

Салдаты Брэста
Пасля вайны прайшло нямала год.
На целе ўжо даўно залечаныя раны,
Вось толькі сэрца не загоіць мой народ,
І плачуць, голавы схіліўшы, ветэраны…
Стук метранома ў гулкай цішыні.
А мне здаецца – сэрцаў палымяных…
Пранізваюць душу да глыбіні
Усім памятныя словы Левітана.
Па закліку святога абавязку
Усталі ў поўны рост салдаты Брэста.
Для нас наказ – прастрэленыя каскі,
Радкі крывёй напісанага тэксту.
Нам да світання толькіб прастаяць…
“Да, помощь будет. Не могли нас бросить!”
А смага пачынае дапякаць,
“Піць…” – дзеці і параненыя просяць.
Абпалены, сцякаючы крывёю,
Баец да Мухаўца хацеў прабрацца.
Ды выпаў лёс адважнаму герою
Навечна тут скульптураю застацца.
Мемарыял на месцы тых баёў.
З усіх куткоў туды прыходзяць людзі,
Каб пакланіцца мужнасці сыноў,
Сказаць, што мы ніколі не забудзем.
Не маем права мы нікога з іх забыць.
Свяціць нам так, каб і за іх свяціла.
Стагоддзі гэта крэпасць будзе жыць –
Людскога духу і адвагі сіла!
Пасля вайны прайшло нямала год,
Ды кроплямі крыві на брэсцкіх ружах росы.
Сыноў з вайны чакае мой народ
І плачуць беларускія бярозы.