

Белыя ночы ў Брэсце
Вы ўяўляеце,
Як над Бугам
Пачынаецца плынь вясны...
Пакрываюцца вербы пухам –
Хоць на ясiк яго вазьмi.
Ну, а потым
Сады дымяцца,
Выстаўляючы белы цвет.
Моўчкi думаеш: «Пакрасавацца
Захацелi на цэлы свет».
I становiцца
Зелена-бела
На зямлi i ў вачах людскiх –
Не іначай – вясна надзела
Маскхалаты пагранпаставых.
Цвету доўга
Садам не стрэсцi,
Але нечага ж у вясны
Не хапае, пакуль у Брэсце
Не запаляцца каштаны.
Паплыве з iх
Не дым-чадзiла –
Водсвет сонечны уначы.
Дрэвы яснае-яснае дзiва
Панясуць, ля дарог iдучы.
Хоць i поўнач,
Святлiшча столькi,
Што iрдзее трава расой.
Высыпай на траву iголкi –
Знойдзеш к ранiцы да адной.
Не сустрэнеш
Цяпер заспаных.
Людна у парках, звiняць гаi.
Колькi тут маладых, каханых,
I залiвiстых, як салаўi!
Можа,
Верыць мне хто не хоча, –
Тым сюды б свой прызначыць прыезд,
Калi ў цвеце каштанаў ночы –
Ночы белыя – славiць Брэст.