Первая народная библиотека - ГУК
Первая народная библиотека

АСТРАМЕЧАЎСКАЯ СЕЛЬСКАЯ БІБЛІЯТЭКА ІМЯ Ф.Ф. ПАЎЛЕНКАВА

Менавіта ў Астрамечава, на зямлі, багатай культурна-гістарычнымі помнікамі, а таксама актыўнымі, неабыякавымі, таленавітымі людзьмі з’явілася восенню 1905 года першая народная бібліятэка, якая і цяпер, праз 110 год, з’яўляецца цэнтрам культуры для мясцовых жыхароў розных узростаў.

Астрамечаўская сельская бібліятэка – неад’емная частка сацыяльна-культурнай структуры сельскага Савета. Яна садзейнічае адукацыйнаму працэсу, забяспечвае вяскоўцам правы на роўны з гараджанамі доступ да інфармацыі, служыць крыніцай ведаў і правядзення вольнага часу. Але адной з асноўных сваіх задачбібліятэкар Астрамечаўскай сельскай бібліятэкі імя Ф. Ф. Паўленкава лічаць зберажэнне інфармацыйных краязнаўчых рэсурсаў і актыўную папулярызацыю звестак аб родным краі сярод шырокага кола рэальных і віртуальных наведвальнікаў.

У канцы ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя ў Расійскай імперыі з’явіліся пршыя народныя бібліятэкі, накіраваныя на асвету малазабяспечаных слаёў грамадства. Грамадскай сілай, якая ўзяла на сябе арганізацыю народных бібліятэк для сялян на тэрыторыі сучаснай Беларусі, з’явілася мясцовая інтэлігенцыя, у першую чаргу – навучэнцы вышэйшых навучальных устаноў і сельскія настаўнікі.

У гэты перыяд развівае сваю дзейнасць па арганізацыі народных бібліятэк Паўленкаўскі фонд. Па запавету вядомага прагрэсіўнага выдаўца Ф. Ф. Паўленкава яго душапрыказчыкі адкрылі ў Расіі ў першым дзесяцігоддзі ХХ ст. звыш 2000 бясплатных народных бібліятэк-чытальняў, атрымаўшых назву паўленкаўскіх.

Восенню 1905 года ў вёсцы Астрамечава была створана адна з першых у Беларусі народных бібліятэк. Астрамечаўская бібліятэка з’яўляецца першай і найбольш значнай сярод усіх паўленкаўскіх бібліятэк у Беларусі. Гэтая бібліятэка разгарнула найбольш працяглую і плённую дзейнасць і адыграла значную ролю ў культурным і грамадскім жыцці жыхароў Астрамечава і навакольных вёсак. З 11 створаных на тэрыторыі Беларусі паўленкаўскіх бібліятэк толькі аб адной Астрамечаўскай захаваліся ў друку больш ці менш падрабязныя звесткі.

Ініцыятарамі ўтварэння бібліятэкі ў Астрамечава былі навучэнцы Пецярбургскага універсітэта, браты Сяргей і Мікалай Раманскія – сыны астрамечаўскага святара, а таксама два іх сябра з горада Брэста – Сяргей Басякоў і Яўген Жуковіч. Карыстацца сродкамі з Паўленкаўскага фонда магчыма было толькі з дазволу губернатара на адкрыццё бібліятэкі і наяўнасці ў гэтай бібліятэцы кніг на 50 рублёў, або суму грошай – 50 рублёў.

Пры такіх умовах душапрыказчык Ф. Ф. Паўленкава В. І. Якавенка пасылаў бібліятэцы дадаткова кніг на 50 рублёў, дазваляючы тым самым адкрыццё бібліятэкі.

Губернатар назначыў загадчыкам Астрамечаўскай бібліятэкай святара Льва Раманоўскага, а назіральнікам гэтай жа бібліятэкі быў назначаны мясцовы настаўнік Антон Паўлавіч Зянкевіч. Ніякага ўдзелу ў рабоце бібліятэкі святар не прымаў, а ўзначаліў усю гэту работу А. П. Зянкевіч, які і лічыцца яе першым бібліятэкарам. Па звестках апошняга, бібліятэка пры адкрыцці мела пачатковы кніжны фонд на суму 100 рублёў. Кнігі былі сараны арганізатарамі бібліятэкі часткова са сваіх уласных бібліятэк, часткова на ахвяраванні мясцовай інтэлігенцыі. Бібліятэка мала асобны пакой у будынку школы. Кнігі размяшчаліся ў дзвюх вялікіх шафах.

Звесткі аб рабоце бібліятэкі час ад часу друкавала газета “Наша ніва”. Па яе дадзеным, ужо ў 1907 годзе, праз два гады пасля ўтварэння бібліятэкі, фонд налічваў 1039 кніг, якімі карысталіся 220 сялян з навакольных вёсак. Бібліятэка атрымлівала дапамогу грашыма і кнігамі ад Максіма Горкага, Янкі Купалы, Якуба Коласа (газета “Наша ніва”, 1908 г., № 21).

У цяперашні час знойдзена толькі адна кніга з пячаткай Астрамечаўскай бібліятэкі. Гэта лячэбнік дамашняй жывёлы ветэрынарнага ўрача А. Н. Сцяпанава “Вясковая гаспадарка і вясковае жыццё”. Кніга выйшла ў свет у 1903 годзе. У цяперашні час яна захоўваецца ў Брэсцкім краязнаўчым музеі. На тытульным лісце можна ўбачыць авальную пячатку з тэкстам: “Народная бібліятэка імя Ф. Паўленкава ў сяле Астрамечава”.

Па паведамленнях беларускага друку таго часу Астрамечаўская бібліятэка ў 1908 годзе налічвала 240 чытачоў, якім за год было выдадзена 2500 кніг. Трэба падкрэсліць, што плённая праца А. П. Зянкевіча ў народнай бібліятэцы праводзілася зусім бясплатна. На працягу сямі год (з 1905 па 1912 гг.) ад бібліятэкара Астрамечаўскай бібліятэкі А. П. Зянкевіча ніхто ні разу не патрабаваў нават справаздачы аб рабоце бібліятэкі, і ён таксама ніякіх справаздач не склаў. Гэты факт яшчэ раз сведчыць аб тым, якая “ўвага” надавалася ў той час бібліятэкам.

Восенню 1912 года А. П. Зянкевіч выехаў з Астрамечава ў Пецярбург з мэтай паступлення ў ВНУ, аднак бібліятэка працягвала сваю дзейнасць і пасля яго ад’езду. Работа там праводзілася настаўнікам Астрамечаўскай народнай школы Р. А. Карповічам. Гэта акалічнасць садзейнічала таму, што народ доўгі час не аддзяляў бібліятэку ад школы, ролю настаўніка ад ролі бібліятэкара.

Народная паўленкаўская бібліятэка ў Астрамечава існавала да восені 1915 года, да моманту, калі рускія войскі пакінулі Гродна, і Гродзенская губерня была акупіравана нямецкімі войскамі. Кайзераўскія салдаты разрабавалі і часткова знішчылі яе кніжны фонд, у тым ліку і кнігі, падараваныя Максімам Горкім і Янкам Купалам.

Што стала з бібліятэкай у перыяд нямецкай акупацыі, дакладна выявіць не ўдалося. Відавочна, што як культурна-асветніцкая ўстанова яна спыніла сваё існаванне.

Цяга да чытання, выпрацаваная за 10 год існавання паўленкаўскай бібліятэкі, прымусіла жыхароў вёскі Астрамечава падумаць аб стварэнні сваёй бібліятэкі і ў перыяд панскай Польшчы. Стварала бібліятэку ў канцы 20-х гадоў кааператыўна-спажывецкая арганізацыя сяла Астрамечава. Але ў пачатку 1933 – 1934 гг. кааператыўная арганізацыя ў Астрамечава была разгромлена ў сувязі са зменай палітычнай сітуацыі ў Польшчы. Разам з ёй спыніла сваё існаванне і кааператыўная бібліятэка, таму што яе лічылі асяродкам рэвалюцыйных настрояў сярод сялян Прыбужжа. Лёс кніг гэтай бібліятэкі – невядомы. Па ўсёй верагоднасці, частка з іх засталася на руках у чытачоў, а астатняя была канфіскавана і разграблена.

У 1939 годзе, пасля аб’яднання Заходняй Беларусі з Беларускай ССР, у Астрамечава зноў ствараецца бібліятэка. Яна існавала да пачатку Вялікай Айчыннай вайны, а ў перыяд нямецка-фашысцкай акупацыі была знішчана.

Упарта і настойліва узнаўляюць астрамечаўцы культурныя традыцыі. Тры разы знішчалася бібліятэка, але як толькі наступіў мірны час, - у чацвёрты раз жыхары Астрамечава адраджаюць яе. Насенне, кінутае ў астрамечаўскую зямлю, яшчэ ў пачатку стагоддзя, не засохла, а дало ўсходы ў сярэдзіне стагоддзя.

Пасля заканчэння вайны, у 1946 годзе, у вёсцы Астрамечава была арганізавана новая бібліятэка – Астрамечаўская сельская. У момант адкрыцця яна была пастаўлена ва ўмовы непараўнальна лепшыя з тымі, у якіх прыходзілася працаваць паўленкаўскай народнай бібліятэцы.

Да таго часу бібліятэка камплектавала свій фонд дрэнна, таму што не кіравалася ніякімі паказальнікамі, а сродкі, якія былі дадзены на ўтрыманне ўстановы, выкарыстоўваліся не ў поўнай меры.

Напрыклад, у 1951 годзе бібліятэка мела 1542 экзэмпляры кніг. Такая колькасць кніг не магла задаволіць запатрабаванні чытачоў. І, пачынаючы з 1953 года, бібліятэка стала сістэматычна камплектаваць фонд па рэкамендацыйных спісах з улікам запатрабаванняў чытачоў. Рэгулярна сталі паступаць часопісы “Коммунист”, “Колхозник Белоруссии”, “Огонёк”, “Беларусь”, “Библиотекарь” і інш.

У 1953 годзе было пабудавана новае, вялікае на той час памяшканне для бібліятэкі, якое складалася з 2-х пакояў. У бібліятэцы стаў працаваць штатны бібліятэкар, які атрымліваў зарплату з дзяржаўных сродкаў. Аб лёсе бібліятэкі сталі турбавацца мясцовыя ўлады – выканаўчыя камітэты сельскага і раённага Саветаў дэпутатаў працоўных.

У сярэдзіне 50-х гадоў кніжны фонд быў параўнальна добра ўкамплектаваны. У ліку кніг былі зборы твораў У. І. Леніна, І. В. Сталіна на рускай і беларускай мовах. Сталі паступаць кнігі па розных галінах ведаў. Аднак больш за ўсё было мастацкай літаратуры – больш 3-хтысяч экзэмпляраў. Адна з найбольш актыўных чытачоў А. В. гарадзей успамінае: “Бібліятэка стала лепей, багацей. Тут шмат старых і новых цікавых кніг…”

Вялікі ўклад у работу ўнесла бібліятэкар Фаіна Крукоўская, яна цесна супрацоўнічала з працаўнікамі вёскі, праводзіла шмат масавых мерапрыемстваў. З пэўных крыніц вядома тэматыка некаторых з іх: чытацкая канферэнцыя па кнізе В. Лацыса “К новому берегу”, тэматычны вечар “павышэнне прадуктыўнасці малочнай жывёлы”. Крукоўская Ф. арганізавала літаратурны вечар і запрасіла на яго беларускіх пісьменнікаў: А. лознева, А. зарэцкага, М. Засіма.

У 60-70-я гады ўзрасла роля бібліятэкі як ідэалагічнага цэнтра. Бібліятэка прапагандавала рашэнні партыі і ўраду, змагалася за званне “Біблятэка выдатнай работы”, выконвала лозунг “кожнаму працаўніку, кожнаму калгасніку – кнігі па прафесіі”. На той час ыонд бібліятэкі складаў 12000 экзэмпляраў кніг, абслугоўвалася каля 800 чытачоў. Для найбольш лепшага выкарыстання фонду бібліятэкі састаўлялі індывідуальныя спісы літаратуры. Бібліятэкару Вользе Цыбулька актыўную дапамогу аказвалі энтузіясты з ліку чытачоў і актываў бібліятэкі, яны таксама дапамагалі арганізоўваць і праводзіць тэматычныя канферэнцыі і дыспуты, сустрэчы з пісьменнікамі і літаратурныя мерапрыемствы для дзяцей.

У сувязі з цэнтралізацыяй сеткі масавых бібліятэк, у 1978 годзе Астрамечаўская бібліятэка ўвайшла ў склад Брэсцкай раённай цэнтралізаванай сістэмы, як структурнае падраздзяленне. Калі да гэтага часу вяліся інвентарныя кнігі на фонд, што адбірала шмат часу, то цяпер спросцілася камплектаванне кніжнага фонду. У бібліятэку літаратура стала паступаць ужо апрацаваная, з карткамі для сістэматычнага і алфавітнага каталогаў, што аблегчыла працу бібліятэкара.

На 01. 01. 1979 года ў бібліятэцы налічвалася 12151 экзэмпляр кніг, з іх мастацкай літаратуры – 6510 экзэмпляраў, грамадска-палітычнай – 3200 экзэмпляраў, на беларускай мове – 2712 экзэмпляраў. З 1979 года бібліятэка амаль кожны год спісвае па розных прычынах і набывае 1000 экзэмпляраў кніг.

З 1978 па 1988 гады, гэта значыць з пачатку цэнтралізацыі, загадчыкам бібліятэкі працавала Лукашук (Сянько) Алена Іванаўна, якая прыбыла ў Астрамечава па размеркаванні пасля заканчэння Магілёўскага бібліятэчнага тэхнікума. Алена Іванаўна была вельмі ініцыятыўным супрацоўнікам, складала цікавыя сцэнарыі масавых мерапрыемстваў. Шмат мерапрыемстваў праводзілася на вытворчых участках, фермах, на палях пад час уборкі ўраджаю, загатоўкі кармоў; праводзілася работа ў чырвоных кутках. У 1979 годзе Астрамечаўская бібліятэка атрымлівае вымпел “Пераможцу ў сацыялістычным спаборніцтве”.

Колькасць чытачоў з кожным годам павялічвалася, таму з жніўня 1988 года была ўведзена другая штатная адзінка. З гэтага часу загадчыцай стала выпускніца Магілёўскага бібліятэчнага тэхнікума Іллюк (Казаўчук) Таццяна Уладзіміраўна. Працаваць даводзілася ў складаных умовах, таму што пад бібліятэку было выдзелена два невялікія пакоі ў падвальным памяшканні будынка праўлення калгаса. Нягледзячы на ўсе цяжкасці, працаўнікі рабілі ўсё, каб бібліятэка заставалася інфармацыйна-культурным цэнтрам Астрамечава. Для больш поўнага ахопу насельніцтва кнігай былі заснаваны два бібліятэчныя пункты выдачы кніг: на ферме і ў вайсковай частцы. На індывідуальнае інфармаванне былі ўзяты спецыялісты СВК “Астрамечава”.

У сакавіку 1995 года Астрамечаўская бібліятэка набывае доўгачаканае памяшканне ў новым будынку Дома культуры. А ўжо ў снежні адзначае свій юбілей. Святкаванню 90-годдзя з дня заснавання народнай бібліятэкі імя Ф. Ф. Паўленкава быў прысвечаны цыкл мерапрыемстваў. Найбольш запамінальным стала раённае свята “Нязгасная лампада духоўнасці”.

Багатымі на творчыя справы былі 90-я гады, калі пры бібліятэцы працаваў дзіцячы клуб па інтарэсам “Рукадзельніца”. На пасяджэннях клуба дзеці сустракаліся з таленавітымі землякамі: майстрам па вырабам з керамікі В.В. Панько, рэзчыкам па дрэву І. М. Карабейка, майстрам па саломапляценню Л. П. Грыгор’евай. Народныя ўмельцы пазнаёмілі дзяцей са сваімі работамі і расказалі аб тэхналогіі іх вырабу. Выкарыстоўваючы багаты фонд бібліятэкі і расказы майстроў, члены клуба навучыліся рабіць сваімі рукамі нескладаныя сувеніры. А пазней амаль усе дзеці працягвалі сваё навучэнне ў раённым Доме рамёстваў.

З 1995 года пры бібліятэцы працуе літаратурна-асветніцкая група “Крыніца”. У яе склад уваходзяць работнікі культуры, настаўнікі, выхавальнікі дзіцячага сада. ЛАГ выступае перад рознымі катэгорыямі чытачоў па месцы працы. Сярод найбольш яркіх і запамінальных было раённае свята кнігі “Крыніца ёсць у родным краі”, прысвечанае юбілею Казіміра Лышчынскага, атэіста і асветніка XVII-га стагоддзя.

З мэтай развіцця ў дзяцей цікаўнасці да роднай зямлі ў 1999 годзе было створана аматарскае аб’яднанне “Краязнаўца” для школьнікаў 6-8 класаў, дзе яны знаёміліся з гісторыяй наваколля па дакументах і фотаздымках, якія былі сабраны бібліятэкарам Астрамечаўскай бібліятэкі. Таксама дзеці дапамагалі бібліятэкарам весці рукапісныя альбомы “Вёска Астрамечава”, “Казімір Лышчынскі”, альбом вершаў мясцовай паэтэсы Н. У. Рубін.

Прытулкам для душы стала аматарскае аб’яднанне “Залаты ўзрост”, якое было створана ў 2004 годзе і дзейнічае па сённяшні дзень для людзей сталага ўзросту. Формы работы ў клубе самыя розныя: літаратурныя гасцёўні, вечары-партрэты, вечары-ўспаміны, вечары паэзіі. Члены аб’яднання маюць магчымасць абмяркоўваць розныя тэмы, дзяліцца ўражаннямі аб прачытанай кнізе, наеведанай выставе, дэманстраваць вырабы, якія зроблены ўласнымі рукамі і дзяліцца вопытам у гатаванні страў.

На пачатку 2000-х гадоў бібліятэка адна з першых у раёне атрымала камп’ютарную і ксеракапіравальную тэхніку, была падключана да сеткі Інтэрнэт. Электронны бібліятэчны каталог дазволіў палепшыць якасць абслугоўвання наведвальнікаў. Акрамя кніг і перыядычных выданняў пачала абслугоўваць чытачоў электроннымі выданнямі. Найбольш папулярнымі ў сельскіх жыхароў сталі паслугі ксеракапіравання, сканіравання, работа з электроннымі дакументамі, рэсурсамі Інтэрнэта.

Камп’ютарная тэхніка вабіць у бібліятэку дзяцей і падлеткаў: з дапамогай энцыклапедый, навучальных праграм на CD-ROM яны рыхтуюць школьныя заданні, а малыя бавяць час за пазнавальнымі гульнямі. Як і раней, дзейнасць бібліятэкараў скіравана на папулярызацыю лепшых твораў класікаў і сучасных беларускіх аўтараў, з мэтай выхавання, асабліва ў моладзі, любові і беражлівых адносін да роднай мовы і мастацкага слова ў цэлым, а таксама на ўзмацненне ролі кнігі і чытання ў фарміраванні высокаадукаванай і творчай асобы.

На сённяшнім этапе Астрамечаўская сельская бібліятэка імя Ф. Ф. Паўленкава – установа, якая мае аптымальны набор матэрыяльных і інфармацыйных рэсурсаў. Адрамантаванае, утульнае памяшканне з новай мэбляй, сучасным камп’ютарным абсталяваннем, прапануе наведвальнікам цэлы комплекс паслуг для вучобы і правядзення вольнага часу.