Лявонцій Ульянавіч Зданевіч нарадзіўся 10 чэрвеня 1955 года ў вёсцы Аркадзія Брэсцкага раёна Брэсцкай вобласці (з 2007 г. у межах Брэста).
У 1978 годзе скончыў Брэсцкі інжынерна-будаўнічы інстытут па спецыяльнасці “архітэктар”. Вучыўся ў А. Д. Кудзіенкі, М. М. Суцягіна, М. М. Гайдуковіча. Працаваў у інстытуце “Белдзяржпраект”, старэйшай праектнай установе Беларусі, з 1986 года – галоўны архітэктар праектаў i член Саюза архітэктараў БССР.
Творчая майстэрня архітэктара Л. У. Зданевіча была створана ў 1993 годзе. Асноўныя напрамкі дзейнасці майстэрні: праектаванне жылых і грамадскіх будынкаў, дызайн інтэр’ераў, ландшафтны дызайн, малыя архітэктурныя формы. Асаблівая тэма – індывідуальныя жылыя дамы, якія майстэрня, як правіла, распрацоўвае комплексна з участкам, унутраным і вонкавым дызайнам.
Асноўныя творчыя працы Л. У. Зданевіча: будынак пасольства Украіны ў Рэспубліцы Беларусь па вуліцы Старавіленскай, яго інтэр’еры і добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі (1995–2000); рэканструкцыя комплексу будынкаў Упраўлення Беларускай чыгункі па вуліцы Леніна, 17 (2002–2006); жылая індывідуальная забудова квартала Вялікая Сляпянка (1998–2000); забудова пасёлка Сонечны Мінскага раёна (2006–2014); рэканструкцыя будынка ў Мінску па вуліцы Сурганава, 54; індывідуальныя жылыя дамы ў Мінску і Мінскім раёне (2000).
Л. У. Зданевіч удзельнічаў у рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах, на якія прадставіў, напрыклад, праекты: Дзяржаўны музей ваеннай гісторыі Рэспублікі Беларусь (1994, сумесна з архітэктарам М. М. Піраговым), парк “Даліна смерці” мемарыяльнага комплексу “Трасцянец” (2004, сумесна з архітэктарам Д. А. Цяльцовым).
Разам са скульптарам Канстанцінам Селіханавым з’яўляецца аўтарам помніка журналісту Ігару Герменчуку (1961–2002) на Усходніх могілках г. Мінска (2004).
Вялікае дасягненне Л. У. Зданевіча – удзел у будаўніцтве Палаца Рэспублікі ў 1986–2001 гадах, за што ў складзе аўтарскага калектыву быў удастоены Дзяржаўнай прэміі Беларусі за 2004 год. Палац Рэспублікі – буйнейшы у краіне культурны і дзелавы цэнтр, яго адкрыццё адбылося 31 снежня 2001 года. Л. У. Зданевіч распрацаваў вобразнае і аб’ёмна-прасторавае вырашэнне Палаца з абаснаваннем горадабудаўнічага рашэння для канкрэтна прынятага месца прывязкі (распрацоўка эскізаў, макетаў аб’ёмнага і горадабудаўнічага рашэння розных варыянтаў).
Разам з ім працавалі архітэктары: Міхаіл Міхеевіч Пірагоў, галоўны архітэктар камплексу аб’ектаў Кастрычніцкай плошчы і кіраўнік аўтарскага калектыву, Анатоль Андрэевіч Шабалін, аўтар распрацоўкі рабочых чарцяжэй і інтэр’ераў Палаца Рэспублікі, аўтар інжэнернага блока Палаца і генеральнага плана Кастрычніцкай плошчы.
Лявонцій Ульянавіч актыўна займаецца грамадскай і палітычнай дзейнасцю. У 1990–1995 гадах быў народным дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР і Рэспублікі Беларусь ХІІ склікання. Браў удзел у выпрацоўцы і прыняцці Дэкларацыі аб дзяржаўнай незалежнасці Беларусі, а таксама ў надзвычайнай сесіі Вярхоўнага Савета 24–25 жніўня 1991 года, у ходзе якой была абвешчана незалежнасць Беларусі. У 1990-я гады быў членам Камісіі Вярхоўнага Савета РБ па пытаннях архітэктуры, будаўніцтва, вытворчасці будаўнічых матэрыялаў і жыллёва-камунальнай гаспадаркі сяла і горада, Камісіі Вярхоўнага Савета РБ па адукацыі, культуры і захаванні гістарычнай спадчыны, Камісіі па забяспячэнню адзінай палітыкі выкарыстання дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь пры Прэзідыуме Вярхоўнага Савета РБ.
З 2012 года Лявонцій Ульянавіч з’яўляецца членам Савета грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз архітэктараў”.