

Мой горад
I
Там, на пачатку...
На зялёным узгор’i Прыбужжа,
ля пушчанскiх зялёных застаў,
Берасцея, высокi i дужы,
у зямлю першы камень паклаў.
– Каб злы дух абмiнаў гэта месца,
каб не ведаў дарогi сюды!..
I тры ночы, тры днi пад Бярэсцем
медавухаю пахлi брады.
А пасля гаманiлi сякеры
над вянцамi смалiстай сасны.
...Барада ў Берасцеi — як верас,
як дубы – ў Берасцеi сыны.
У бацьку ўсе: iм над сiлу любое –
будаваць, сталь каваць, паляваць
i пад княжай пазыунай трубою
каранастых тарпанаў сядлаць.
Толькi б хлопцы жылi у хаўрусе,
па-братэрску, як трэба, жылi...
....................................................
На мяжы той Русi, што калiсьцi
Руссю Белаю нараклi,
горад рос; у вяках ветравейных
гнаў у грунт i ўшыркi каранi
i нёс мужна iмя Берасцеi
нат у самыя трудныя днi.
II
Бугам легенды плывуць
Мiж скруткаў калючага дроту
на бугскiх сiвых берагах
нарос дзiрваном i асотам
чужынцаў няпрошаных прах,
хто у далечы дальняй ад дому
бясслаўна паклаў галаву...
Над Бугам пазвоньваюць бомы –
то Бугам легенды плывуць.
А месяц загляне ў скляпеннi,
а вецер дыхне на муры –
прачнуцца жывыя каменнi,
трывогi зямной званары.
I звонам напоўнiцца поўнач –
грымяць казематы, гудуць.
Байцы ў гiмнасцёрках зялёных
пад чырвань штандара ўстаюць.
У водблiсках грозных пажараў
iдуць цытадэллю яны.
Наперадзе iх –
камiсары
i дымныя вёрсты вайны.
Наперадзе – годы нягодаў
i дантава пекла кругi..
Няспешна i строга па водах
легенды плывуць, бы стругi, –
туды, у зялёныя плаўнi,
у тыя вякi, дзе ўгары
i сонца гарыць, нiбы праўда,
i праўда, як сонца, гарыць.
III
У квеценi новай вясны
О горад мой, святлом вясны зашклёны!
Твае гады, сабраўшыся ў вякi,
над галавой маёй лятуць сягоння,
як жураўлёў высокiх касякi.
І растаюць у марыўных туманах,
над пушчай векавой дрыгавiчоў...
Блукаю белым маем я з каштанам,
руку паклаўшы на яго плячо.
I лiпы запрашаюць нас у шаты
на чай лiцовы, зеляно-вiно,
i мiла усмiхаюцца дзяўчаты,
што выбеглi з заводскай прахадной.
– О мiлыя гарэзы! Добры вечар!
Што новага?.. Я рад, я вельмi рад... –
Каштан дзяўчатам дорыць сваю квецень
i з iх чародкай крочыць ў iнтэрнат.
Там будзе весела, па-маладому весне,
там да вiдна нiхто не ляжа спаць...
...Каб мог ты, Берасцея, уваскрэснуць,
каб мог з зямлi былiннае устаць,
хаця б здалёку песнi iх паслухаць,
зiрнуць на горад, на агнёў разлiў, –
адным бы, духам гарнец медавухi
перакулiў бы i яшчэ налiў.
I вы, героi, ўстаньце ў сiнiм дыме!
Сустрэчы з вамi кожны будзе рад.
Мы бачым вас ўсё тымi, ўсё жывымi,
Жывымi, як дзесяткi год назад.
О, як нам нестае, як неханае
вас за вясельна-хрэсьбiнным сталом!
I мы магiлы вашыя шукаем,
iмёны вашы вулiцам даём
i дзецям нашым, радасным i шумным.
Гляджу на iх, задумлiва куру
i пра сябе, у летуценнай думе,
забыўшыся, я цiха гавару:
– Расцiце, мiлыя! А ты, мой горад,
у вёснах незасмучаных квітней.
Ты мой. Твае агнi i зоры,
i радасцi твае, i нават горыч,
твой постун, горды дух – яны ўва мне.