Война и память - ГУК
Война и память

На тэрыторыі Брэсцкага раёну дыслацыраваліся 15 застаў 17-га Чырвонасцяжнага пагранічнага атрада імя Ф. дзяржынскага, які ахоўваў граніцу на працягу 182 кіламетраў уздоўж ракі Буг. 22 чэрвеня 1941 года ўсе заставы ўступілі ў бой з ворагам. На працягу доўгіх гадзін пагранічнікі стрымлівалі націск гітлераўцаў. Ніводная застава не адступіла без загаду. Большасць пагранічнікаў загінула.

Пад націскам перавышаючых сіл праціўніка савецкія часці адышлі на ўсход, а асобныя групы воінаў, якія засталіся ў акружэнні, прарываліся праз баявыя парадкі ворага да лініі фронту.

На працягу трох гадоў (з чэрвеня 1941 па жнівень 1944) нямецка-фашысцкія акупанты ажыццяўлялі на захопленай тэрыторыі Беларусі жорсткі акупацыйны рэжым, накіраваны на знішчэнне і зняволенне беларускага народа, рабаванне яго матэрыяльных і духоўных багаццяў.

З 1 верасня 1941 года Брэст і Брэсцкая вобласць увайшлі ў склад рэйхскамісарыята “Украіна” на чале з генеральным камісарам гаўляйтэрам Эрыхам Кохам.

Тэрыторыя сучаснага Брэсцкага раёна ўваходзіла ў склад трох раёнаў, вызначаных акупантамі: Брэсцкага сельскага, Дамачаўскага, Матыкальскага. Астрамечава ўваходзіла ў апошні раён. Нямецкая ўлада высока ацэньвала сельскагаспадарчы патэнцыял Матыкальскага раёна. Тут быў абсталяваны самы вялікі ў акрузе механізаваны малочны завод, дзе ўсё абсталяванне было нямецкае. Гэты завод кожны дзень перапрацоўваў да 5000 літраў малака. Падаткі ад матыкальскага раёна складалі 51000 нямецкіх марак. Астрамечаўцы прымусова здавалі сюды малако ад сваёй жывёлы.

У наваколлі Астрамечава масавы вываз насельніцтва ў Германію пачаўся ў 1943 – 1944 гг. Адбыліся 3 акцыі па мабілізацыі працоўнай сілы. У 1941 годзе ў в. астрамечава было 155 двароў, 776 жыхароў. За час вайны знішчана 12 двароў, вывезена ў Германію 14 чалавек, вярнуліся 13. 10 чалавек загінулі на фронце, 4 – у партызанах.

У раёне актыўна развівалася і дзейнічала антыфашысцкае падполле. Дакладна вядомы ўдзельнікі антыфашысцкага падполля 1941 – 1944 гг. – ураджэнцы вёскі Астрамечава: Вера Казлова, Марыя Кандрацюк, Вольга Полх, Сцяпан Полх.

Брэсцкі раён быў вызвалены ў ходзе Люблінска-Брэсцкай наступальнай баявой аперацыі, якую ажыццяўлялі войскі 1-га Беларускага фронту ў ліпені – жніўні 1944 года.

На поўначы ад Брэста вяла наступленне 130-я стралковая дывізія. Упартае супраціўленне аказалі гітлераўцы на рэках Лясная і Гражуўка. Але савецкія воіны фарсіравалі гэтыя рэкі, выйшлі да Буга.

Вялікую дапамогу воінам Чырвонай Арміі аказвалі партызаны. Да 30 ліпеня 1944 года раён быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

ЖЫХАРЫ ВЁСКІ АСТРАМЕЧАВА, ЯКІЯ ЗАГІНУЛІ ЦІ ПРАПАЛІ БЕЗ ВЕСТАК НА ФРАНТАХ ВЯЛІКАЙ АЙЧЫННАЙ ВАЙНЫ Ў 1941 – 1945 ГГ.:

Абламскі Іван Карнілавіч

Абламскі Павел Паўлавіч

Абламскі Сямён Анісімавіч

Кандрацюк Сямён Анісімавіч

Краўчук Мікалай Васільевіч

Краўчук Мікалай Ігнацьевіч

Козел Сцяпан Іванавіч

Мартынюк Сцяпан Андрэевіч

Мізерыя Іван Піліпавіч

Муляўка Мікалай Маркавіч

Панасюк Фёдар Іванавіч

Паско Іван Мікітавіч

Руцкі Іван Севасцьянавіч

Сацук Фёдар Рыгоравіч

Себялюк Фёдар Паўлавіч

Хамук Марк Іванавіч

Шыш Сяргей Карпавіч

ЗВЕСТКІ АБ НЕКАТОРЫХ ВЕТЭРАНАХ ВЯЛІКАЙ АЙЧЫННАЙ ВАЙНЫ – УРАДЖЭНЦАХ ВЁСКІ АСТРАМЕЧАВА

МІХАІЛ МІХАЙЛАВІЧ УЮН. Нарадзіўся 7 лістапада 1912 года. У 1944 годзе прызваны ў рады Савецкай Арміі. 11 кастрычніка 1944 года быў паранены. Ваяваў у Польшчы, Чэхаславакіі, Германіі. Узнагароджаны медалямі “У гонар 20-годдзя перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне”, “У гонар 25-годдзя перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне”, “У гонар 50-годдзя Савецкай Арміі”.

СЯРГЕЙ ФЁДАРАВІЧ ДАНІЛЮК. Нарадзіўся 18 сакавіка 1905 года. У 1944 годзе быў прызваны ў рады Савецкай Арміі на 1-шыБеларускі фронт. Вызваляў Польшчу. Узнагароды: “За адвагу”, “За перамогу над Германіяй”, “У гонар 20-годдзя перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне”.

ПЁТР ФЕАДОСЬЕВІЧ ЛУКАШУК. Нарадзіўся 22 жніўня 1913 года. З першых дзён вайны пайшоў дабравольцам на фронт. Ваяваў у Астрахані, Польшчы, Германіі. Узнагароды: “Ордэн Славы”, “За адвагу”, “У гонар 20-годдзя перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне”, “50 год Узброенным сілам”, “60 год Узброенным сілам”.

АКІМ ДЗЯМ’ЯНАВІЧ ПАДЗІДЗЕЙ. Нарадзіўся ў 1904 годзе. У 1944 годзе быў прызваны ў рады Савецкай Арміі. Служыў у інжынерна-тэхнічнай часці. Ваяваў у Германіі. Узнагароды: медалі “За перамогу над Германіяй”, “У гонар 20-годдзя перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне”.

СЯМЁН ДЗЯМІДАВІЧ ШЫШ. Нарадзіўся 1 лістапада 1905 года. У кастрычніку 1944 года быў прызваны ў рады Савецкай Арміі. Ваяваў на 3-м Украінскім фронце. Вызваляў Вену. Узнагароды: медалі “За вызваленне Вены”, “За баявыя заслугі”, “За перамогу над Германіяй”, “У гонар 20-годдзя перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне”.

КАНСТАНЦІН ГЕРАСІМАВІЧ ЖДАНЮК. Нарадзіўся 1 чэрвеня 1923 года. Ваяваў на 1-ым Беларускім фронце ў войсках суязі, першы бой прыняў у Польшчы на Вісле. Быў паранены, кантужаны, але працягваў змагацца. Канстанцін Герасімавіч увайшоў пераможцам у Берлін, скончыў вайну на Эльбе. Мае ўзнагароды: ордэн Айчыннай вайны, Ордэн Чырвонай Зоркі і шэраг юбілейных медалёў.

Сёння на тэрыторыі вёскі Астрамечава пражывае адзін ветэран – Жданюк Канстанцін Герасімавіч.

ПОМНІКІ І ПАМЯТНЫЯ МЯСЦІНЫ ВАЙНЫ

Брацкая магіла савецкіх воінаў знаходзіцца на заходняй ускраіне вёскі Астрамечава. У ёй пахаваны воіны, што загінулі ў ліпені 1944 года пры вызваленні ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў вёсак Астрамечава, Вельямовічы, Казловічы, Каростычы, Кашылава, Лышчыцы, Рудавец, Малыя Сухарэвічы, Страдзечы і Янава. На магіле ўстаноўлена пліта з імёнамі загінуўшых. За магілай насыпаны курган вышынёй 1,8 м.

У 1986 годзе на кургане пастаўлена стэла, аздобленая белым гранітам, якая ўвекавечвае памяць землякоў з вёсак Астрамечава, Уладычыцы, Кашылава, Рудавец, Цупрыкі, што загінулі на франтах Вялікай Айчыннай вайны. Іх імёны высвечаны на мармуровай дошцы ў падножжы стэлы.

На могілках вёскі Астрамечава знаходзіцца таксама Магіла невядомага салдата. У гады Вялікай Айчыннай вайны мясцовыя жыхары пахавалі там савецкага воіна, імя і прозвішча якога пакуль застаюцца невядомымі.