Культурное наследие - ГУК
Культурное наследие Остромечево

                                                             

Брэсцкая зямля багатая на выдатныя гістарычныя падзеі, таленавітых ураджэнцаў. Наваколле вёскі Астрамечава ўнесла значны ўклад у агульную гісторыка-культурную спадчыну рэгіёна. Сярод аб’ектаў, якімі ганарацца астрамечаўцы – россып курганных насыпаў ХІ – ХІІІ стагоддзяў, старажытны артэфакт – язычніцкі ідал, клад са срэбнымі дынырыямі І – ІІ стагоддзяў нашай эры і, канешне, апошняе адкрыццё: помнік беларускай музычнай культуры 1640- 1670 гадоў, раней вядомы як “Полацкі сшытак”. На самой справе, гістарычна апраўданай неабходна лічыць назву “Астрамечаўскі рукапіс”.

З даўніх часоў да сённяшняга дня, людзі, што жылі і жывуць на гэтай зямлі сваімі справамі і ўчынкамі славяць яе і ганарацца ёй.

КУРГАННЫ МОГІЛЬНІК ХІ – ХІІІ СТАГОДДЗЯЎ

Да нашага часу ў ваколіцах Астрамечава, каля в ёсак Малыя Шчытнікі, Малыя Зводы, Уладычыцы і хутара Гуркі захаваліся сведкі даўняй гісторыі – могільнікі, якія сведчаць аб тым, што на працягу ІV –XXIII стагоддзяў тут жылі старажытныя славяне. Больш таго, на тэрыторыі Беларусі такіх могільнікаў няшмат. Звычайна ў курганнай групе налічваецца ад аднаго да дзесяці курганных насыпаў. Калі ў групе больш за гэтую колькасць, то могільнік лічыцца вялікім.

Сярод археалагічных знаходак мінулых стагоддзяў вылучаецца курганны могільнік перыяду ранняга сярэднявечча (датуецца ХІ – ХІІІ ст.). вядома, што ён належаў дрыгавічам. Знаходзіцца ён на поўдзень ад хутара Гуркі, 0,2 кіламетры на левы бок ад дарогі Відамля – Высокае. Гэты могільнік – самы вялікі па колькасці курганных насыпаў у Брэсцкай вобласці (173 насыпа).

Курганы, 171 насып вышынёй 0,4 – 1,7 метры, дыяметрам 6 – 14 метраў, выцягнутыя з поўначы на поўдзень, у падножжы абкладзены камянямі, зараслі дрэвамі і кустоўем. Рэчышча невялікай высахлай рэчкі падзяляе могільнік на дзве няроўныя часткі. Большая колькасць насыпаў знаходзіцца на заходняй палове. Пры раскопках знойдзены ганчарны посуд, нажы, каваныя цвікі, срэбраныя пярсцёнкі.

З 25 вывучаных курганоў пахаванні выяўлены толькі ў 12 насыпах. Курганы без пахаванняў насыпаны з улікам усіх бакоў тагачаснага пахавальнага абраду. У некаторых з іх апрача кавалкаў ганчарнага посуду знойдзены вуголле, попел. А ў адным з такіх курганоў была расчышчана куча апаленых жалудоў, якія ляжалі асобна ад кучы вуголля. Можна меркаваць, што яны з’яўляліся своеасаблівым сімвалам пры пахаванні.

Упершыню гэтыя могільнікі абследваны ў 1937 годзе К. Салевічам, потым у 1959 і ў 1960 гг. І. В. Біруляй, у 1980, 198/5 і 1986, 1990 гг. Т. М. Каробушкінай. Матэрыялы раскопак захоўваюцца ў Інстытуце гісторыі НАН Беларусі і ў Брэсцкім краязнаўчым музеі.

КАМЕННЫ ІДАЛ

Гісторыя не захавала ў поўнай меры паданні ўсходніх славян дахрысціянскага перыяду. Але вызначыць іх можна дзякуючы фальклорнаму матэрыялу і, у першую чаргу, археалагічным знаходкам. Адна з такіх знаходак, звязаных са светапоглядам берасцейцаў дахрысціянскай эпохі, выяўлена на тэрыторыі сучаснага Брэсцкага раёна.

У 1955 годзе жыхар вёскі Астрамечава А. Мацвеюк паблізу праўлення калгаса на глыбіні каля 60 см знайшоў галаву каменнага ідала. Галава выявы падобная на грыб: шляпка, прамы, шырокі нос, глыбока пасаджаныя вочы. Раней месца, дзе быў знойдзены ідал, называлася “Дубовы Грудок”, што сведчыць аб існаванні там у мінулым таямнічай пляцоўкі для ажыццяўлення сакральных абрадаў. Верагодна, што ў цэнтры стаяў ідал, а вакол яго адбываліся нейкія абрадавыя дзеянні.

Але дакладна сказаць, якому язычніцкаму богу адпавядаў Астрамечаўскі ідал, немагчыма. Аднак, ён мог і не быць выявай якога-небудзь бога, бо ў нашых продкаў ідалаў-куміраў рабілі таксама ў гонар памерлых старэйшын і герояў. Адпраўленне культаў рабілася менавіта жрацамі, але ёсць меркаванні, што ідальская служба здзяйснялася таксама і князьямі, племяннымі і родавымі старэйшынамі.

У цяперашні час ідал захоўваецца сярод экспанатаў Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.

СКАРБ ПЕРЫЯДУ РЫМСКАЙ ІМПЕРЫІ

Сярод іншых калекцый, што зберагаюцца ў Брэсцкім краязнаўчым музеі, асаблівую ўвагу наведвальнікаў прыцягвае нумізматычная калекцыя, якая ўтрымлівае ўнікальныя срэбныя дынарыі І – ІІ стст. Н. э. У 1974 годзе жыхар Лышчыцкага сельскага Савета, вучань 7-га класа, Леанід Рышчук знайшоў у ваколіцах Лышчыцкага торфазавода скарб. Першымі на месца знаходкі прыбылі навукоўцы з Акадэміі Навук Беларускай ССР, якія выявілі пры раскопках звыш 400 антычных манет, чаканеных пры рымскіх імператарах Нероне, Веспасіяне, Траяне і іншых. Вядомы беларускі археолаг, доктар гістарычных навук Леанід Побаль дапускаў, што гэта была абшчынная каса.

Находка такога скарба на тэрыторыі сучаснага Лышчыцкага сельскага Савета сведчыць аб даўняй абжытасці гэтых мясцін і добрых гандлёвых сувязях мясцовага насельніцтва з продкамі жыхароў сучаснай Італіі.

СВЯТА-МІХАЙЛАЎСКАЯ ЦАРКВА

Свята-Міхайлаўская царква вёскі Астрамечава ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь як помнік архітэктуры з рысамі стылю позняга класіцызму.

Пабудавана ў 1846 годзе замест састарэлай драўлянай царквы з бутавага каменя і цэглы ў выглядзе карабля. Тры простыя чатырохсценныя аб’ёмы аб’яднаны ў прадаўгавата-восевую кампазіцыю. Каменныя сцены прыгожа акантаваны тынкаванымі і пабеленымі плоскімі лапаткамі, прамавугольнымі вокнамі. Новая стылёвая арыентацыя на формы старажытнарускага дойлідства праявілася ў васьмігранным ярусе шатровай званіцы і ў цыбулепадобнай галоўцы над страхой. Гэты стылявы сімбіёз надае храмавай архітэктуры пераходны эклектычны характар. Да прамавугольніка ў плане асноўнага аб’ёму з усходу далучаецца трохсценная апсіда, з захаду – чатырохгранная двух’ярусная званіца, упрыгожаная макаўкай. Асноўныя слупы былі выкладзены з цэглы, а сцены – з бутавага каменя. Такі кантраст надае царкве незвычайную выразнасць і стройнасць.

У архівах захаваліся звесткі пра гісторыю Свята-Міхайлаўскай царквы. Будаўніцтва храма ў цэнтры вёскі Астрамечава пачалося ў 1840 годзе – на сродкі памешчыцы Ганны Сузін і добраахвотныя ахвяраванні прыхаджан. Месца пахавання ахвяравальніцы – пад крыжам у двары царквы з правага боку ад цэнтральнага ўваходу. У 1846-м годзе пабудаваная царква была асвечана ў імя Архістраціга Божага Міхаіла. У 1884-м годзе ў каменным прытворы Свята-Міхайлаўскай царквы была пабудавана званіца. Царкоўная хроніка вялася з 1873 года. Вядома, што ў 1934-м у храме меліся дублікаты метрычных кніг за 1908-1913, 1915-й, 1918-1934 гады, але да сённяшняга часу яны не захаваліся.

Да царкоўнага прыхода адносіліся вёскі Астрамечава, Баяры, Кашылава, Лышчыцы, Марозавічы, Агароднікі, Плянта. Таксама прыходу належалі царква Святой Параскевы ў вёсцы Лышчыцы (пабудавана ў 1817 годзе) і Свята-Уваскэсенская царква ў Астрамечава, пабудаваная ў 1872 годзе. Абедзве яны будаваліся на сродкі прыхаджан, былі драўляныя, без званіц.

У жніўні 1886 года храм наведаў расійскі імператар з дынастыі Раманавых Аляксандр ІІІ. Ён разам з жонкай Марыяй Фёдараўнай і сынам Мікалаем, у суправаджэнні світы, завітаў на станцыю Лышчыцы, каб назіраць за манеўрамі рускай арміі. У гонар імператарскай сям’і ў царкве адслужылі малебен. Аляксандру ІІІ і яго жонцы вельмі спадабаліся спевы вучняў народных вучылішч.

У гады Першай сусветнай вайны згарэлі ўсе пабудовы, што належылі прыходу ў в. Астрамечава, звон царквы быў зняты і адпраўлены ў Расію. Заняпад храма скончыўся, калі ў Астрамечава прыйшлі мірныя дні. У 1922 годзе прыхаджане зрабілі новы звон з чыгуначнай рэйкі і снарадных гільзаў, царкву агарадзілі камянямі і пабудавалі на царкоўныя сродкі дом святара, а ў 1928-30-х гг. – гаспадарчыя пабудовы. Зямельны надзел царквы складаў у 1920-30-я гг. каля 75 га. Частка зямлі апрацоўвалася прыхаджанамі, частка – сялянамі, за так званы “трэці сноп”, а частка – пуставала… Як сведчаць запісы, ў 1934 годзе на тэрыторыі прыхода жылі 2022 чалавекі, з іх 520 – каталіцкага веравызнання.

У першыя дні Вялікай Айчыннай вайны Астрамечаўская царква была пашкоджана, але намаганнямі айца Сцяпана і яго сына Яўгена – будучага святара – пашкоджанні былі ліквідаваны і жыхары, што засталіся на акупіраваных тэрыторыях, мелі магчымасць наведваць свой храм.

Пасля заканчэння вайны і на працягу ўсяго часу існавання Савецкага Саюза Свята-Міхайлаўская царква перажывала цяжкасці, але яе сцены ніколі не пуставалі. Да святароў звярталіся з нагоды хрышчэння, адпявання нябожчыка і за іншымі духоўнымі патрэбамі.

Значная падзея ў гісторыі царквы адбылася 19 верасня 1996 года, калі храм наведаў Высокапраасвяшчэнны Філарэт, мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, Патрыяршы Экзарх усяя Беларусі. А пачаткам навейшай гісторыі храма можна лічыць 2006 год. Гэта і яго аднаўленне, і святкаванне 160-годдзя ўзвядзення царквы. Пад кіраўніцтвам настаяцеля – айца Уладзіміра – пры храме была адкрыта нядзельная школа, праведзены рамонтна-рэстаўрацыйныя работы. Вялікую дапамогу ў гэтым аказаў кіраўнік СВК “Астрамечава”, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Аляксей Сцяпанавіч Скакун. І кожны з прыхаджан, жыхароў Астрамечава, унёс свій пасільны ўклад у гэтую справу: хто грашыма, а хто – працай на будаўніцтве і добраўпарадкаванні тэрыторыі храма.

З нагоды святочнай даты ў храме была адслужана Божая Літургія архіярэйскім чынам, а пасля службы Праасвяшчэнны Іаан, епіскап Брэсцкі і Кобрынскі, узнагародзіў граматамі ўсіх, хто доўгія гакды дапамагаў настаяцелю падтрымліваць прыгажосць храма.

Свята-Міхайлаўская царква была сведкам многіх гістарычных падзей – рэвалюцый, войнаў, нястач чалавечага жыцця, але заўсёды заставалася духоўным аплотам і гонарам астрамечаўцаў.

АСТРАМЕЧАЎСКІ РУКАПІС

“Астрамечаўскі рукапіс” – гэта помнік беларускай музычнай культуры, вядомы іаксама як “Рукапіс 127/56” Ягелонскай бібліятэкі (г. Кракаў). Менавіта там у пачатку 1960-х гадоў, з дапамогай і ўдзелам вядомага даследчыка беларускай літаратуры Адама Іосіфавіча Мальдзіса, гэты сшытак быў знойдзены ў вокладцы беларускага уніяцкага трэбніка. “Сшытак” быў вывучаны і выйшаў асобным выданнем (PWM, Кракаў) у 1970 годзе.

Музычны рукапіс мае 64 лісты. У ім сабраны кірылічныя песні, канты, інструментальныя творы і велізарная колькасць прыкладаў танцавальнай музыкі XVII стагоддзя. Усе творы ў гэтым сшытку ананімныя, за выключэннем аднаго – інструментальнага твора “Fantazio”, над якім значыцца “Pioro Zelenbowski” (пяро Зелямбоўскага).

У гэтым сшытку сабраны песні (канцоны) і танцы як заходне-, так і ўсходееўрапейскага паходжання. Вядомы польскі музыказнаўца Ежы Голас у выніку даследванняў прыйшоў да высновы, што сшытак з’явіўся на свет у перыяд паміж 1633 і 167 гг. Аднак асобныя нумары, што сустракаюцца ў іншых рукапісных сшытках, датуюцца нават 1591 годам. Некаторыя з песняў, маючых назвы, вядомыя па літаратурных крыніцах таго ж часу. Напрыклад, па “Аршанскім сшытку” XVII стагоддзя. Музычны матэрыял асобных нумароў, напрыклад “Бергамскі”, вядомы па заходнееўрапейскіх крыніцах XVII і XVIII стагоддзяў і па рускіх зборніках XVIII стагоддзя. Амаль усе танцавальныя прыклады не маюць жанравых характарыстык. Але ў іх аснове ляжаць рытмы танцаў, шырока распаўсюджаных як у Заходняй Еўропе, так і ў Польшчы, і ў Беларусі.

Гэхты рукапісны зборнік быў знойдзены А. І. Мальдзісам у 1962 годзе і выклеены з вокладкі уніяцкага малітоўніка. Спачатку некаторы час лічылася, што рукапіс паходзіць з Полаччыны, таму яго назвалі “Полацкі сшытак”. Аднак, гэта назва з’явілася менавіта ў выніку яго першаснага вывучэння і ў далейшым замацавалася па традыцыі. Акрамя таго, назва “Полацкі сшытак” была выкарыстана музычным калектывам “Кантабіле”, а ў далейшым іншымі творчымі аб’яднаннямі з рэкламнымі мэтамі. Трэба дадаць, што гэты культурны помнік афіцыйна называюць таксама Ягелонскім рукапісам, што, відавочна, звязана з выяўленнем і захаваннем яго ў бібліятэцы Ягелонскага універсітэта ў Кракаве.

У далейшым, у выніку даследаванняў доктара філалагічных навук, прафесара А. Мальдзіса, доктара мастацтвазнаўства, даследчыцы беларускай музычнай культуры В. Дадзіёмавай, польскага музыканаўцы Е. Голаса высветлілася берасцейскае паходжанне рукапіса – вёска Астрамечава.

Такім чынам, “Полацкі сшытак” – не болей, чым умоўная назва, якая ўвайшла ў абіход. Дакладная ж, маючая навуковае абгрунтаванне, назва дадзенага помніка культуры – менавіта “Астрамечаўскі рукапіс”.

РАДАВАЯ СЯДЗІБА КАЗІМІРА ЛЫШЧЫНСКАГА

У XVII ст. непадалёк ад вёскі Астрамечава размяшчалася пасяленне Лышчыцы, якое было радавым маёнткам вядомага рода Лышчынскіх. Тут, у сям’і беларускага служывага шляхціча нарадзіўся будучы пісьменнік-мысліцель, педагог Казімір Лышчынскі. Імя Казіміра Лышчынскага пачэсна стаіць у адным шэрагу з імёнамі волатаў думкі – “вялікіх ерэтыкоў” Мігеля Сервета, Джардана Бруна, Лючыліа Ваніні. Як і яны, ён – адна з зорак першай велічыні на еўрапейскім філасофскім небасхіле XVII ст. – паплаціўся жыццём за свае погляды.

Здольны малады чалавек са старажытнага, але небагатага шляхецкага роду атрымаў добрую адукацыю, вучыўся ў Берасцейскім езуіцкім калегіуме, пасля заканчэння якога трапіў у войска, на вайне змагаўся супраць шведаў і рускіх. Працягваў адукацыю ў езуіцкіх установах Кракава, Львова і Каліша, вывучаў рыторыку, логіку, фізіку, метафізіку. У 1658 годзе ўступіў у ордэн езуітаў. Нейкі час Казімір Лышчынскі выкладаў у Львове, з 1665 года з’яўляўся выкладчыкам і памочнікам рэкіара Берасцейскага езуіцкага калегіума. У 1666 годзе выйшаў з ордэна езуітаў, ажаніўся, пакінуў Бярэсце і пасяліўся ў сваім радавым маёнтку Лышчыцы.

Прымаў актыўны ўдзел у грамадскім жыцці павета і ваяводства. Займаўся юрыдычнай практыкай. Шляхта неаднаразова абірала Казіміра Лышчынскага паслом Берасцейскага ваяводства на сеймы ў Варшаве (1669, 1670, 1672, 1674). Ад яе імя ён браў удзел у выбарах на трон Рэчы Паспалітай каралёў Міхаіла Карыбута Вішнявецкага, Яна ІІІ Сабескага, які ведаў К. Лышчынскага асабіста, цаніў як грамадскага дзеяча, у 1682 годзе быў зацверджаны на адказную пасаду падсудка Берасцейскага земскага суда. Казімір Лышчынскі ўдзельнічаў таксама ў трыбунальным судзе, быў пісарам каралеўскага суда.

Дзякуючы грамадскай дзейнасці, карыстаўся аўтарытэтам сярод шляхты, найперш зарэкамендаваў сябе як педагог. У сваім маёнтку Казімір Лышчынскі, які быў прыхільнікам ідэй асветніцтва, адкрыў школу, дзе сам выкладаў дзецям шляхты і сялян мовы, асновы розных навук. Замест таго, каб вучыць па Катэхізісе, як было пастаўлена ў тагачасных школах, даваў веды пра прыроду і прыродазнаўчыя законы, па якіх усё развіваецца.

Усё жыццё Казімір Лышчынскі правёў у навуковых пошуках. Глыбока вывучаў філасофію, гісторыю, прыродазнаўства, філасофскія і тэалагічныя творы антычных і сучасных аўтараў, у тым ліку, уключаныя ў “Індэкс забароненых кніг”. Атэістычныя погляды пачалі фарміравацца яшчэ ў калегіуме, дзе ён выказваў парадаксальныя думкі пра Бога, анёлаў і рэлігію. Светапогляд фарміраваўся пад уплывам гуманістычных традыцый мысліцеляў Антычнасці, Адраджэння і рацыяналізму радыкальнай плыні ідэолагаў Рэфармацыі. Казімір Лышчынскі імкнуўся знайсці адказы на пытанні, якія хвалявалі яго.

Вольны час Казімір Лышчынскі прысвячаў філасофскім развагам, спробам па-свойму растлумачыць свет і законы яго развіцця. Так нарадзіўся трактат “Аб неіснаваннні Бога”, у якім ён выкладаў свае атэістычныя ідэі і вывады, кожная выснова якога пахла вогнішчам інквізіцыі. Трактат быў напісаны на латыні на 530 старонках уборыстым почыркам, да нас дайшлі толькі асобныя фрагменты твора, якія захаваліся ў матэрыялах судовага працэсу над Казімірам Лышчынскім.

Трактат Казіміра Лышчынскага – арыгінальны філасофскі твор, у якім аўтар выступаў супраць рэлігійнага светаразумення і хрысціянскай рэлігіі, адкідаў біблейскую касмагонію, сцвярджаў, што прырода развіваецца па ўласных законах без умяшання звышнатуральных істот, а све існуе вечна. Ён лічыў, што ўяўленні людзей пра Бога – вынік іх фантазіі і памылак, Стары і Новы Запаветы – выдумка ашуканцаў Маісея і Хрыста, адмаўляў бессмяротнасць душы, тройцы, замагільны свет, уваскрэсенне з мертвых, крытыкаваў царкоўную мараль, лад жыцця духавенства, настойваў на замене царкоўнага шлюбу грамадзянскім. Частка гэтага трактата была спалена разам з яго аўтарам, лёс астатняй часткі невядомы. Некалькі яго фрагментаў захоўваюцца зараз у горадзе Курнік (Польшча).

Казімір Лышчынскі – адзін з першых прапагандыстаў ідэй утапічнага сацыялізму ў Беларусі. Марыў аб сацыяльнай роўнасці і свабодзе, жадаў бачыць свет без улады, гарады без начальнікаў, народ без гаспадароў. Сваіх ідэй вальнадумец не хаваў, а нёс іх сучаснікам: дзяліўся імі з вучнямі, сябрамі, суседзямі, знаёмымі.

Езуіты не даравалі здраду свайму былому сарату. У 1687 годзе іх агент Ян Бжоска – ён жа даўні знаёмец і сусед Казіміра Лышчынскага – выкраў 15 сшыткаў тайна напісанага трактата і разам са сваім даносам, гучна названым “Маніфестам”, перадаў Віленскаму біскупу Бжастоўскаму. Разам з паметкамі “Значыць, Бога няма”, зробленымі філосафам на палях кнігі кальвініста Альстэда “Натуральная тэалогія”, трактат стаў падставай для абвінавачвання ў атэізме. І ў 1688 годзе Казімір Лышчынскі быў зняволены. Мысліцель апынуўся ў Віленскай турме. Духоўны суд вынес прыгавор: смерць праз спаленне. Кароль Ян ІІІ, які сямі гадамі раней адзначаў заслугі Казіміра Лышчынскага, такую пастанову ўхваліў, але па просьбе падсуднага змяніў гэту пакутніцкую кару адсячэннем галавы.

30 сакавіка 1689 года на плошчы Старога мяста ў Варшаве, у прысутнасці шматтысячнага натоўпа, адбылося публічнае пакаранне. Казімір Лышчынскі мужна сустрэў сваю апошнюю хвіліну. Цела было вывезена за горад і там спалена.

З таго часу прозвішча Казіміра Лышчынскага не сходзіць са старонак кніг, часопісаў, газет, энцыклапедычных выданняў – да канца ХХ ст выйшла звыш 500 публікацый, прысвечанх спаленаму брэсцкаму філосафу. Ён набыў вечнае жыццё ў навуковай і літаратурнай творчасці розных народаў, працягвае жыць у музыцы, жывапісе, скульптуры і кіно. У в. Малыя Шчытнікі Брэсцкага раёна каля Пакроўскай царквы па ініцыятыве Беларускага фонду культуры ў год 300-годдзя пакарання Казіміра Лышчынскага ўстаноўлены памятны знак (1989).

СТАРАЖЫТНАЯ СЯДЗІБА АСТРАМЕЧАВА

Старажытная сядзіба Астрамечава ўпамінаецца ў пісьмовых крыніцах з XV ст. як радавое гняздо Астрамечаўскіх, а пазней Іллінічаў, шляхецкага роду герба “Корчак”. У 1-й палове ХІХ ст. у Астрамечава існавалі два маёнткі. Уладальнікам іх быў Юліян Сузін з небагатага шляхецкага роду. У 1840 годзе яго дачка Разалія выйшла замуж за вайсковага палкоўніка Юзафа ігнацыя Пузына (1800 -1874), і з той пары Астрамечаўская сядзіба па спадчыне перайшла да роду Пузынаў. Пасля Юзафа Ігнацыя ўладальнікам Астрамечава па спадчыне стаў яго старэйшы сын Аляксандр (1844 - 1914).

Пузыны – княжаскі род герба “Агінец” і “Брама”. Род вёў свой радавод ад Рурыкавічаў, ад Васіля Глушанка, адной веткай якога стаў род князёў Агінскіх. У Метрыцы ВКЛ паказваецца, што калі “непрыяцель узяў Смаленск і іх маёнткі”, тады кароль Сігізмунд І даў у 1516 годзе Івану Пузыну і яго сыну Васілю двор Носава ў Мельніцкім павеце.

Вядома, што да Першай Сусветнай вайны ў Астрамечава існаваў драўляны аднапавярховы дом, які належыў Сузінам і быў пабудаваны, хутчэй за ўсё, у другой палове XVIII стагоддзя.

У выніку даследванняў было высветлена, што будынак быў сямівосевы, у плане прамавугольны. Сцены складзены з моцных бярвенняў на даволі высокім падмурку.

З боку параднага ўваходу дом меў ганак на дзвюх парах калон, на якія абапіраўся трохвугольны франтон, аздоблены мастацкім арнаментам. Сцены звонку былі неатынкаваныя, аконныя рамы і аканіцы афарбаваны ў белы колер. Дом быў накрыты гладкім чатырохсхільным гонтавым дахам і акружаны вялікім пейзажным паркам, са старымі дрэвамі.

Пасля Першай Сусветнай вайны двор быў распраданы, а сядзібны дом і парк паступова разбурыліся.

З 1921 па 1939 гады ў вялікім пакоі сядзібы вялася каталіцкая служба. Прыкладна з 1953 па 1960 гады размяшчаўся сельскі клуб. Сёння на гэтым месцы засталося толькі некалькі старых ліп.