

Брэсту
Ляцелі над.Брэстам,
Як хіжыя птушкі, стагоддзі,
I руйнавалі, і спапялялі яго.
А ён пераможцам
У доўгім змаганні выходзіў
Сілай і мужнасцю
Дбайнага люду свайго.
3 мінулым нябачнаю повяззю
Ўсе мы звязаны.
У вокны даўнішняга
Мкнуся і я зазірнуць.
Вунь у святліцы
Граматыку піша Зізаній,
Каб мудрасці кшжнай
Нашчадкам адкрыць глыбіню.
Ӏпацій Пацей у келлі
Складае адозвы,
Людзей паспалітых
Жадае царквой аб’яднаць.
Ён ведае: несці дабро
Ніколі не позна,
Каб здолелі вернікі
Ӏсціну тую спазнаць.
Але, як гаворыцца,
Кожны сваю мае праўду,
Адсюль вынікаюць
Спрадвечныя войны ідэй.
Для Філіповіча
Словы Пацея, як здрада,
Якая у балота чорнае
Крыўды вядзе.
А вунь кашталян берасцейскі
Марцін Матушэвіч
Схіліўся ля свечкі
I піша ўспаміны сынам,
Ён зведаў гісторыі
Жорсткай павевы...
А тыя ўспаміны
Найперш – цяперашнім нам.
Айцы-езуіты ў школках
Дзяцей навучаюць,
Нехта з малечы калісьці
Ў чын важны пацэліць,
Бясспрэчна, што лёгка веды
Насіць за плячамі.
Прыгледжуся, бачу:
Між вучнямі –
Юны Нямцэвіч.
Спушчуся ніжэй
У прадонне былога –
Там Вітаўт у замку
Сабраў нешматлікую раць.
Ля сценаў варожая
Стала аблога,
Ды ведае князь,
Што здолее зло пакараць.
А што там яшчэ?
Адхінаю часу заслону.
Вось капішча з мноствам
Славянскіх багоў.
Пад’ехаў, ды ім пакланіўся
Здарожаны коннік.
Выйшаў вядун,
Вітаючы шчыра яго:
«Прыехаў ты, князь,
Да мяне па блаславенне.
Кароткі наш век,
Трэба годна яго пражыць.
Не ведаем нават,
Колькі важыць імгненне
Між смерцю і лёсам
На стромай мяжы.
Праз тысячу год
Забудуць нас нашы нашчадкі.
Праз тысячу год
Не знойдуць нашых касцей,
Ды мы ім пакінем
Вялікія нашы спадкі,
Дзе вольнасць і слава
На спадчыне той узрасце».
Ляцелі над Брэстам,
Як хіжыя птушкі, стагоддзі,
I руйнавалі, і спапялялі яго.
А ён пераможцам
У доўгім змаганні выходзіў
Сілай і мужнасцю
Дбайнага люду свайго.
I мы, жыхары яго сціплыя,
Будзем заўсёды
Любіць, захапляцца ім,
Самі яго будаваць.
Каб вечна квітнеў ён
У новых тысячагоддзях,
I справай, і словам, і песняй
Яго праслаўляць.