Троицкий костёл - ГУК
Троицкий костёл

   Гістарычна так склалася, што большасць архітэктурных помнікаў Беларусі не захаваліся. Вайны, рэвалюцыі, паўстання – у такіх умовах людзі імкнуліся захаваць жыцці, а не будынкі. Вось і прыходзіцца любавацца шэдэўрамі старажытнага дойлідства ў кніжках і на карцінах. Праўда, тыя ўзоры архітэктуры, што ўсё ж такі захаваліся, цяпер цэняцца і ахоўваюцца. Сярод такіх архітэктурных помнікаў не апошняе месца займае і Троіцкі касцёл, які захаваўся ў вёсцы Чарнаўчыцы, што знаходзіцца ў Брэсцкім раёне.

                                    
  Гісторыя будаўніцтва касцела. Першапачатковы храм быў закладзены Іллінічамі (валодалі Чарнаўчыцамі ў XV–XVІ стст.) яшчэ ў XV стагоддзі. Згодна «Каталога Брэсцкай епархіі» 1925 г. існуючы будынак датуецца 1583 г. (па іншых крыніцах у 1585-95 г.). За чатыры сотні гадоў храм цудам ацалеў, захаваўся амаль у першапачатковым выглядзе і з'яўляецца дзеючым. Будынак лічыцца найбольш раннім узорам барока (з элементамі готыкі і рэнесансу) і ўвасабляе сабой цэлую гістарычную эпоху.
    Касцел з'яўляецца часцінай архітэктурнай спадчыны часоў праўлення Мікалая Хрыстафора Радзівіла па мянушцы Сіротка, уладальніка Чарнаўчыц, князя і маршалка ВКЛ, сына Мікалая Радзівіла Чорнага. Пабудова Троіцкага касцёла адзначыла вяртанне Мікалая Сіроткі з паломніцтва ў Іерусалім.
   Траецкі касцёл у Чарнаўчыцах – адзін з прыкладаў абароннага храма. У Еўропе XVI стагоддзя такое арганічнае зліццё сакральнай і абарончай функцый таксама было вельмі распаўсюджаным. Як мяркуюць некаторыя даследчыкі, на галоўным фасадзе будынка архітэктар планаваў усталяваць вежу. Акрамя таго, абследаванне франтона, што праводзілася ў 2010 годзе, дапамагло выявіць яшчэ некалькі цікавых дэталяў: былі знойдзеныя дзве круглыя замураваныя байніцы для далёкага бою і дзве вертыкальныя шчылінападобныя байніцы. Усе яны вельмі добра схаваныя ад погляду з дапамогай адмысловых «ніш».
   Зрэшты, сваю абарончую функцыю касцёл так ні разу і не выканаў, застаючыся ў памяці пакаленняў як старажытнае і вельмі прыгожае культавае збудаванне.
   Такім чынам, ў 1583 (1585) годзе, на пару год раней касцёла езуітаў у Нясвіжы, князь Радзівіл Сіротка пачаў узвядзенне касцёла ў атрыманых у спадчыну ім Чарнаўчыцах. Паколькі сілы і сродкі фундатара былі засяроджанымі на галоўнай справе яго жыцця – касцёле Божага Цела, будоўля расцягнулася на 10 гадоў, і на ім адбіўся мастацкі стыль нясвіжскага ўзора, завершанага крыху раней.
   Спраектаваў касцёл манах-езуіт, якога Радзівілы выклікалі ў Чарнаўчыцы з Італіі (потым архітэктар пераехаў для працы ў Нясвіж). Інжынеры прыбылі са Швейцарыі. Сёння іх твор – аднанефны бяскупальны храм – гэта ўнікальны помнік архітэктуры рэспубліканскага значэння.
Яго даўжыня складае 30 метраў, шырыня – 15. У Беларусі захаваліся толькі адзінкавыя пабудовы такога тыпу, а на Брэстчыне гэтая і зусім адзіная. Падобны касцёл узведзены ў 1580 годзе ў горадзе Клецку і таксама дзякуючы Радзівілу Сіротку.
   У 1661 годзе смаленскі біскуп правеў рэстаўрацыю касцела і надаў яму найменне Свята-Троіцкага.
   Калі пасля паўстання 1863 года царскія ўлады пачалі зачыняць каталіцкія храмы, Троіцкі касцёл у Чарнаўчыцах стаў праваслаўнай царквой. Гэта быў 1867 год. Алтар і ўнікальны арган зламалі, а сам храм набыў візантыйскія рысы. У пачатку XX стагоддзя ён вярнуўся да каталікоў. Храм быў месцам захоўвання цудатворнага абраза Дзевы Марыі, але ў год Першай сусветнай вайны яе вывезлі ўглыб Расіі, дзе яна і была страчана.
   У час Вялікай Айчыннай вайны нямецка-фашысцкія акупанты праводзілі каля яго сцен масавыя расстрэлы. Як напамін пра гэта – абеліск, усталяваны за сценамі касцёла справа. – Немцы лічылі каталікоў партызанамі. У адплату яны прастрэлілі металічнага пеўня, якога і сёння можна ўбачыць на верхнім крыжы. Захопнікі спалілі мэблю, разбурылі інтэр'ер. У перыяд савецкай улады храм не дзейнічаў, некаторы час тут знаходзіліся бальніца, а потым музычная школа. Пасля перадачы касцёла вернікам у 2010 годзе, у ім была праведзена рэканструкцыя. У нашы дні з'яўляецца дзеючым каталіцкім храмам

   Архітэктурная апісанне касцёла. Будаўніцтва касцела адбылося ў 1583-1595 гадах (па іншых крыніцах 1585-1595 гг.) – гэта быў складаны перыяд у фарміраванні стылістычнага напрамку ў архітэктуры, што ў вядомай ступені адбілася і ў Троіцкім касцёле. Яго вывучэннем ў свой час займаліся В.А. Чантурыя, А.М. Кушнярэвіч, Т.В. Габрусь, якія мелі сваё бачанне архітэктуры касцёла, аднак многае засталося незразумелым.
    Троіцкі касцёл выкананы ў вельмі незвычайнай архітэктурнай стылістыцы. Будынак касцёла па сваіх кампазіцыйным і пластычным асаблівасцям з'яўляецца прадвеснікам новага стылю – барока, тут таксамы можна прасачыць некаторыя рысы гатычнага стылю.
  Храм аднанефны бескупальны. Мастацкая выразнасць дасягаецца значным аб'ёмам будынка, буйнамаштабнымі формамі з малым выкарыстаннем архітэктурных дэталяў. Апсіда і бакавыя фасады не пазбаўленыя ўплыву готыкі, што прасочваецца ў масіўных сценах з кантрфорсамі і вузкіх выцягнутых вокнах.

             

  Архітэктурную кампазіцыю храма складае прамавугольны зальны асноўны аб'ём (неф) і раўнавысокая з ім выцягнутая прастора паміж нефам і алтаром (прэсбітэрый). Прэсбітэрый меў дадатковую перашкоду (прадалтарная прастора – віма) і паўкруглае завяршэнне алтара (апсіда).
    Падобная планіроўка храмавай прасторы больш характэрная для будаўніцтва эпохі барока. Абедзве раўновысокія частціны касцёла аб'яднаны прафіляваным карнізам і накрыты высокім клінавидным дахам з агульным вільчыкам (т.е. каньком) і трохкутным франтонам на галоўным фасадзе (што таксама не зусім характэрна для прыёмаў готыкі).
   Новае ў структуры храма (у параўнанні з культавымі будынкамі эпохі рэфармацыі) – наяўнасць элементаў папярочнага нефа, якія на плане маюць выгляд лацінскага крыжа.

                                         
   Галоўны фасад ўключае ўваходны тамбур, які дэкараваны не шчытом, як гатычныя храмы і не барочным фігурным франтонам, а бліжэй да рэнесансу з дапамогай прамавугольных і круглых плоскіх ніш. Ён пабіты вертыкальнымі лапаткамі, паміж якімі размешчаны прамавугольныя "нішы", а таксама байніцы, круглае акно і круглая ніша. Гэты дэкор відавочна адрозніваецца ад гатычных узораў, але ён яшчэ вельмі далёкі ад ордэрнай пластыкі барока.
Археалагічныя даследванні паказалі, што чарнаўчыцкі касцёл мае гатычныя памеры цэглы і тэхніку муроўкі.
                                          
   Касцёл меў таксама і абарончае значэнне. Масіўныя сцены ўзведзены ў тэхніцы гатычнай муроўкі, іх таўшчыня складае 1,3 метра. Бакавыя фасады ўмацаваныя контрфорсамі, што з'яўляецца характэрным элементам гатычнай канструкцыі. У шчыце франтона размешчаны байніцы. (Замураваныя байніцы – тры круглыя для далёкага бою і дзве вертыкальныя, шчылінападобныя – былі выяўленыя пры абследаванні франтона з боку гарышча (чердака) ў 2010 г.). Байніцы былі добра схаваныя з вонкавага боку паміж апраўленнямі "ніш". Над шчылінападобнымі байніцамі ідзе шэраг гнёздаў, куды ўваходзілі канцы бэлек. Іншым канцом гэтыя бэлькі абапіраліся на рыгель фермы. Па іх ўкладваўся насціл для стральцоў.
    Удалося таксама ўсталяваць, што паўднёвая сакрысція (т.е цэнтральны алтар) мела дах на два пахілу з дыяганальным рабром. Магчыма, бакавыя алтары ў "трансэпце" першапачаткова планаваліся як абарончыя вежы для абароны бакавых вокнаў і вокнаў апсіды, а таксама для выхаду на гарышча. Яны маюць выразны квадрат у плане і тоўстыя сцены, роўныя падоўжным сценам. Акрамя таго, гэтыя алтары, перакрытыя цыліндрычным скляпеннем (у кірунку трансепта), вельмі цесныя і значна ніжэй, чым галоўны неф.

                           
   У алтарнай частцы пластыку кампазіцыі ўзмацняе цыліндрычная вежачка з шатровым пакрыццём і вітымі ўсходамі ўнутры, што вядуць у паддашак (яна размешчаная ў месцы злучэння паўднёвай закрыстыі з алтарнай апсідай).

                       
   Вежа мае нетрадыцыйнае размяшчэнне, але з'яўляецца характэрным элементам абарончага дойлідства. Вежа пабудавана з цэглы і атынкаваная звонку. Гэтая вежа сваім незвычайным размяшчэннем і яскрава выяўленай гатычнай стылістыкай, уласцівай абарончаму дойлідству, асабліва інтрыгавала даследчыкаў. Археолагамі-рэстаўратарамі выяўлена, што вежа часткова закрывае першапачатковае замураванае акно і карніз. А гэта азначае, што яна прыбудавана пазней, верагодна адначасова з закрыстыямі і крыламі трансепта, пра што сведчыць таксама адсутнасць перавязкі падмуркаў паміж імі і асноўным аб'ёмам.

                                                       
   У готыка-рэнесансных касцёлах папярэдняга часу да навы, пры ўваходзе, звычайна далучалі магутную шмат'ярусную вежу-званіцу, але прыбудоўвалі яе пасля асадкі асноўнага будынка, каб не было расколінаў. Так, відавочна, меркавалася зрабіць і ў чарнаўчыцкім касцёле, але пад уплывам барочнага першаўзора ў Нясвіжы ўзнікла жаданне пакінуць галоўны фасад бязвежавым. Хаця вежа для званоў на галоўным фасадзе адсутнічае, яна ўсё ж ёсць, аднак пастаўлена асобна ад касцёла.

                                             
   Вежа мае тры яруса і чатыры грані, дах выкананы ў форме шатра. Яна арганічна дапаўняе архітэктуру касцёла. Па сваёй архітэктуры яна ўнікальная. У Беларусі на той час падобных не было.
                                        
   Інтэр'ер перакрыты адзіным скляпеннем цыліндрычнай формы, па распалубкам упрыгожаны ляпнымі гравюрамі геаметрычнай формы, што з'яўляецца характэрным матывам архітэктуры рэнесансу. Аналагічны дэкор мае і скляпенне прэсбітэрыя, ствараючы непаўторнае мастацкае аздабленне.
   Сведкамі эпохі барока (XVIII ст.) выступаюць тры драўляныя скульптуры: Святы Дамінік», размешчаны ў алтары, «Святы Антоній» і «Святы Марцін», размешчаныя ў нішах галоўнага фасада.
   Чарнаўчыцкі Траецкі касцёл – адзіны ў сваім родзе ўзор нацыянальнай архітэктурнай спадчыны, які ўключае гатычныя формы, прыёмы рэнесансу і ранняга барока, традыцыі абароннага дойлідства.

   Інтэрьер. У касцёльны бабінец (т.е. прітвор) можна прайсці праз старадаўнія драўляныя дзверы. Філяры пры ўваходжанні ў храм зроблены з суцэльнага цесанага каменя.

             

             

         
   Каля алтара справа знаходзіцца абраз святога Антонія, апекуна Падуі. На руках ён трымае Дзіцятка Езуса.
                                           
   Бліжэй да цэнтра размешчаны алтар святога Яна Непомоцена, пражскага святара. (Ён быў спавядальнікам каралевы Прагі, якую муж падазраваў у здрадзе. Кароль не змог выведаць таямніцу споведзі, таму загадаў скінуць святара з моста).
   У цэнтры храма – абраз (размалёўка зробленая ў наш час) са старадаўняй разьбой. Крыж з распяццем Езусам Хрыстом датуецца XVII стагоддзем. Злева ад кафедры – абраз Маці Божай Вострабрамскай (копія), якую шануюць і каталікі, і праваслаўныя.
   На столі – ляпніна, якая ў свой час была пазалочаная, а цяпер проста пафарбаваная. Тут арлы з герба Радзівілаў. І літары: IHS – сімвал айцоў-езуітаў.
                              
Кожная эпоха пакінула тут нешта сваё. Энергетыка гэтага будынка, архітэктурныя асаблівасці – паўсюль адчуваецца старына.

   Гістарычныя знаходкі. Траецкі касцёл перажыў не адну рэканструкцыю, з часу апошняй прайшло 15 гадоў. Не абыйшлося і без унікальных знаходак. Цікавасць уяўляе выданне, надрукаванае на лацінцы ў 1938 годзе, а таксама прыхадская кніга з рэгістрацыйнымі запісамі, зробленымі святарамі Траецкага касцёла яшчэ ў 1679 - 1772 гадах. Падчас рэстаўрацыйных работ ў храме дэканам Брэсцкім Паўлам Халяўкіным былі знойдзены так званы «Шабатавы Келіх» з надпісам на іўрыце і старонкі Талмуда на іўрыце. Мабыць, падчас вайны нехта хаваў тут яўрэяў.
   Таксама ў падвальным памяшканні ім быў знойдзены старадаўні фелетрон. Абраз Маці Божай Вострабрамскай на ім захаваўся часткова і быў адноўлены пазней. Зараз ён таксама з'яўляецца часткай інтэр'еру храма.
    У той жа час айцец Павел выявіў у касцёле і слуцкія паясы (другая палова XVIII стагоддзя). Яны былі ушыты (вшіты) ў арнат з тканіны мясцовай вытворчасці, а з ім – вопратка святара з вышытым гербам роду Радзівілаў.
  Арнат – гэта літургічнае адзенне каталіцкага святара, для выпраўлення ім імшы. Гэтае царкоўнае адзенне, так званы, арнат – рэч унікальная. Па самых сціплых здагадках мастацтвазнаўцаў, ёй не менш за 250 гадоў. Але эксклюзіўнай і практычна адзінай у сваім родзе яна стала дзякуючы таму, што пашытая з сапраўднага слуцкага пояса. Нашэнне слуцкіх паясоў забаранялася і пераследвалася падчас паўстання супраць рускага імперыялізму ў 1830-31 гадах, растлумачыў святар, таму некаторыя паясы пачалі ўшываць ў арнаты, каб пазбегнуць іх знішчэння. Пошукамі гэтай рэліквіі ксёндз Павел займаўся доўгія 15 гадоў. Кажа, пра існаванне рэліквіі ведаў даўно, але ў тое, што калі-небудзь зможа яе знайсці, верылася з цяжкасцю. Мясцовыя жыхары сцвярджалі – ва ўнікальнай вопратцы пахавалі аднаго са святароў, але каштоўнасць ўсё ж адшукалася.
  У калекцыі каштоўнасцяў гэтага касцёла ёсць ёсць яшчэ адзін унікальны арнат – старадаўняе адзенне, на якім вышыты сімвалы роду Радзівілаў. Гісторыю яго з'яўлення ў Чернавцицах разгадаць яшчэ толькі трэба будзе.
   У планах ксяндза Паўла – далейшыя папаўненне калекцыі музейных рэдкасцяў і стварэнне пры касцёле невялікага музея царкоўных рэліквій.

                           

   Памятныя манеты. Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь 26 снежня 2017 года выпусціў у абарачэнне дзве памятныя манеты (сярэбраную – наміналам 20 рублёў, медна-нікелевую – наміналам 1 рубель) – "Троiцкi касцёл са званiцай. Чарнаўчыцы" серыі "Помнікі архітэктуры Беларусі"
                                                          


Архіўныя фота. Троіцкі касцел на фота 1916 года

             

                                           


БІБЛІЯГРАФІЯ:

1. Агрогородок Чернавчицы. Параскевинский храм // Православные храмы Брестского района. – Брест. - РИА: Вечерний Брест. – 2015. – С. 138-141.

2. В Чернавчицах нашли уникальный орнат: церковная одежда сшита из Слуцкого пояса. – [Электронный ресурс]. – Режим доступа : http://virtualbrest.by/news25531.php

3. Валасюк, Л. Спадчына вачыма мастака :[ Троіцкі касцёл у вёсцы Чарнаўчыцы (Брэсцкі раён); Камянецкая (Белая) вежа ў горадзе Камянец; Троіцкі касцёл у вёсцы Ішкальдзь (Баранавіцкі раён)] / Л. Валасюк // Жырандоля : літаратурны альманах. - № 3. — С. 259—262.

4. Валасюк, Л. Вачыма мастака: [пра помнiк архiтэктуры - Троiцкi касцёл у Чарнаўчыцах Брэсцкага раёна] / Л. Валасюк // Народная трыбуна. - 2004. - 7 жніўня. - С. 6.

5. Габрусь, Т. Мастерством и сердцем:[о деревянном зодчистве на Беларуси, в т.ч. церковь Параскевы Пятницы в д.Чернавчицы Брест. р-на,17в.;] // Архитектура и строительство. - 2005. - № 5. - С. 10-13.

6. Габрусь, Т. Архітэктурнай спадчыны сіроткі. – [Электронный ресурс]. – Режим доступа : http://media.catholic.by/nv/n10/art8.htm?forprint=1

7. Гармель, Е. Каждая эпоха здесь оставила след:[ история Римско-котолического костела Святой Троицы, 1583-2015гг. в д. Чернавчицы] / Елена Гармель // Заря. - 2015. - 7 марта. - С. 5.

8. Костел Святой Троицы в Чернавчицах. История, фото, видео // БрестСИТИ. Новости Официальный сайт. События, репортажи из Бреста и области . – [Электронный ресурс]. – Режим доступа : http://brestcity.com/blog/kostel-svyatoj-troicy-v-chernavchicax-istoriya-foto-video

9. Кулагін А. М. Чарнаўчыцы: Касцёл Найсвяцейшай Тройцы // Каталіцкія храмы Беларусі / А. М. Кулагін . – Мінск: Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2008. – С.366 – 367.

10. Кулагін А. М. Чарнаўчыцы: царква ў імя святой велікамучаніцы Параскевы Пятніцы // Каталіцкія храмы Беларусі / А. М. Кулагін . – Мінск: Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2007. – С. 417.

11. Кушнярэвіч А. М. Культавае дойлідства Беларусі XIII – XVI стст./ А. М. Кушнярэвіч. – Мн., 1993. – С. 105 – 106.

12. Лободенко, Г. Что построила нам Европа: [в т. ч. упомінается Чернавчицкий костел (Брестский район, 1595 г.)] // Комсомольская правда в Белоруссии. - 2007. - 20 января. - С. 12-13.

13. Макавецкая, Г. З веку ў век: [гісторыя мураванага Троіцкага касцёла ў в.Чарнаўчыцы, 1683 - 2006] Г. Макавецкая // Заря над Бугом. - 2006. - 15 апреля. - С. 6.

14. Мараськевич, Януш. Деревянное зодчество Брестской земли : [церковь д. Чернавчицы] // Деревянная архитектура северной части Еврорегиона Буг / Я. Мараськевич .- Бяла Подляска: Бяльско-подл. об-во Регионального Развития, 2006. - С. 95 - 96.

15. Мароз, В.В. Ахова помнікаў сакральнай культуры - клопат усяго грамадства Краязнаўства Берасцейшчыны: стан і перспектывы развіцця : матэрыялы "круглага стала" 12 снежня 2006 года: [на прыкладзе культ. пабудоў в. Здзітава Жабін. р-на, Чэрск, Чарнаўчыцы, Астрамечава Брэсц. р-на]. - Брэст, 2007. - С. 35-36.

16. Мороз, В. От Берестья до Бреста из века в век : [ист. г. Бреста и Брест. крепости, XIII-XXIв., вт. ч. д. Чернавчицы] / В.Мороз, В. Ежелов.- Брест: Академия, 2004. - 229 с.

17. От прадедов – в наследство: [в т. ч. об истории Чернавчиц] // Край наш Прибужский. – Брест: РИА Вечерний Брест. – 2014. – С. 17 - 18.

18. Піваварчык, С. Стэфан Пашкевіч аб "простонародном наречии" : лёс беларускага святара сярэдзіны ХІХ ст.: [Чарнаўчыцкай царквы Брэсцкага павета] // Беларускi гiстарычны зборнiк/ С. Піваварчык, Беларускае гістарычнае таварыства. -Беласток, 1999. - Вып. 11. - C. 179-185.

19. Помнікі архітэктуры: цэрквы і касцёлы: царква Параскевы Пятніцы // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Брэсцкага раёна. - Мінск : БЕЛТА, 1998. - С. 561.

20. Помнікі гісторыі і культуры: Троіцкі касцёл // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Брэсцкага раёна. - Мінск : БЕЛТА, 1998. - С. 560.

21. Помнікі гісторыі і культуры: царква Параскевы Пятніцы // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Брэсцкага раёна. - Мінск : БЕЛТА, 1998. - С. 561.

22. Рабчевская, И. Милая малая родина / И. Рабчевская// Астрамечаўскі рукапіс : Брэсцкі раённы краязнаўчы альманах / рэд. і ўклад. Аляксандр Валковіч. - № 2 (22). — Брест, 2018. - С. 94—96.

23. Ракукин, В. В Чернавчицком костеле нашли орнат из слуцкого пояса : [литургическое одеяние католического священника; возраст находки примерно 250 лет] / Владислав Ракукин // Брестская газета. - 2014. — 28 февраля. - 6 марта (№ 9). — С. 2.

24. Рольянова, В. Судьба костельных зданий на Брестчине в середине 1940-х - начале 1950-х годов Моладзь Берасцейшчыны : зб. студ. навук. прац : [в т. ч. д. Чернавчицы Брест. р-на] / В. Рольянова. -Брэст, 2002. - С. 117-120.

25. Савинчук, А. И звон колокольный летит сквозь столетия... : [история и современность церкви Параскевы Пятницы в д. Чернавчицы Брестского района] / А. Савинчук // Заря над Бугом. - 2016. — 28 июля (№ 30). — С. 14.

26. Сергачев, С. Народное зодчество Беларуси: [упомин. церковь в Здитово Жабин. р-на; винтовая лестница в костеле в Чернавчицах] / С. Сергачев // Архитектура и строительство. - 2008. - № 1 (янв.). -С. 30-33.

27. Трацевский, В. Костел Св. Троицы в Чернавчицах – оборонный храм / Владимир Трацевский // Архитектура и строительство. – 2010. – №7 (218).

28. Чарнаўчыцкі Троіцкі касцёл // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. - Т.9. - Мінск, 1999. - С. 232.

29. Чарнаўчыцкі Троіцкі касцел // Вялікае княства Літоўскае : энцыклапедыя: у 2 т. – Т. 2. Мн.: БелЭн., 2007. – С. 737 – 738.

30. Чарнаўчыцы: Троіцкі касцёл // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі: Брэсцкая вобласць. – Мінск: Беларуская савецкая энцыклапедыя. – 1984. – С. 110.

31. Чарнаўчыцы: царква Параскевы Пятніцы // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі: Брэсцкая вобласць. – Мінск: Беларуская савецкая энцыклапедыя. – 1984. – С. 111.

32. Чернавчицкая церковь Параскевы Пятницы // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. - Т. 1. - Брестская область : в 2 кн. - Минск, 2009. - Кн. 2. - С. 455.

33. Чернавчицкий Троицкий Костёл // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. - Т. 1. - Брестская область : в 2 кн. - Минск, 2009. - Кн. 2. - С. 456.

34. Чернавчицкий Троицкий Костёл // Республика Беларусь : энциклопедия: [в 7 т.]. - Т. 4. - Минск: БелЭн, 2006. – С. 520.

35. Чернавчицы: Троицкий костел // Свод памятников истории и культуры Белоруссии: Брестская область. – Минск: Белорусская советская энциклопедия. – 1990. – С. 147.

36. Чернавчицы: церковь Параскевы Пятницы // Свод памятников истории и культуры Белоруссии: Брестская область. – Минск: Белорусская советская энциклопедия. – 1990. – С. 147.