыўшы асаблівасці колеру і смаку вады. Ён указваў на высокую салёнасць і серністасць Мёртвага мора, дзе “вода такая густая, безобразная и сильно воняет”.
З вострава Кіпр Радзівіл у жніўні прыбыў морам у Каір, дзе ўважліва назіраў прыроду і жыцё ў Егіпце. Ён адзначаў, што Ніл у Каіры ўдвая шырэйшы, чым Дунай у аўстрыйскага горада Лінц, а Каір у пяць разоў пераўзыходзіць па велічы Парыж, хоць і саступае яму ў архітэктурных адносінах. У апісанні горада прыводзяцца звесткі пра яго сцены, вуліцы, палацы, арганізацыі гарадской аховы. Увагу падарожніка ўвесь час прыцягвалі асаблівасці жыцця егіпецкіх гараджан і сельскага насельніцтва. Ён падрабязна расказвае пра спосабы дастаўкі вады на верблюдах з Ніла ў Каір, пра грамадскія харчэўні ў горадзе, пра інкубацыйнае вывядзенне куранят, пра паліўное земляробства ў даліне Ніла, урадлівасць глебы. Радзівіл адзначаў дастатак харчовага запасу ў Егіпце. Уразіла падарожніка вялікая колькасць вёсак, якія “считать невозможно”, бо толькі ў дэльце Ніла ён называе іх 20 тысяч. Пад час свята пуску вады на палі князь адзначаў да 2 мільёнаў удзельнікаў, з-за чаго зямля здавалася пакрытай снегам ад белых цюрбаноў.
  Падарожнік шмат увагі надзяляў апісанню звычаяў і нораваў разнастайных групаў насельніцтва ў Сірыі, Ліване, Егіпце, адносінам паміж арабамі, егіпцянамі, туркамі, яўрэямі і іншамі народамі. Ён цікавіўся станам здароўя мясцовых жыхароў і эпідэміямі, турэцкімі шпіталямі, дзервішамі і індыйскімі таргоўцамі, са спачуваннем адзначаў бяспраўны стан рабоў ў заваяваных туркамі краінах.
    Радзівіл аглядаў егіпецкія піраміды і старажытныя пячорныя захаванні з вялікай колькасцю забальзаміраваных мумій. Дзве з іх ён вёз на судне з сабой у Нясвіж, але ў час буры быў вымушаны выкінуць іх за борт пасля запатрабавання пасажыраў. З Егіпту Сіротка прывёз сакрэт бальзаміравання. У сваіх пуцявых дзённіках ен даволі дакладна апісвае знешні від мумій, адзначае, што “намазаныя, тры тысячы гадоў цэлыя ляжаць”. Дзякуючы бальзаміраванню, усе целы Радзівілаў, што былі пахаваны да XIX ст, захаваліся ў спецыяльнай крыпце (грабніцы). Потым сакрэт, які наследаваўся, быў згублены, і бальзаміраванне не праводзілі.
   Князь надаваў увагу апісанню расліннасці і экзатычных жывёл Міжземнамор’я і Афрыкі: хамелеона, малпы, кракадзіла і іншых жывёлаў. Гіпапатама ён апісвае так: “…очень похожи на зубров и фигурой, и шерстью, и видом, только что без рогов…”. Ён распавядае пра стравусаў, а таксама птушках, якія зімуюць у дэльце Ніла, – буслах і разнастайных качках. Для нясвіжскага заапарку Радзівіл купіў павіанаў, дзвух леапардаў, цывету, папугаяў і іншых жывёлаў.
  У Александрыі Радзівіл звярнуў увагу на нездаровы клімат мясцовасці і асабліва на адкрытасць порта для тарговых суднаў розных дзяржаў, мноства людзей з хрысціянскіх краін. Ён адзначаў як дастойныя дзіву старажытныя помнікі: калону Пампея, востраў Фарос, на якім стаяў у старажытнасці вядомы маяк – адно з “сямі цудаў свету”, а таксама гарадскія палацы, падземныя цыстэрны для захавання вады і іншыя збудаванні.
   9 кастрычніка 1584 г. князь пакінуў Александрыю і па мору адправіўся на востраў Крыт. Судна трапіла ў страшэнны шторм, і “каждый о своей душе думал, последней минуты ожидая”. Але лёс быў прыхільны да падарожнікаў.
   На Крыце Радзівіл заставаўся да лютага 1585 г. Затым яго шлях праходзіў праз паўвостраў Калабрыя і ўздоўж усходняга пабярэжжа Італіі ў Венецыю. У Італіі паломнікі былі захоплены разбойнікамі, ім пагражала сур’ёзная небяспека. Аднак, дзякуючы правільнаму плану дзеянняў, які запрапанаваў князь сваім спадапарожнікам, бандытаў здолелі перахітрыць, а затым паспяхова завяршыць небяспечны шлях. У пачатку мая 1585 г. Радзівіл выехаў з Венецыі, у чэрвені прыбыў у Гародню, а 7 ліпеня – у Нясвіж.
  Запіскі Радзівіла Сірткі пра яго падарожжа былі напісаны каля 1595 года і ўпершыню выдадзены на латыні ў 1601 г. ў Брансбергу пад назвай «Перэгрынацыя Мікалая Крыштафа Радзівіла» (лац.: «Hierosolymitana peregrinatio ill. p. Nicolai Christophori Radziwili, ducis in Olyka, epistolis comprehensa»). Пазней кніга двойчы перавыдавалася на латыні, у 1610 і 1753 гг. Звыш дзвух стагоддзяў кніга была найбольш праўдзівай і поўнай інфармацыяй пра Бліжні Усход, шырока вядомай у Рэчы Паспалітай і іншых дзяржавах Еўропы. За чатыры стагоддзі – з 1601 па 1994 гг. яна была выдадзена на лацінскай, польскай, нямецкай, рускай і беларускай мовах не менш дваццаці разоў.
    Паводле М. К. Радзівіла мэта выдання кнігі — «пашырыць кругагляд землякоў». У прадмове ён падкрэсліваў, што піша толькі пра тое, што бачыў на ўласныя вочы, а не вычытаў у кнігах іншых падарожнікаў, хоць быў добра знаёмы з літаратурай пра Блізкі Усход. У кнізе мноства спасылак на гэту літаратуру, але М. К. Радзівіл не капіраваў іншых, а сам аналізаваў прачытанае. Часта выказваў нязгоду з тымі або іншымі аўтарамі.
 Падчас падарожжа ў Мікалая Радзівіла была магчымасць любавацца еўрапейскай архітэктурай. Асабліва захапіла яго італьянскае ваеннае дойлідства, таму, вярнуўшыся ў родны Нясвіж, ён вырашае адбудаваць каменны фамільны палац Радзівілаў на месцы спаленага драўлянага замка. Для гэтага ён наймае на працу вядомага італьянскага архітэктара Джавані Бернардоні. Будаўніцтва доўжылася сем гадоў, але вынік перасягнуў усе чаканні. На беразе ракі Уша вырасла велічная крэпасць, якая не толькі прывабна выглядала, але і была самым дасканалым умацаваннем на тэрыторыі тагачаснай Беларусі.
  У гэты ж час у горадзе будуюцца навучальныя ўстановы, касцёлы, ратуша, манастыры і іншыя будынкі. А для жыхароў Нясвіжа ўводзіцца новы закон: гарантуюцца прывілеі рамеснікам, калі яны абсталююць ўязныя вароты ў горад, і гандлярам, калі кожны з іх пабудуе па пяць метраў абарончага вала вакол Нясвіжа.
  Таксама фундуе касцёлы і шпіталі ў Нясвіжы, Дуброве, Чарнаўчыцах, Міры, Свержані, Бялай. У акце ахвяравання на касцёл у Чарнаўчыцах (ад 17 кастрычніка 1588 году) ён напіша: «Если благодать Господа освятила нас единством веры католической, то первая наша мысль и самое большое стремление, чтобы умножение веры укреплялось, строить костелы, насколько хватит для этого сил».
  У сталым веку М. К. Радзівіл займаў самыя высокія пасады ва ўрадзе Вялікага княства Літоўскага. У 1586 г. адмовіўся ад пасады маршалка вялікага літоўскага на карысць свайго брата Альбрыхта Радзівіла і атрымаў пасаду трокскага каштэляна, у 1590 г. быў прызначаны трокскім ваяводай, а ў 1604 г. – віленскім ваяводай.
   Падтрымаў заключэнне Брэсцкай уніі 1596 г. быў адным з трох каралеўскіх паслоў на сабор у Брэсце. Разам з іншымі лідэрамі ВКЛ выступаў супраць падтрымкі Лжэдзмітрыя I і ўмяшання ва ўнутраныя справы Масквы, выступаў супраць вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609-1618 гг.
  У ВКЛ Мікалай Сіротка валодаў буйнейшымі латыфундыямі. Ад бацькі да яго перайшлі Нясвіж, Ліпск, Лахва, Шацк, Свержань і інш. разам з тытулам князя "на Алыцы і Нясвіжы". Ад маці атрымаў Шыдловец у Польшчы разам з тытулам графа. Па завяшчанні ад стрыечнага брата Ю.Іллініча ў 1568 г. атрымаў Мірскае графства, Зэльву i Дворышча (Лідскі павета), Чарнаўчыны і Бялую (Брэсцкае ваяводства). Пасля падзелу маёнткаў жонкі з яе сёстрамі да яго перайшлі Дзераўная з Хотавам і Востравам (Мінскае ваяводства), Пацейкі (Навагрудскае ваяводства), Жодзішкі (Ашмянскі павет). Жыгімонт II Аўгуст падараваў яму Крожы на Жмудзі, Жыгімонт ІІІ Ваза – Грэск. Шмат маёнткаў купіў, у т.л. Салтанаўшчыну, Затур’ю, Кунасу, Мікалаеўшчыну, Магільна, Гарадзею, Гавязну і інш., што значна павялічыла Нясвіжскае княства.
   Разам з братамі Станіславам і Альбрыхтам стварыў у 1586 г. Нясвіжскую, Клецкую і Алыцкую ардынацыі, стаў першым нясвіжскім ардынатам. У 1579 г. выйшаў прывілей на самакіраванне г. Міру. Па яго хадайніцтве ў 1586 г. Стафан Баторый даў Нясвіжу магдэбургскае права. З ліку першых у многіх маёнтках правёў валочную памеру. Запрашаў з-за мяжы таленавітых архітэктараў (Дж.М. Бернардоні), ліцейшчыкаў (Г. Мольтцфельд), рамеснікаў. Фундаваў касцёлы і шпіталі, збудаваў замкі ў Бялай і Нясвіжы (сабраў там галерэю партрэтаў, бібліятэкуку, збраёўню), Нясвіжскі езуіцкі калегіум, Нясвіжскі кляштар бенедыкцінак, Нясвіжскі кляштар бернардзінцаў (разам з жонкай), заклаў парк у Альбе (пад Нясвіжам). Па ініцыятыве Мікалая Сіроткі і за яго кошт выдадзена 1-я дакладная карта ВКЛ (каля 1603 г., захавалася 2-е выд., Амстэрдам, 1613 г.).
  Што датычыць сямейнага жыцця Мікалая Крыштафа, то яно прынесла яму больш засмучэння чым радасці. 24 снежня 1584 года ён ажаніўся з пятнаццацігадовай дачкой валынскага ваяводы андрэя Вішнявецкага Альжбетай Эўфімяй (ёсць версія, што з ёй ён упершыню ўбачыўся ў Брэсцкім замку). Разам яны пражылі 12 гадоў. Альжбета нарадзіла яму дзевяцярых дзяцей, адзін з іх памёр у маленсте, а сёстры-блізнятыХрысціна і Катажына, сын Крыштоф Мікалай – ва ўзросце 7-9 гадоў. Даследчыкі лічаць, што прычынай іх смерці, а таксама бяздзетнасці траіх сыноў Сіроткі – Яна Ежы, Зігмунта Караля і Альбрэхта Уладзіслава – стала хвароба бацькі. Дачка Альжбета таксама памерла бяздзетнай, пражыўшы з мужам Крыштафам Кішкай усяго адзін год. І толькі малодшы сын Аляксандр Людвік, полацкі ваявода, пражыў 60 гадоў і не даў згаснуць нясвіжскай ветцы Радзівілаў.
   Па-свойму цікавы і наказ Мікалая Сіроткі сваім дзецям, напісаны на беларускай мове: “Не лянуйцеся вучыцца і Айчыне служыць, намагацца таго, каб быць добрым слугой Вялікаму Ккняству Літоўскаму. Паводзьце сябе перад кожным сціпла, не з боязі або нягоднасці, а з-за прыроджанай цноты. Як агня і заразы паветраннай, сцерагчыцеся страт незваротных, свавольнага жыцця і безразважнага п’янства, распусты, строеў альбо ўбораў пышных, слуг новых, маладых, недасведчаных і іншых рэчаў спакуслівых і прывабных у маладосці”.
  Памёр Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка 28 лютага 1616 года. Згодна завяшчанню, пахавалі яго ў іезуіцкім касцёле ў Нясвіжы ў адзенні пілігрыма, у якім падарожнічаў па Іерусаліме. Эпітафію для сваёй магілы Мікалай Сіротка таксама прыдумаў сам: «Перад тварам смерці кожны ня рыцар, а толькі падарожнік».
   Сёння ў парку Нясвіжскага замку ёсць скульптурны партрэт Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіроткі.
   Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка больш вядомы як дзяржаўны і ваенны дзеяч эпохі ВКЛ, аднак неацэнны яго ўклад у скарбніцу беларускай і сусветнай культуры як мецэната, вучонага і падарожніка.