Вистычи - ГУК
Вистычи

Предлагаем вашему вниманию рассказ писательницы Тины Хуторянки (Карпеш-Печко) об истории зарождения яблоневых садов в окрестностях деревни Вистычи. Повествование удивительное, завораживающее, в нем органично сплелись и художественое видение автора и краеведческие сведения и история Беларуси.

СКАЗ ПРА ВІСТЫЧЫ

---- Калі вы хочаце пачуць сапраўдную гісторыю пра Вістычы, што знаходзяцца на Берасцейшчыне, то пакіньце ўсе свае справы і ўважліва слухайце…

Але ці так тое было, ці не? Невядома…

Бо аб гэтым не памятае нават старавечны дуб, што расце далёка ў полі за Чэрнямі. Можна сказаць, што нічога не ведае і стары воран, які жыве па трыста гадоў, бо не памятае свайго прадзеда, пры жыцці якога тое ўсё адбывалася.

У той час усе людзі хадзілі пехатою, ці ездзілі коньмі. Пра чыгунку, самалёты і машыны, а тым больш пра інтэрнэт, марылі толькі ў казках.

У тыя былінныя часы землі нашай Берасцейшчыны ўваходзілі ў склад Вялікага Княства Літоўскага, заснавальнікам якога быў Вялікі князь Міндоўг. Ён быў язычнікам, а ступіўшы на княжацкі трон, мусіў прыняць праваслаўную веру, бо праваслаўе было асноўнай ідыялогіяй княства. Пяцьдзясят гадоў пракняжыў Міндоўг. За гэты час, ён з маленькай Літвы, у якой стольным горадком быў Навагрудак, шляхам войнаў стварыў магутнае Княства Літоўскае.

-- Чым большае па памерах будзе княства, тым магутнейшая ў яго будзе дружына! -- гаварыў Міндоўг. -- А значыць любому ворагу будзе дадзены годны адпор.

Але ж, як звычайна гэта бывае, вакол княства сталі яднацца варожыя сілы, каб ісці на яго вайной. У іх стан князь паслаў сваіх лазутчыкаў.

-- Яны войска сабралі цэлую хмару! -- такую навіну тыя прынёслі з варожага боку.

-- Што ж нам рабіць?! -- задумаўся тут уладар.

Ён разумеў, што ў няроўнай схватцы можа пацярпець паражэнне. А значыць загіне справа яго рук! Знікне Княства Літоўскае, якому ён аддаў усё сваё жыццё. Ад такіх цяжкіх дум спахмурнеў Міндоўг. Прапаў сон і апетыт. Але, як людзі кажуць, “каб настала шчасце -- няшчасце дапамагло”… У адну бяссонную ноч прыйшла ў галаву князя ідэя:

-- Трэба за дапамогай звярнуцца да Тэўтонскага Ордэна!

І склікаўшы невялікі атрад дружыны, ён рушыў у заходнія землі да крыжакоў. Іхні магістр выслухаў Міндоўга і прыняў яго прапанову. З таго моманту Ордэн узяў княства пад сваё крыло, стаў яго абаронцай на цэлых дзвесці гадоў. Але крыжакі запатрабавалі ад князя -- прыняць каталіцкую веру.

-- Што ж пахрышчуся і ў каталіцтва! Абы толькі не згінула княства… -- вырашыў князь і прыняў трэцюю веру.

З той пары пачаў уваходзіць у нашыя землі каталіцызм. Скрозь сталі будавацца яго касцёлы і манастыры, якія прымушалі ліцвінаў перахрышчвацца ў каталіцтва.

Гэты гістарычны ўступ павінен знаць кожны з нас, бо толькі ведаючы гісторыю сваёй Бацькаўшчыны, мы пачынаем паважаць сябе і назавемся людзьмі.

А цяпер перайдзем да сказу пра Вістычы…

У той далёкі і сівы час, у адным прыгожым кутку Берасцейшчыны, на беразе рачулкі Лясной аблюбавалі манахі - цыстэрцыянцы сабе месца пад касцёл.

-- Тут мы пабудуем сваю святыню, а побач, з цягам часу і манастыр.

Зямля тая тады належыла шляхцічу Насуту, які ўваходзіў у герб Равіч.

Асвяціць і зацвердзіць такое рашэнне павінен быў усемагутны Папа Рымскі. Памеркавалі манахі - цыстэрцыянцы паміж сабою і вырашылі адправіць палом-нікам у Рым самага здатнага і годнага свайго брата Віса. Імя яго само гаварыла за сябе, бо ў перакладзе з латыні Віс -- значыць сіла.

Узяўшы з сабою ў спадарожнікі манаха Тыца, торбу з сухарамі і святыя паперы, Віс пехатою пайшоў у далёкі свет. Шлі браты-манахі доўга - доўга, бо дарога была неблізкаю. Начавалі дзе пападала. Часам знаходзілі прытулак у касцёлах і манастырах, а часам у сялянскіх хатках, ці ў шляхецкіх сядзібах. А калі дайшлі да Рыма, то Віс стаў дабівацца аўдыенцыі самога Папы Рымскага. Пакуль жа, нейкі час паломнікі жылі ў папстве, хадзілі па яго пышным садзе і любаваліся там хараством, створаным рукамі манахаў. А ў тым садзе раслі прыгожыя кветкі, вінаград і чырвонабокія духмяныя яблыкі.

Адзін раз у трапезнай на вячэру манахам падалі па некалькі яблыкаў. Кемлівы Віс з’еўшы іх, не выкінуў агрызкі, а дастаў з іх зярняткі.

-- Тыц! Дай мне і ты свае зярняткі. Мы занясем іх да сябе ў княства і пасадзім там у зямлю. Можа і ў нас вырастуць яблыні з такімі ж смачнымі пладамі.

-- Яны ж будуць дзічкамі… -- адказаў усхвалявана манах.

-- Не! Я чуў, што калі дзічку перасадзіць сем разоў, то яна дасць сапраўдныя плады. -- сказаўшы так, Віс закруціў усе зярняткі ў невялічкую анучку і паклаў яе на дно сваёй торбы.

Праз пару дзён Папа прыняў паломнікаў з далёкакга Вялікага Княства Літоўскага, выслухаў іх і даў дабро на святую справу:

-- Быць на вашай зямлі касцёлу і святой абіцелі! Хай звоняць яны сваімі званамі і славяць справы каталіцкай веры. А ў гонар вас абодвух смелых Віса і Тыца будучы касцёл будзе насіць назву Вістыцкага.

Абодва манахі адразу ж упалі на калені і схіліліся ў зямным паклоне. Папа, перахрысціўшы іх, благаславіў і дазволіў пацалаваць паломнікам сваю руку. Узрадаваныя манахі ўсталі з каленяў і задам падаліся з папскага пакоя. Ужо на парозе Віс асмеліўся папрасіць:

-- Ваша найпадобнасць! Дазвольце з святога саду ўзяць каліўца вінаграднай лазы, каб пасадзіць у нашым будучым садку, які мы заложым побач з касцёлам.

-- Для добрай справы нічога не шкада. Бярыце! -- адказаў Папа і распа-радзіўся, каб паломнікам выдалі некалькі чаранкоў вінаграду.

Закруціў іх Віс у мокрую анучку, паклаў у торбу пабач з зярнятамі яблыкаў і радасна сказаў:

-- Вось з гэтага мы і пачнем жыццё на роднай зямлі…

Выправіўшы ўсе свае справы, паломнікі рушылі зноўку ў далёкую дарогу назад.

Доўга ішлі. Спыняліся ля рэчак і калодзежаў, каб напіцца вады і намачыць анучку з вінаграднымі чаранкамі, бо Вісу вельмі хацелася данесці іх да роднага краю жывымі.

Святыя браты за вандроўку зтапталі не адну пару лапцяў. Цэлую вясну і яшчэ крыху лета дабіраліся манахі да Берасця. Толькі ў пачатку жніўня дайшлі яны да роднага горада, які ляжаў у той час на востраве, акружаным Бугам і Мухаўцом.

А 19 жніўня 1471 года быў асвечаны і закладзены цыстырцыянцамі першы камень у падмурак будучага Вістыцкага касцёла. Віс і Тыц непадалёку ад таго месца ўскапалі зямлю і пасадзілі ў яе зярняткі рымскіх яблык. Побач уваткнулі і чаранкі вінаграднай лазы. Праз год, усім на дзіва, прараслі тыя зярняты і сталі кволымі дрэўцамі. Прыняўся і вінаград, бо выпусціў першыя лісточкі. Віс з Тыцам клапаціліся аб пасаджаных раслінах, нібы аб малых дзецях. Сем гадоў яны ўвосень перасаджвалі маладыя яблынькі. Нарэшце дрэўцы зацвілі і далі першыя плады. Аб іх смаку ведалі толькі адны манахі.

За гэты час узняўся над зямлёй і цагляны будынак касцёла. Цэглу для яго рабілі недалёка. На тым месцы, дзе і капалі гліну. Побач з катлавінай была пабудавана самаробная печ для абпальвання вырабленых гліняных брыкетаў. Тапілі тую печ бярозавымі дровамі. Гліну ў неглыбокіх ямах людзі мясілі нагамі, затым выкладвалі ў формы і сушылі на сонцы. Калі брыкеты высыхалі, то тады іх, бы боханы хлеба, выпякалі ў печы.

Сцены будынка касцёла клаліся на раствор з вапна, куды дабаўляліся птушыныя яйкі. Разам з забудовай у гэты край прыйшлі і людзі, якія сталі сяліцца па наваколлі. Так узнікла вёска, якую назвалі Вістычы.

А ў 1678 годзе ўжо пры шляхцічу Еўстафію Тышкевічу побач з касцёлам быў закладзены і паступова пабудаваны мужчынскі манастыр манахаў - цістэрцыянцаў, якія вызначаліся прастатой і аскетызмам. У іхніх касцёлах не было ні скульптур, ні вітражоў і ні роспісаў. Затое яны вялі вялікую гаспадарку.

У Вістыцкім манастыры манахі працягвалі даўнюю справу Віса. Яны вырошчвалі і даглядалі яблынявы сад, ля якога недалёка буяў і вінаграднік. Сабранымі пладамі цыстэрцыянцы не толькі харчаваліся, але і выраблялі з іх цудоўнае віно.

Разжыўшыся, гэтыя манахі пабудавалі ў Вістычах ужо новы касцёл у стыле італьянскага барока і асвяцілі яго ў гонар святой Сафіі.

Прайшло мноства гадоў. Змяніліся свет і прырода. За гэты час абмялела вірлівая рачулка Лясная. Па нашай зямлі прайшло шмат войнаў, паўстанняў і рэвалюцый. Адна за другой змяняліся ўлады, сцягі і гербы. Даўным даўно няма сведкаў тых крывавых падзей. Згарэлі на вогнішчах усе дакументы, якія маглі бы сведчыць аб багатай гісторыі нашага краю.

Толькі адзін Выстыцкі касцёл стаіць помнікам той даўнізны. Каб ён мог гаварыць, то красамоўна апавядаў бы пра жыццё ліцвінаў, пра Касцюшкіна паўстанне, у час якога манахі - цыстэрцыянцы актыўна падтрымлівалі паўстанцаў. Касцёл змог бы гадзінамі расказваць пра Вялікае Княства Літоўскае, якое ўваходзіла тады ў склад “Жэчы Паспалітай”, пра тое, як яго народ змагаўся за сваю волю. На тэрыторыі ўсёй “Жэчы” была разгорнута партызанская вайна. Касцюшкаўцы былі амаль ужо пераможцамі, але на іх разгром быў пасланы 11-ці тысячны корпус пад кіраўніцтвам Суворава. Шквалісты агонь яго артылерыі зрабіў сваю чорную справу, і паўстанне было падаўлена. За разгром ўсхваляваных ліцвінскіх касінераў Сувораў атрымаў ад царыцы чын фельдмаршала.

А само княства, якое да гэтага праіснавала 500 гадоў, было захоплена Расіяй і “на вякі!” Так знікла з карты магутная дзяржава, Вялікія князі якой -- Вітаўт і Ягайла разбілі на Грунвальдскім полі Тэўтонскі Ордэн. А яшчэ раней, на полі Сіняй вады князі Вялікага Княства Літоўскага першымі разграмілі мангола-татар, паказаўшы рускай Маскве прыклад, што толькі аб’яднаўшыся можна перамагчы іга.

Пасля паражэння паўстання Касцюшкі, царыца Кацярына, захапіўшы Вялікае Княства Літоўскае, назвала гэты край Белай Руссю, а народ -- беларусамі. З той пары ўсе каталіцкія касцёлы сталі перабудоўвацца ў праваслаўныя царквы. Так прыйшло зноўку на нашу зямлю праваслаўе.

Па гэтай прычыне ў 1832 годзе манастыр манахаў - цыстэрцыянцаў быў зачынены. На цяперашні дзень ад яго ў Вістычах застаўся толькі будынак касцёла і паўразбураныя сцены.

А з 1866 года ў былым касцёле пачала дзейнічаць праваслаўная царква, высвечаная і названая Крыжаўзвядзенскай. Яна там існуе і да нашай пары.

А сад?! Што сталася з тым садам, што пасадзілі мноства гадоў таму назад манахі Віс і Тыц?

О! Той садок разросся! Манахі навучыліся рабіць прышчэпкі яблынь і выводзіць новыя гатункі. А жыхары наваколля сталі па іх прыкладу садзіць дрэвы яблынь на сваіх сядзібах. Таму з той далёкай даўнізны ідзе пра Вістычы слава як пра сяло - сад, дзе непадалёку ад рачулкі Лясной растуць выдатныя яблыкі і жывуць шчаслівыя людзі.

Пры Польшчы сюды прыводзілі на экскурсіі вучняў з Чэрнінскай повшэхнай школы. Дзеці цэлымі класамі, начале з настаўніцамі, ішлі пехатою, каб паглядзець на прыгажосць, створаную людскімі рукамі.

Моладзь з усёй акругі збіралася на вістычскім мосце і арганізоўвала там танцы. Хлопцы на ровэрах прывозілі туды музыканта, а шчаслівыя дзяўчаты спявалі і танчылі аж да ўсходу сонца. Маладыя хлопцы тут знаёміліся з прыгажунямі, а потым запрашалі іх на шпацыр пад старавечныя вістычскія ліпы.

О! Колькі закаханых помняць гэтыя дрэвы! Колькі яны чулі прызнанняў у любві?! Вістычы былі ў той далёкі ўжо ад нас час не толькі сялом прыгажосці, але і культурным цэнтрам, месцам спатканняў.

Ужо пры савецкай уладзе на вістычскай зямлі, памерам у 100 га, сумесна з польскімі сябрамі ў 1977 годзе быў закладзены сад “Дружба”. Гэтая падзея была прыстасавана да святкавання 60-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі. Хочацца дабавіць да таго, што вёска Скорбічы, якая знаходзіцца побач з Вістычамі, была перайменавана тады ў Дружбу.

Саду ж “Дружба” далі іменна такую назву таму, што ён павінен быў сімвалізаваць моц і непарушнасць савецка - польскага сяброўства. Адначасова такія ж сады былі закладзены ў Польшчы (Люблінскае ваявудства) і пад Луцкам на Ўкраіне. Зараз тэрыторыя Вістычскага сада састаўляе 300 га. Ён расце і працвітае на радасць усяму краю. Слава аб ім разносіцца па ўсёй нашай Беларусі і за яе межамі. Спецыялісты - садаводы ў канцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя атрымалі медаль на ВДНХ у Маскве. А яблыкі з сада пастаўляліся у Зорны гарадок для касманаўтаў, дзе жыў і працаваў наш праслаўлены касманаўт Пятро Клімук. Зямляк, бываючы ў сябе на радзіме, заўжды заязджаў пагасцяваць і ў сад “Дружбу”.

Вось такая Вістычская гісторыя. Спадабалася?! Тады дзякуйце за ўвагу.

23.07.2016

ЦІНА ХУТАРАНКА