У далёкiм мiнулым Пячко Фёдар Клiменцьевiч — франтавiк. Ён быў удзельнiкам трох войнаў. З Вялiкай Айчыннай салдат прынёс два медалi: «За адвагу» і «За перамогу над Германiяй», а з японскай — «За перамогу над Японiяй». — Я ёсць — трыжды ўдзельнік, і двойчы — пераможца! — часам з гонарам гаварыў пра сябе стары ветэран. I сапраўды так… Палякi прызвалi яго на службу ў войска яшчэ ў 1936 годзе. Служыў у польскім горадзе Турунi ў цяжкай артылерыi. А ў вераснi 39-га фашысты напалi на Польшчу i пачалася вайна.
Праз 28 дзён уся польская армiя была акружана і здадзена ў палон Гiтлеру. Пячко Фёдар, разам з усiмi польскiмi жолнежамi, аказаўся ваеннапалонным. Пасля расфармiроўкi салдат, гітлераўцы адправiлi яго ў лагер №3«б». Так па волі лёсу Фёдар стаў вязьнем фашысцкага концлагера, дзе парадак падтрымлiваўся душагубкай, якая стаяла на лагерным пляцу ў самым цэнтры… У 45-м годзе вязень ўцёк да рускiх. Прайшоў дакладную контрразведку. Як былога палоннага з польскага войска, яго прынялі ў Савецкую армію, дзе ён быў абмундзіраваны і адразу ж адпраўлены ў штрафроту. У першым жа баі Федар атрымаў кантузiю. Аглох на левае вуха. Перамогу сустрэў у Прусii, на падыходзе да Берлiна. Калi рускiя «закончылi» Гітлера, то салдат-пераможцаў пагрузiлi ў таварныя вагоны i паслалi на Ўсход, дзе трэба было ўцiхамiрваць яшчэ i японца…
Але ж, калі лёсам было наканавана жыццё, то Пячко Фёдар адваяваў у Манджурыі i жывым, з рукамi i нагамi вярнуўся дадому. У Рассii тых, хто прайшоў вайну ад пачатку i да канца, па словах Юлii Друнiнай, засталося 3 %. А ў нашым краi, такiх як Пячко Фёдар, застаўся — 1%, а то i таго менш. На яго целе не было ран, але ў салдата было зусiм гнiлое нутро. Адразу ж пасля вайны на яго звалiлiся язва страўнiка i туберкулёз. Таму, малады мужчына часта валяўся па бальнiцах. Часам, былы салдат быў зусiм ненадзейны, i яго ўжо ў думках многiя хавалi… Але моцнае сэрца i маладосць бралi верх, i ён кожны раз выкарабкваўся з рук смерцi. Дажыў ветэран iнвалiдам Вялiкай Айчыннай вайны другой групы да 1994 года. Удзельнік трох войнаў памёр у светлую сонечную суботу перад Паскай… Галоўным крэда Фёдара Пячко была чэснасць. Сам ён нiколi не быў камунiстам, але пра яго аднавяскоўцы казалi так: "Камунiст! Сам не крадзе i нiкому не дае".
Пасля вайны, у самым пачатку калгасаў, ён быў брыгадзiрам у вёсцы Селяхi, што за Чэрнямi. І там былы франтавік не закрываў вочы на тых, хто імкнуўся пажыць за чужы кошт. Часта і ўсяк змагаўся ён з такой явай у сваёй брыгадзе. За што і не ўзлюбiлi яго Каранi да дармаўшчынкі, нават сталi пагражаць расправай. Дайшло гэтае намярэнне і да жонкi брыгадзiра.
— Пакінь ты тое брыгадзірства, — стала ўпрошваць яна мужа. — Навошта табе нажываць ворагаў?
— А што? Яны будуць красці, а я толькі несці адказнасць?! — гучна абураўся ў адказ Фёдар. Але ўсё ж такі падаў заяву на звальненне з пасады. Цяжка працаваць малады мужык не мог. Таму, па стану свайго здароўя, ён быў у калгасе то аб’ездчыкам, то вартаўніком. Было ў франтавiка паляўнiчае ружжо. Двустволка. Прыдбаўшы яе, ён уступiў у паляўнiчы калектыў. Доўгi час быў нязменным яго старшынёю. Акуратна плацiў усе членскiя ўзносы. Але нiколi не хадзiў на паляванне… Чаму? — спытаецеся вы. Бо ён, проста, не любiў забiваць…
— Мне страляніна і кроў абрыдзела яшчэ на вайне. Хочацца міра і цішыні. — гаварыў паляўнічы ў сваё апраўданне і са смехам дадаваў.
— Таму няхай усе мае зайцы жывуць і радуюцца жыццю! Часам калектыўшчыкi шчыра смяялiся са свайго старшынi:
— Яму касога прывяжы да дрэва, i ён яго не застрэлiць… Але Фёдар не крыўдзiўся на iх. А са смехам адказваў:
— Нiчога вы не разумееце! Сапраўдны паляўнiчы той, хто ахоўвае, а не той, хто знiшчае… — i ганарлiва з гумарам працягваў: — Але я адзiн раз у год выходжу паляваць на дзiка, i заўжды паспяхова.
— Ты?.. На дзiка?! Няўжо? — здзiўлялiся з гучным смехам маладыя мужыкі.
— Ну, так! Цэлы год я яго гадую… А пад каляды выпускаю з хлевушка i страляю прама ў лоб… Ён бедны, нават, i не пiкне… …Так было i ў той выпадак, аб якiм пойдзе гэтае апавяданне…
Быў далёкi час самага пачaтку шасцiдзесятых гадоў. У хатах сяла толькiтолькi з’явiлася электрычнае святло i загаманiла радыё. Стаяла марозная, перадкалядная пара… Фёдар з самага ранку застрэлiў пад свята кабанчыка, i, удзвух з жонкай, яны доўга завiхалiся ля яго тушкi. Разабраўшы яе, гаспадар перанасiў свежае мяса ў халодную, яшчэ недабудаваную палову хаты i параскладаў там на лаўках. Быў ужо зiмовы адвячорак, калi закончыўшы ўсе справы, Фёдар, нарэшце, прыйшоў з марозу ў цяпло, каб сагрэцца i адпачыць. Праз пару гадзiн, як зусiм сцямнела, узяўшы з сабою вернага, чатырохногага сябра Джэка. У польскім войску 1937 г. ён пайшоў сцерагчы калгасныя стажкi саломы. Вяртаўся адтуль заўжды апоўначы… У той вечар яго сям’я ладзiла ёлку. Cпачатку дзецi аздобiлi яе рознакаляровай электрычнай гiрляндай, а затым сталi вешаць на галінкі шкляныя блiскучыя цацкi, пернiкi i цукеркi. Гледзячы на запаленыя агнi ялiнкi, Федзька з Валяй радавалiся i спявалi разам з матуляй песню пра ёлку.
Але тут пагрукалi ў дзверы хаты. Нiчога не падазраючы, мацi паслала дачушку:
— Валя, то мусiць тата прыйшоў… Збегай адчынi.
У сенцах дзяўчынка пачула з другога боку дзвярэй цiхую мужчынскую размову, але, спадзяючыся што гэта бацька, адкiнула засаўку… У хату нахабна ўвайшлi два незнаёмцы. Перапалоханая малая кiнулася да мацi. Тая адразу ж выйшла насустрач чужакам з пытаннем:
— Што трэба? У кухнi, пад столлю гарэла электрычная лямпачка. Яна асвяцiла твары прыйшоўшых, i жанчына апазнала ў iх п’яных аднавяскоўцаў.
— Дзе твой чалавек? — запытаўся адзiн з iх, патрасаючы нажом.
— На працы… Хутка прыйдзе.
— Мы прыйшлi яго забiць…
— Як гэта забiць? За што?! — усклiкнула гаспадыня, успляснуўшы рукамі.
— Ён застрэлiў сёння маю сабаку.
— Хлопцы! Вы памыляецеся! Сёння ён быў цэлы дзень дома, бо калоў парася.
— Не! Гэта быў ён! У скуранцы з ружжом… Ён i ўсё! Бо толькi ў яго ёсць i скуранка, i двустволка… — стаў удакладняць падрабязнасцi ўсё той жа бандыт.
Патаптаўшыся з хвiлiну на месцы, мужыкi рушылi ў хату да дзвярэй, за якiмi ляжала разабраная тушка парсюка. Але жанчына апярэдзiла iх, падбегла першай i закрыла дзверы на ключ. Імгненна дастала яго з замка i паклала сабе ў кiшэню. Валя з Федзькай сядзелi на ложку, забiўшыся ў куток i траслiся ад страху. Плакаць не плакалi, але баялiся гэтых няпрошаных гасцей. Дзецi бачылi, як тыя нахабна i груба размаўлялi з матуляй, трымаючы ў руках нажы… Але маці не спужалася, а смела павяла размову:
— Хлопцы! Вы ж з нашага сяла… I такi шум паднялi… А з-за чаго?.. Хутка Новы год… Каляда… А вы псуеце нам настрой… Давайце лепей сябраваць… — i гаспадыня прапанавала бандзiтам:
— Хочаце, то пакаштуйце свежанiны… Праўда, яна ўжо ахалола… Бандзiты такой прапановай былi выбiты з агрэсiўнай каляiны i сцiшылiся. Адзiн з iх сеў ля стала i павёў гутарку пра зiму i пра пагоду…
Дзверы ў хату былi адчынены на ўсю сцежу. Зiмовы холад смела iшоў у кухню i далей па ўсім хатнім памяшканнi, але яго нiхто не адчуваў. У пакоi, дзе сядзелi перапалоханыя дзецi, свяцілася рознакаляровымi агнямi ялінка. Толькі яе прыгажосць зараз нiкога не радавала. Праз нейкi час вярнуўся дадому гаспадар. У двары, ля вугла хаты ён убачыў п’янага мужыка, якi стаяў на падстрахоўцы. Прыгледзеўся i пазнаў Пятра з суседняй вёскi.
— А ты чаго тут? — строга i здзiўлена запытаў яго Фёдар.
— Я нiчога… Гэта ўсё тыя… — адказаў заiкаючыся той.
— Хто?!
— Яны ў хаце… — кіўком галавы паказаў бандыцкі вартавы.
Былы франтавiк рашуча ступiў на ганак. Яму адразу ж кiнулiся ў вочы i расчыненыя дзверы ў кухню, i постацi няпрошаных гасцей... У сенцах, за дзвярыма вiсела яго паляўнічае ружжо. Увайшоўшы ў хату, ён адразу ж зняў яго з цвiка i, трымаючы ў руках, пераступiў парог кухнi:
—Што тут такое?! У чым справа?!
— Вось! Прыйшлi па тваю душу… Кажуць, што ты сёння забiў iхняга сабаку… — выпалiла жонка, уздыхнуўшы з палёгкай, што нарэшце дачакалася абаронцу.
— Хто?! Вось гэтыя прыйшлi па мяне?! — запытальна ўсклiкнуў былы салдат. — Дзе мае патроны?! Я iх зараз жа пастраляю самiх, нібы шалёных сабак!
I ён з ружжом кiнуўся да дзвярэй у халодную часку хаты. Там вiсеў яго патранташ, набiты паляўнiчымi патронамi. Рвануў ручку, але дзверы былi на замку… Бандзiты, убачыўшы такую адважную рашучасць гаспадара, пачалi адразу ж падавацца задам-задам ды да выхаду i праз момант выйшлi зусiм з хаты. Усхваляваны Фёдар цвёрдым крокам выйшаў за iмi ў сенцы i зачынiў дзверы на засаўку. Валя i старэйшы Федзька па-ранейшаму сядзелi ў куце на ложку i iкацелi ў нярвовых дрыжыках.
— Не бойцеся… Кладзiцеся спаць… — супакоіў іх бацька. А сам узяўся за патроны i стаў забіваць iх у двустволку. Зараджанае ружжо ён паклаў побач са сваiм ложкам на падлогу, пагасiў святло i, амаль не распранаючыся, лёг спаць. Але сон не iшоÿ. Франтавiк ляжаў з закрытымi вачыма i чакаў новага прыходу налётчыкаў. I яны прыйшлi! Позна ноччу бандзiты зноўку загрукацелi ў дзверы хаты. Фёдар устаў, абуў чобаты, накiнуў на плечы скуранку, узяў двустволку i пайшоў да дзвярэй. Адчынiў і стаў на парозе… Перад ім ля ўвахода ў хату стаялi дзве цёмныя постацi i курылi.
— Так! Першы стрэл угару! — крыкнуў салдат, наставiўшы на iх дула.— Другi на паражэнне!
I франтавiк iмгненна шчоўкнуў куркамi… Пачуўшы шчаўчок, адзiн з бандзiтаў адразу залямантаваў:
— Ратуйце! Забiваюць! — i з усiх ног постаці пабеглi з двара. Праз хвiлiну налётчыкi знiклi ў цемры… У тую ноч i ў наступныя яны больш не прыходзiлi… На другi дзень Фёдар спецыяльна паехаў у горад і зайшоў там у РАУС. Адчыніў рашуча дзверы «дзяжуркі» i для старэйшага па званню міліцыянера зрабiў вусную заяву пра начны бандыцкі налёт на яго хату…
— Каб завесці крымінальную справу, трэба ад вас пісьмовая заява. — адказаў міліцыянер і падаў для Фёдара ліст паперы і ручку. — Сядайце за стол і напішыце ўсё, як было. Былы франтавік узяў паперу, пастаяў з ёю хвіліну і паклаў назад дзяжурнаму на стол. Пасля чаго развітаўся і пайшоў да выхаду.
— Грамадзянін! Вы куды?! — крыкнуў яму ўслед службіст. Фёдар спыніўся на парозе, на хвіліну затрымаўся і, абыякава махнуўшы рукою, прамовіў:
— Ай! Я паведаміў вам. Калі што здарыцца, то я не буду лічыць сябе вінаватым… А зараз, хай сабе жывуць! — і зачыніў за сабою дзверы. Дзяжурны павінен быў сам скласці заяву, але чамусьці не зрабіў гэтага:
— Забойства ж не адбылося! І ён не спыніў франтавіка, і не пацікавіўся, чаму той не захацеў напісаць заяву… Сапраўды, а чаму? А таму, што тады яшчэ ні чытаць, ні пісаць па-руску Фёдар добра не ўмеў, а прызнацца у сваёй непісьменнасці, пасаромеўся. Хаця дома, у кожную вольную хвіліну, ён сядаў за стол і займаўся самаадукацыяй, чытаючы ўголас газету. Уся справа ў тым, што яго дзіцячыя гады прайшлі пры Польшчы.
Яшчэ будучы хлапчуком-падлеткам, ён атрымліваў адукацыю толькі на польскай мове. А зараз, без яго заявы, у РАУСе крымінальнай справе не быў дадзены рух, і на гэтым начное здарэнне з бандыцкім нападам скончылася. Пасля моцнага пахмелля заўжды прыходзіць працверажэнне. Прыйшло яно і да налётчыкаў: — Што ж гэта мы нарабілі?!
— За свае такія выбрыкі мы можам паплаціцца! — чухаючы патыліцы, меркавалі ўсе разам. — Нам тэрмінова ўсім трэба разбягацца, і хто-куды! Бандзiты разумелi, што iхнiя «жартачкi» могуць абярнуцца для iх не смехам, а горкімі слязамi. Таму, як толькі настала раніца другога дня, яны адразу ж сталi знікаць з поля зроку вяскоўцаў, нібы шчуры з патанаемага карабля… Адзiн з іх, той, што быў самы старэйшы, прыкiнўся цяжка хворым i залёг у бальнiцу. Другi, што стаяў на падстрахоўцы за вуглом, тэрмiнова адправiўся ў дадьнюю камандзiроўку. А трэцi прайдзісвет адправіўся на чыгуначны вакзал, купіў білет і на доўгія гады з’ехаў з сяла …
Так скончылася жахлівае здарэнне ў ноч перад Новым годам у хаце франтавіка. Але з таго выпадку ў яго сям’і прыжылася цвёрдая завядзёнка: Перад тым, як адчыняць дзверы, трэба спачатку запытаць: «Хто там?»
Хутаранка, Ц. Франтавік / Ціна Хутаранка // Астрамечаўскі рукапіс. – 2018. – № 2(22).