

Берасце
І
Дзіўна, зусім без пары
ўспыхнулі вочы прадмесцяў:
Зманлівыя ліхтары
колішняга Бярэсця…
Дзе мне яго знайсці
ў гэтых чужых будынках?
Снег, які быў аціх,
разам з лавінай тынку
вочы зацерушыў,
змусіў на ўсё забыцца…
Шолахам мёрзлых шын
жывяцца камяніцы.
Нельга было шукаць
горад, забыты ўсімі,
хай сабе сніць рака
смак адзінокіх зімаў…
Берасце – як прывід.
Нельга было вяртацца:
з холадам у крыві
ды пералікам станцый.
2.
Вечар агорне вулкі
ветрам трывожна-шумлівым.
Позіркам стрэліць мулкім
той, хто праверыць “ксіву”
ля пераходу ў сненне
дня, які мусіў адбыцца,
каб пасярод камення
вершык прарос з грыбніцы
і “ашчаслівіў” горад
звышнечаканым з’яўленнем
на тратуары чорным
стрыманага натхнення,
што станецца птушкам ежай
дні на чатыры ці болей:
словаў пакуль непазбежнасць
мне дэкларуе волю
выкінуць ці пакінуць
ці проста усе закрэсліць.
Прысмеркам вершы стынуць
у брукаваным Бресце.
3.
Голы мароз патрэсквае
На вулках, ветрам падмеценых,
вечар гуляе фрэскамі
шашак на звонкіх праплешынах.
Холадам і няўтульнасцю
я ўжо паспеў нацешыцца.
Зноўку самота сунецца
на шыю маю павесіцца
гальштукам апельсінавым
з палоскамі і анекдотамі,
груддзі мае масіраваць
кожным студзеным дотыкам.
Быццам бы я чакаў яе
з апошняй зімовай вернацю.
Неяк, знянацку злоўлены,
я ей пазычу Берасце.
Хай сабе з камяніцамі
самота паабдымаецца –
магчыма, пад іх спадніцамі
голад яе схаваецца.
4.
Без маланак і грому ліўні
спляжылі цьмяны горад:
хтось не дагледзіў пільны
ў вэрхале мокрай прасторы.
Берасце ў мораку знікла.
Шукай, не шукай – дарэмна.
Дзейнасць – бязглузды выклік
панаванню пустэльнай цемры…
Сцішылася залева.
Шэпт – і аднекуль рэха:
недзе, справа ці слева,
горад азваўся сабачым брэхам,
злосным і неўтаймоўным.
Пакіньце яго ў спакоі:
хай аблашчанае поўняй
замчышча росы загояць.